weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4235
1 долар 2.1213
100 рас.руб. 3.204
25.09.2009 13:38 ,

Гісторыя з мемарыялам Лапіцкаму дайшла да суда

Штраф да 30 базавых велічынь (1 050 000 рублёў) альбо арышт да 15 сутак могуць атрымаць сябры вілейскай арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў” за недазволенае ўладамі ўсталяванне ля вёскі Красны Беражок трох мемарыяльных крыжоў у гонар змагара з савецкім рэжымам Расціслава Лапіцкага і ахвяраў савецкіх рэпрэсій.

Міліцыя напрыканцы мінулага тыдня склала адміністрацыйны пратакол па факце несанкцыянаванага мерапрыемства. Матэрыялы перададзеныя ў суд.

Суддзя Вілейскага раёна Юры Абрамчык, які будзе разглядаць справу, 24 верасня паведаміў у інтэрв’ю “РГ”: пратакол складзены па першай частцы артыкула 12.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: “Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”.

Па словах Юрыя Абрамчыка, разгляд справы ён можа прызначыць дзесьці ў межах 1-5 кастрычніка.
Актывіст вілейскай арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў” і адзін з удзельнікаў усталявання крыжоў Уладзімір Малярчук расказаў нашаму выданню, што 15 верасня ініцыятары ўстаноўкі мемарыялу, сярод якіх ён, Аляксей Сюдак і Аляксандр Наркевіч, звярнуліся ў міліцыю з заявай, у якой назвалі знос крыжоў незаконным і папрасілі разабрацца.

Напрыканцы тыдня іх выклікаў да сябе ўчастковы міліцыянер Мікалай Мягкоў і склаў пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, які сведчыць пра тое, што незаконныя дзеянні — наадварот — былі з боку тых, хто крыжы ўсталёўваў.

Уладзімір Малярчук не згодны з абвінавачаннем. Паводле яго слоў, ніякага масавага мерапрыемства падчас ўстаноўкі помніка не было. Што тычыцца законнасці ўстаноўкі, то ніхто ж ніякага дазволу ва ўладаў не пытаецца, каб паставіць крыж на магіле памерлага сваяка.

Па меркаванні пракурора Вілейскага раёна Уладзіміра Дубоўскага, усталяванне крыжоў ля Краснага Беражка без звароту да ўладаў за дазволам — нішто іншае, як спроба прыцягнуць увагу грамадскасці.
“Калі мы хочам жыць у прававой дзяржаве, мы павінны захоўваць законы гэтай дзяржавы, — сказаў у інтэрв’ю “РГ” Уладзімір Дубоўскі. — Альбо спрабаваць змяняць гэтыя законы. Можна па-рознаму ставіцца да сітуацыі, якая склалася, але для мяне, як пракурора, відавочна адно: закона трэба прытрымлівацца”.

Пракурор таксама назваў некарэктным параўнанне акцыі ўстаноўкі крыжоў ля Краснага Беражка з усталяваннем помніка ці крыжа на магіле памерлага сваяка на могілках. Па-першае, крыжы былі ўстаноўленыя не сваякамі Лапіцкага, па-другое, не на месцы яго пахавання.

Нагадаем: крыжы ля Краснага Беражка на месцы расстрэлу Лапіцкага актывісты вілейскай арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў” устанавілі 1 і 9 верасня. 10 верасня яны зніклі (глядзіце тут). Па меркаванні актывістаў арганізацыі, па прамым указанні мясцовых уладаў.

Сяргей ЗЯНЬКО. 

 

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце