weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
15.05.2009 16:05 ,

Плакалі грошыкі

На рамонт дахаў двух жылых дамоў у вёсцы Турэц-Баяры і жылога дома ў вёсцы Дубрава летам мінулага года з раённага бюджэту было пералічана больш за 70 мільёнаў рублёў. Аплата была праведзеная, а работы па рамонце праводзіліся толькі на паперы, пакуль у справу не ўмяшаліся дзяржкантроль і пракуратура.

Пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права два гады займаць кіруючыя пасады па прыгаворы суда атрымаў былы намеснік дырэктара па жыллёвых пытаннях раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валеры Сасновіч за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое прывяло да цяжкіх наступстваў.

Да двух гадоў выпраўленчых работ прыгавораная былы інжынер па нагляду за будаўніцтвам прадпрыемства “УКБ-сельбуд” Таццяна Шыманская. Яе прызналі вінаватай у службовым падлогу. Прыгаворы ўступілі ў законную сілу.

Следства па злачынствах, якія здзейснілі Валеры Сасновіч і Таццяна Шыманская, вёў старшы следчы раённай пракуратуры Вадзім Шукрынаў. Падчас расследавання ён высветліў: 2 чэрвеня 2008 года раённая ЖКГ заключыла з мінскай прыватнай фірмай “Вагміч” два дагаворы будаўнічага падраду на рамонт даха дома №1 у Турэц-Баярах і даха дома №2 па вуліцы Францішка Скарыны ў вёсцы Дубрава. Дагаворы былі заключаныя без правядзення тэндэра сярод будаўнічых арганізацый. Заказ на работы чамусьці атрымала сталічная фірма, а не прадпрыемства Маладзечанскага раёна.

Паводле падпісаных дакументаў, “Вагміч” браў на сябе абавязкі адрамантаваць дахі гэтых жылых дамоў за месяц. Аднак ні ў чэрвені, ні ў ліпені, ні ў жніўні рамонт так і не пачаўся. А грошы на разліковы рахунак фірмы былі пералічаныя па актах прыёмкі выкананых работ і даведках аб кошце рамонтаў.

Дакументы, дакладна ведаючы, што аніякіх работ не праводзілася, падпісаў Валеры Сасновіч. Зацвердзіла іх, таксама ведаючы, што падпісвае “ліпавыя” паперы, Таццяна Шыманская, у чые службовыя абавязкі ўваходзіў нагляд за ўсімі відамі будаўніча-мантажных работ і якасцю іх выканання.

У выніку з казначэйства Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Мінскай вобласці фірма “Вагміч” атрымала 26 мільёнаў 977 тысяч 435 рублёў за быццам бы адрамантаваны дах дома ў Турэц-Баярах і 16 мільёнаў 877 тысяч 344 рублі за фіктыўны рамонт даху ў Дубраве.

Акрамя гэтага, 29 жніўня раённая ЖКГ заключае з “Вагмічам” новы дагавор на рамонт даху дома №4 у Турэц-Баярах. І тут работы праведзеныя не былі, а фірма-падрадчык зноў жа па падложных дакументах, падпісаных Сасновічам і Шыманскай, атрымала ў канцы верасня 27 мільёнаў 414 тысяч 041 рубель.

Такім чынам, злачынствы Валерыя Сасновіча прывялі да скарачэння абароту дзяржаўных грошай і нанясення прадпрыемству “Маладзечанская ЖКГ” шкоды ў асабліва буйным памеры на агульную суму 71 мільён 268 тысяч 820 рублёў. У той жа час, у матэрыялах крымінальнай справы ёсць паказанні сведкаў пра тое, што жыхары дамоў, занесеных у тытульны спіс на капітальны рамонт дахаў у 2008 годзе, скардзіліся на тое, што дахі ў іх працякаюць…

Работы па рамонце дахаў не былі праведзеныя своечасова з-за “дрэннага надвор’я, а таксама таму, што частка работнікаў фірмы “Вагміч” пайшла ў запой, і толку ад іх не ўдалося дабіцца”. Менавіта так падчас следства тлумачыў невыкананне ўмоў дагавораў заснавальнік і кіраўнік таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вагміч” Ігар Мацкевіч.

Паводле яго слоў, у 2008 годзе ў яго арганізацыі працавалі 5-6 чалавек. І намесніку дырэктара ЖКГ Валерыю Сасновічу было добра вядома, якімі сіламі будуць рамантавацца дахі. Мацкевіч адзначаў: неаднойчы казаў Сасновічу пра тое, што работы не вядуцца, аднак намеснік дырэктара ЖКГ кожны раз прасіў складаць акты прыёмкі выкананых работ і даведкі аб іх кошце. Пасля, зноў жа па просьбе Валерыя Сасновіча, кіраўнік “Вагміча” вазіў дакументы на прадпрыемства “УКБ-сельбуд”, дзе іх завярала інжынер Таццяна Шыманская.

Калі пасля праверкі дзяржкантролем за справу ўзялася пракуратура, фірма “Вагміч” хуценька адрамантавала дом №1 у Турэц-Баярах і дом на вуліцы Францішка Скарыны ў Дубраве. Грошы за рамонт дома №4 у Турэц-Баярах былі вернутыя ў бюджэт.

Мінімальнае пакаранне, прадугледжанае за злачынства, якое здзейсніў Валеры Сасновіч, – тры гады пазбаўлення волі. Столькі і прасіў дзяржаўны абвінаваўца. Але суд палічыў, што ў дадзеным выпадку ёсць падставы прымяніць 70 артыкул Крымінальнага кодэкса, які дае магчымасць прызначыць больш мяккае пакаранне, чым прадугледжанае за здзейсненае злачынства, і прыгаварыў былога намесніка дырэктара раённай ЖКГ да пяці гадоў абмежавання волі.

Ні Валеры Сасновіч, ні Таццяна Шыманская не сталі абскарджваць прыгавор.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце