weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 3° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4253
1 долар 2.1329
100 рас.руб. 3.1894
11.09.2009 17:34 ,

Атрыбуты памяці Лапіцкаму зніклі зноў

Тры мемарыяльныя крыжы ў гонар змагара з савецкай ўладай Расціслава Лапіцкага і ахвяраў савецкіх рэпрэсій, якія 1 і 9 верасня ўсталявалі сябры вілейскай арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў” ля вёскі Красны Беражок, зніклі 10 верасня.

Крыжы былі ўстаноўленыя на тым самым месцы, дзе ад восені 2008 года стаяў валун памяці Лапіцкаму, які таксама знік у красавіку 2009-га. Вілейскі краязнаўца Аляксей Сюдак расказаў у інтэрв’ю “РГ”: два крыжы ўсталявалі 1 верасня, у дзень нараджэння Лапіцкага, адзін — 9 верасня.

На крыжах былі замацаваныя шыльды з надпісамі: “Расціслаў Лапіцкі (1928-1950)”, “Ахвярам рэпрэсій ад грамадскасці Смаргоні” і “Героям Беларусі ад Таварыства аховы помнікаў”.
Па словах Аляксея Сюдака, 10 верасня крыжоў на месцы ўжо не было. Аляксей сцвярджае, што да знікнення атрыбутаў жалобы могуць мець дачыненне старшыня Асіпавіцкага сельсавета Мікалай Гіль і старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Аляксандр Бядрыцкі.

“Пра крыжы не ведаю, пра Лапіцкага не памятаю. Ніякага дачынення да крыжоў не маю, — сказаў 11 верасня ў інтэрв’ю “РГ” старшыня Асіпавіцкага сельсавета Мікалай Гіль. — На тэрыторыі сельсавета ёсць 16 помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Помніка таварышу Лапіцкаму сярод іх няма. Можа, хто тыя крыжы і ставіў, можа, хто і знімаў. Мне гэта навошта? Адносінаў да гэтага не мае таксама старшыня нашага сельгаспрадпрыемства. Нам гэта нецікава”.

Намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Мікалай Кароткі не стаў каментаваць знікнення крыжоў.
Аляксей Сюдак не збіраецца мірыцца з другім ужо знікненнем памятных знакаў. “Мы ўсё адно будзем іх аднаўляць, ставіць новыя”, — падкрэслівае ён. Аляксей кажа, што ініцыятары ўшанавання памяці падпольнага барацьбіта з савецкай уладай не звярталіся да кіраўніцтва Вілейскага раёна за дазволам паставіць помнік.

Сюдак упэўнены, што калі чалавек расстраляны і пахаваны ля Краснага Беражка, магіла павінна бы адзначаная без усялякіх дазволаў, проста сыходзячы з меркаванняў здаровага сэнсу.

Прадстаўнік адной са структур улады Вілейшчыны, які пажадаў не называць сябе, выказаў нашаму сайту сваё бачанне праблемы:

— Калі на самой справе помнікі прыбіраюць улады, я прапанаваў бы ім не хавацца, а знайсці кампраміс з ініцыятарамі ўсталявання атрыбутаў жалобы. Лічу, што гэта — шыкоўнае рашэнне. Трэба проста запрасіць іх і сказаць: ”Шаноўныя, вы незаконна паставілі тыя крыжы і павінны самі іх прыбраць у вызначаны тэрмін.

Пасля гэтага звярніцеся за дазволам на ўстаноўку помніка афіцыйна. Мы разгледзім вашу заяву, прад’явім пэўныя архітэктурныя і іншыя патрабаванні, якія вы павінны будзеце выканаць. І няхай усё будзе па законе. Інакш, колькі вы ні будзеце іх ставіць, столькі мы будзем іх прыбіраць”. Гэта будзе па гонары і па сумленні. А цяпер адбываецца нешта абы што: адны цішком ставяць тыя крыжы, другія цішком іх здымаюць.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Даведка “РГ”. Расціслаў Лапіцкі. Сын праваслаўнага святара. Нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў Касуце ля Вілейкі. Адзін з арганізатараў падпольнага антыкамуністычнага руху сярод вучнёўскай моладзі на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948-1950 гадах. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў лесе ля вёскі Красны Беражок паблізу Вілейкі 28 кастрычніка 1950 года.

Таксама чытайце ТУТ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце