weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
21.05.2009 23:40 ,

Старшыня скрыў гібель цялят

Image 85.

Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва (СВК) "Селеўцы" Уладзімір Карась прыгавораны да пазбаўлення права на працягу аднаго года і шасці месяцаў займаць кіруючыя пасады і да штрафу ў 1 мільён 750 тысяч рублёў за тое, што ў верасні 2007 года скрыў факт гібелі 12 цялят на пажары ў сельгаскааператыве.

Прыгавор суда Маладзечанскага раёна 17 мая ўступіў у законную сілу. Следства па справе, якую раённая пракуратура ўзбудзіла па артыкуле «Службовы падлог», вёў старшы следчы Вадзім Шукрынаў. Ён высветліў, што на малочнатаварнай ферме ў Селеўцах 13 верасня з-за кароткага замыкання электраправодкі адбыўся пажар. На пажары загінулі 12 цялят.
Уладзімір Карась, каб скрыць факт гібелі жывёлы, даў указанне галоўнаму бухгалтару і бухгалтару сельгаспрадпрыемства скласці падложны дакумент — справаздачу пра стан жывёлагадоўлі за студзень-верасень 2007 года ў сельгаскааператыве «Селеўцы». Дакумент дзяржаўнай справаздачнасці быў складзены без указання факта гібелі цялят.
Уладзімір Карась склаў, падпісаў і заверыў пячаткай даведку і заяву пра адсутнасць шкоды, нанесенай пажарам. Гэтыя дакументы старшыня перадаў у райаддзел міліцыі, дзе праводзілася праверка па факце пажару.
На судовым пасяджэнні абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну. Ён расказаў, што шкода, нанесеная пажарам, была нязначная, каля аднаго мільёна рублёў. Пасля здарэння на працягу некалькі дзён цяляты, якія загінулі, былі выпісаныя «заднімі» лічбамі чатыром работнікам фермы, быццам бы гэтыя работнікі выкупілі жывёлін для ўласных патрэб.
Для таго, каб не псаваць паказчыкі па жывёлагадоўлі СВК і Маладзечанскага раёна, старшыня падпісаў дзяржаўную статыстычную справаздачу, дзе пра жывёлу нічога не гаварылася. Уладзімір Карась адмаўляў, што даваў заданне бухгалтарам заносіць у дакументы заведама лжывыя звесткі. Суд не паверыў такім сцвярджэнням старшыні, бо яны не пацвердзіліся ні падчас правядзення папярэдняга расследавання, ні на судовым пасяджэнні.
Па меркаванні старшага следчага Вадзіма Шукрынава, парушаў закон старшыня «Селеўцаў», «каб паказаць сябе здольным кіраўніком, стварыць бачнасць добра пастаўленай работы і пазбегнуць пакарання кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама».
Дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пазбавіць права Уладзіміра Карася тры гады займаць кіруючыя пасады і аштрафаваць яго на 100 базавых велічынь.
Пры вынясенні пакарання суд улічыў станоўчую характарыстыку падсуднага па месцы работы, не выявіў абставінаў, якія б змякчалі альбо абцяжарвалі. Прыгавор быў вынесены па абедзвюх частках 427 артыкула Крымінальнага кодэкса «Службовы падлог».
Паўтара года былы старшыня СВК «Селеўцы» не зможа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Таксама былы кіраўнік выплаціць штраф у даход дзяржавы ў памеры 50 базавых велічынь.
Абвінавачаны не абскарджваў прыгавор, пракуратура не апратэстоўвала яго.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце