weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
06.10.2009 10:22 ,

Беларусь – страчаны рай і шанец

Фота: Александр.

Беларусь – гэта сапраўдны польскі “страчаны рай”.  Едзеш праз Беларусь добрымі і вельмі добрымі, шырокімі дарогамі. Аднолькава як на галоўных, так  і на трэцеразрадных бачныя вынікі сталага апекавання паверхняй дарог, мастоў і чыгуначных пераездаў.

_____________________________________________________________________________________

Ад рэдакцыі. Матэрыял польскага журналіста Гжэгажа Грабоўскага – погляд на Беларусь вачыма суседа. Гжэгаж Грабоўскі мае сваякоў у Вілейцы, таму тэма Беларусі для яго блізкая. Пасля апошняга прыезду ў Беларусь ён даслаў “Рэгіянальнай газеце” гэты тэкст. Мы можам прымаць або не яго высновы, заўважаць недакладнасці. Несумненна адно. Беларусь не толькі суседка Польшчы, але і, на думку аўтара, важны партнёр у сумесных праектах. Аўтар падзагалоўкаў – перакладчык.

_____________________________________________________________________________________

Аўтамабіляў – у тым ліку і цяжкавозаў – едзе значна менш, чым у Польшчы. Выклікана гэта хіба што большай адлегласцю паміж вялікімі гарадамі і адсутнасцю з’явы інстытута гандлёвых прадстаўнікоў, якія круцяцца ў нас ва ўсе бакі, намагаючыся прадаць розныя тавары і паслугі.

Увагу кіроўцаў не пераймае прыдарожная рэклама, якой нават у гарадах адносна няшмат. Аўтазапраўкі, матэлі і бары для падарожных размешчаныя на разумных, даволі працяглых адлегласцях, а фірмы і іншая нерухомасць размешчаныя як правіла на пэўнай адлегласці ад дарогі і да іх няма індывідуальных з’ездаў.

Няма таксама фотарадараў, што робіць магчымым хуткую язду ў камфортных умовах і агляд найпрыгажэйшых краявідаў. Аднак перавышэнне хуткасці 90 кіламетраў можа скончыцца вялікім штрафам, бо нешматлікія міліцэйскія патрулі (хоць і на старых міліцэйскіх машынах) патрабуюць безумоўнага выканання правілаў дарожнага руху.

Дарожная міліцыя.

Па-за галоўнымі трасамі можна таксама патрапіць на “паліцэйскіх” – бетонныя выпуклыя папярэчыны, якія вельмі эфектыўна абмяжоўваюць гоначныя схільнасці кіроўцаў ў небяспечных месцах. Дарогі адпаведна абстаўленыя знакамі, узбочыны ўтрымліваюцца вельмі добра, абкошаныя, без прыдарожных зараснікаў. У гарадах таксама на галоўных вуліцах няма ямак. У жылых раёнах, на жаль, сітуацыя нагадвае Польшчу.

Цікавым спосабам вырашэння адной праблемы з’яўляюцца бардзюры, якія высока выступаюць над узроўнем праезнай часткі і ходнікаў ці газонаў. Гэта робіць немагчымым няправільнае паркаванне і знішчэнне тратуараў ці зялёных газонаў, на чым спецыялізуюцца польскія кіроўцы.

З хамствам за рулём змагаецца таксама міліцыя, а таму па вуліцах беларускіх гарадоў можна ехаць з сапраўднай асалодай, сярод стужак дагледжаных зяленіва і кветачных клумбаў. Нашы суседзі ў большасці сваёй ездзяць на ўжываных заходніх аўто (часцей сярэдняга і высокага класа), але таксама заўважныя, асабліва ў большых гарадах, даволі многа новых заходніх аўтамабіляў вышэйшага класа.

Машын, якія вырабляліся раней і сёння ў Польшчы, амаль не відно. Як і расійскіх аўто. Нават у самых занядбаных вёсках можна ўбачыць легкавікі, што стаяць на сядзібах. А матарызацыя (у тым ліку аўтапаслугі) уяўляецца, нягледзячы на крызіс, найбольш дынамічнай галіной у жыцці беларусаў.

Але затое там не шмат хто карыстаецца роварамі (самы танны – палавіна заробку). Прычынай гэтага можа быць, апрача клімату і развітасці дарожнай камунікацыі, факт, што на Беларусі бензін і газ каштуюць на траціну менш, гума – на палову менш, а рамонт аўтамабіляў – шматкроць менш, чым у нас.

Кошт жыцця беларуса

Штодзённае жыццё беларусаў, бадай, таннейшае, чым у Польшчы. Звычайны працаўнік зарабляе толькі 120 – 150 долараў (там усё пералічваецца на USD), у той час, як у нас працаўнік атрымлівае ва “ўраджайны дзень” 300 – 400 долараў. Але кошт за жыллё (квартплата, медыі, ацяпленне, догляд) на Беларусі нашмат ніжэйшы. У невялікіх гарадах з адной зарплаты можна ўтрымліваць трохпакаёвую кватэру ў шматкватэрным доме з выгодамі і да таго ж невялікую дзялянку агарода.

Акрамя сталіцы (1,8 мільёна жыхароў), вялікіх гарадоў (300-500 тысяч) – толькі пяць. У астатніх гарадах мікрараёны шматкватэрных дамоў (часта заводскія) непасрэдна суседнічаюць з аднапавярхоўкамі, пераважна драўлянымі, якія масава будавалі ў пасляваенныя часы, адбудоўваючы краіну з вялізных ваенных разбурэнняў і карыстаючыся пры гэтым нязмернымі ляснымі рэсурсамі.

У Віцебску.

Вёскі пусцеюць.

У выніку ці не большасць беларускіх гарадоў і мястэчак нагадвае раскіданыя вёскі, для разнастайнасці аздобленыя большымі ці меншымі анклавамі высокіх камяніц з часоў Сталіна, Хрушчова і Лукашэнкі. Як пры шматкватэрных камяніцах, так і ля домікаў на адну сям’ю знаходзяцца агароды, у якіх абавязкова растуць бульба, цыбуля, капуста, агуркі, а таксама клубніцы і пад плёнкай памідоры.

Можна прашпацыраваць або пад’ехаць да найбліжэйшага лесу і назбіраць сабе кошык грыбоў ці іншага ляснога дабра, каб зрабіць больш разнастайным свой стол. Шматлікія чыстыя рэкі, рэчкі, штучныя і натуральныя азёры дазваляюць не толькі асвяжыцца пакупаўшыся, але і даюць таксама шмат цудоўнай рыбы, якую беларусы любяць гатаваць самымі рознымі спосабамі (раю вэнджанага ляшча!). Вялікая колькасць уласных, свежых прадуктаў падштурхоўвае да паўсядзённага вырабу дамашніх, здаровых прадуктаў, якімі займаюцца мясцовыя гаспадыні.

Бульба — другі хлеб беларусаў.

Беларусы такім чынам памяншаюць не толькі спажыванне некарысных прамысловых прадуктаў харчавання, але і кошты харчавання. Цэны прадуктаў у крамах вельмі блізкія да польскіх, значыць – высокія. Вышэй за польскія цэны прадаюцца, напрыклад, гароднінныя прадукты (слоік агуркоў – каля 7 зл., вялікі кетчуп – каля 5 зл.), марская рыба (вэнджаная скумбрыя – каля 17 зл.) і кансервы. Прадукты харчавання ёсць ў вялікім выбары ў дзяржаўных і прыватных крамах, а таксама на базарах. Стандарты ўпаковак і продажу такія, як і ў Польшчы.

Многія крамы аснашчаныя сканэрамі штрых-кодаў і кандыцыянерамі. Беларусь вельмі моцная ў малочных вырабах (высакаякасныя, напрыклад, тварагі – “Хутарок”), у піве (раю “Аліварыя “Залатое”), алкагольных напоях (“Чорны рыцар” – суперхіт экспарту, недаступны ў Польшчы), хлебапрадуктах, вяндліне, прэснаводнай рыбе, дарах лесу, мёдзе. Меншы выбар ў дзяржаўных мясных аддзелах, дзе, па савецкім яшчэ звычаі, узвышаецца пасечанае мяса (г.зн. не вельмі апетытныя кавалкі са свіных паўтушаў), якое трэба самому дома дзяліць на порцыі.

Аж сумуеш па польскіх мясных аддзелах, дзе можна асобна купіць грудзінку ці шыйнае з костачкай або без, на латочку ці без. А асартымент вяндліны ў нас куды больш багаты, хаця тут у магазінах таксама хапае смачнай традыцыйнай шынкі, паляндвіцы, кабаносаў [тонкія сухія вэнджаныя кілбасы – перакладчык] і кілбас (пераважна так званых сырых падсушаных – мясцовага смаку). Але на прыватным базары можна купіць прыкладна так, як і ў Польшчы.

Іншая неспадзяванка – адсутнасць памідораў высокай якасці. Тыя, што вязуць з Малдовы, малыя або спелыя толькі на паверхні. Беларускія памідоры з аранжарэй можна спаткаць толькі дзе-нідзе, таксама як і польскія таматы. І фрукты – хутчэй з-за больш суровага клімату – не з’яўляюцца моцным бокам мясцовай прадукцыі. Але затое вельмі смачны чорны хлеб, які выпякаецца тут самымі рознымі спосабамі з рознымі натуральнымі дадаткамі і ў самых розных формах.

Ад таго часу, калі нямецкія вытворцы пекарскіх дадаткаў сапсавалі нам якасць хлеба – не маем у Польшчы агульнадаступнага, таннага печыва, якое б магло параўнацца з беларускім. З іншага боку, тут вельмі небагаты выбар белага печыва, у прыватнасці, булак. Кампенсаваць недахоп можна на іншых прылаўках, дзе ляжаць ў вялікай колькасці разам з беларускімі прадуктамі прадукты вядомых у нас заходніх марак. Польскіх прадуктаў (у т.л. спіртнога) увогуле ў крамах няма.

Палякаў міла здзіўляюць смешна нізкія цэны на цыгарэты, у тым ліку ліцэнзійныя вырабы заходніх тытунёвых канцэрнаў. У прамысловых крамах пануюць тавары беларускай вытворчасці: можна апрануцца ад  ног да галавы у адзенне самай высокай якасці, боты і модныя дадаткі. Цэны блізкія да польскіх (элегантныя штаны – каля 60 зл., скураныя мужчынскія чаравікі – каля 100 зл.)

На базары.

У прыватных крамах і на базарах сустракаюцца вырабы, прывезеныя з-за мяжы, таксама і з Польшчы. Добра забяспечаныя касметычныя крамы, аптэкі, крамы будматэрыялаў і інтэр’еру. Кветкі вязуць з Галандыі і Польшчы, а іхнія цэны не заахвочваюць да купляння. Цяжка таксама мераць беларусаў і палякаў у галіне вырабу пячэння і пірожных. Няма выбару пірожных. Няма, напрыклад, макоўцаў [польскі пірог з макам – заўвага перакладчыка], разнастайных у нас дражджавых пірожных і некаторых відаў цукеркавай прадукцыі. Аднак іхнія цукеркі і шакалад знаходзяцца на найвышэйшым узроўні.

Не хлебам адзіным…

Добра забяспечаныя кнігарні (у дзяржаўных цэны хутчэй польскія высокія), якія прапануюць кнігі пераважна на беларускай мове. Кніг па польскай тэматыцы ці на польскай мове не сустрэў. У кіёсках сустракаецца затое шырокі выбар рускамоўнай прэсы (беларускай і расійскай), бо расійская мова – штодзённая мова звычайных жыхароў. Ёсць таксама газеты, выдадзеныя па-беларуску. Польскіх і заходніх – няма. Здзіўляе сціплая прапанова папулярных у нас паштовак з відамі (у малых гарадах недаступныя). Беларускія сем’і маюць дома нават па два тэлевізары: у вялікім пакоі і на кухні. Даступныя – у залежнасці ад мясцовасці – ад некалькіх да некалькіх дзесяткаў праграм, пераважна расійскіх і беларускіх.

На кніжным базары.

Карыстальнікі кабельнага тэлебачання маюць таксама шмат заходніх праграм, а калі хто наважыцца, то ўсталюе нават TVP1 [польскі тэлеканал – заўвага перакладчыка].  Аднак пра Польшчу ў мясцовым тэлебачанні амаль не гаворыцца. Дамінуе ў ім расійская мова і расійская культура. Ёсць таксама шмат мясцовай інфармацыі і з усяго свету, а таксама шмат матэрыялаў па гісторыі, культуры і гаспадарцы Беларусі. Характэрна тое, што, уязджаючы ў Польшчу, можна слухаць па радыё амаль выключна песні па-англійску ці па-польску, але якія спяваюцца не ў польскім музычным стылі, а ў Беларусі ёсць выбар. Калі хто захоча, зможа слухаць беларускія мелодыі і беларускія спевы цэлы дзень.

Падобна і з праглядам тэлебачання. Беларусы проста могуць адчуваць, што знаходзяцца ў сябе, ва ўласнай краіне. Важнасць гэтага так моцна падкрэсліваў у нас аўтар “Песні народа” Зыгмунт Глогер [польскі фалькларыст, краязнаўца, гісторык, этнограф, археолаг, даследаваў таксама землі нашага рэгіёну – заўвага перакладчыка].

Нацыянальныя адметнасці беларусаў

Здаецца, што захаванне нацыянальнай адметнасці беларусаў павінна з’яўляцца прыярытэтам дзяржаўных улад, а між тым гэта вельмі цяжкая задача, як і ў Польшчы. Напраўду, большасць людзей жыве па-вясковаму ці як у малым мястэчку. Але старэйшыя пакаленні выміраюць, і правінцыя паволі спусташаецца. Амаль ніхто не рамантуе старыя драўляныя хаткі ў вёсках і малых мястэчках. Нягледзячы на  матэрыяльную зацікаўленасць (прапанова збудаваных дзяржавай дамоў для асоб, якія будуць працаваць у сельскай гаспадарцы), моладзь жадае жыць і працаваць у вялікіх гарадах Беларусі або шукае шчасця ў Расіі і на захадзе Еўропы. Следам за гэтым наступае русіфікацыя і касмапалітызацыя маладога пакалення. Праваслаўная царква –гэта таксама, у прынцыпе, элемент расійскай культуры.  Сімпатычная вучаніца з Мінска дыктуе мне на памяць падрабязнасці біяграфіі Майкла Джэксана. Пра Сталіна не чула. Аб праваслаўных святых таксама. 82-гадовы рыбак, якога я сустрэў ля возера, пачынае спяваць польскія касцельныя песні і тлумачыць, што на самой справе ён праваслаўны беларус, але ўсё жыццё хадзіў з жонкай–полькай да касцёла і ведае ўсе абрады на памяць. Жонка, – кажа стары, – цудоўна гаворыць па-польску, але сын, што сядзіць побач з вудай, – ужо не. Беларусы, беларусы напалову, местные – “тутэйшыя”.  Сустракаў шмат падобных людзей, дзецям і ўнукам якіх цяжка адназначна акрэсліць, кім яны ёсць: “Дзед служыў у Войску Польскім, яго брат абараняў Маскву ў шэрагах Чырвонай Арміі, а я – беларус”. Толькі дырэктар мясцовай філіі банка – з тыпова польскімі імем і прозвішчам – усміхаецца ў адказ на пытанне пра карані і адначасова сцвярджае, што польскай мовы ўжо не ведае і адчувае сябе беларусам. Ну што ж, або гэта шчырая праўда, або становішча абавязвае.

Беларускія балельшчыкі.

Трэцяга ліпеня Рэспубліка Беларусь гучна святкавала свой Дзень Незалежнасці, або вызваленне краіны ў 1944 годзе ад нямецкай акупацыі. Чырвоныя сцягі і транспаранты, чырвоныя зоркі, савецкія мундзіры беларускіх ветэранаў. І народныя сярмягі, саламяныя капелюшы і танцы ў скокі паказальных калектываў. Прымусовыя дэманстрацыі (па спісе) і добраахвотныя фэсты з феерверкамі ва ўсіх раёнах. “Мы – беларусы – любім Беларусь, нашу Бацькаўшчыну – ганарымся нашай гісторыяй і дасягненнямі сённяшняга дня” – гэта лозунгі і прапагандысцкія воклічы на урачыстасцях, якія рыхтаваліся некалькі дзён. Былі добра адрэжысіраваныя, сапраўды краналі сэрца і абуджалі часам нечуваныя апладысменты сабранага народа. А між тым перад усімі ўваходамі ў канцэртную залу ў Віцебску стаялі электронныя брамкі і правяралі кожнага, хто ўваходзіў на ўрачыстае пасяджэнне. На всякій случай. На ўсялякі выпадак.

3 ліпеня ў Мінску.

Аднак здаецца, што цяперашняя ўлада прымаецца ўсімі жыхарамі Беларусі, і нават на свой спосаб шанавання. Урэшце гарантуе спакой, гаспадарчую стабілізацыю і парадак на вуліцах. Ніхто тут не зачыняе і не аддае ў чужыя рукі прыбытковыя прадпрыемствы. Калі крытыкуецца, то хутчэй за тое, што беларусы не могуць дачакацца лепшых заробкаў. Звычайныя людзі распавядаюць у прыватных размовах, што замежныя ацэнкі наконт цяжкай сітуацыі жыхароў Беларусі значна перабольшаныя. Так, з’явілася беспрацоўе, але можна засноўваць прыватныя сямейныя фірмы, дзяржава заахвочвае аднаўляць прыватныя сельскія гаспадаркі. Хто хоча, можа браць зямлю і гаспадарыць.

Беларус і рэлігія

Таксама спавяданне праваслаўнай ці каталіцкай веры ўжо колькі гадоў адбываецца без перашкод. Адчыненыя храмы, праходзяць службы, пастаянна прадаюцца рэлігійныя літаратура і прэса. У дамах беларусаў і палякаў вісяць іконы і святыя абразы. Едучы праз Беларусь, можна бачыць адноўленыя польскія касцёлы і цэрквы, а рэстаўрацыйныя работы можна заўважыць многа дзе. У пачатку ліпеня на касцельнае свята ў Будслаў – старую бернардынскую парафію, адноўленую да жыцця ў 1997 годзе, – прыйшло каля 50 тысяч пілігрымаў-каталікоў з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Літвы і іншых краін Еўропы. З нагоды 65-й гадавіны атрымання незалежнасці па беларускім тэлебачанні выступіў мітрапаліт мінска-магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліваючы повязь касцёла з усім беларускім народам.

У Будславе 1 ліпеня 2009 года.

Праваслаўная царква.

Звычайная выява: Антоні Дзям’янка, біскуп-памочнік мінска-магілёўскай архідыяцэзіі і адначасова сакратар Канферэнцыі біскупаў Беларусі, хрысціць дзяцей у час нядзельнай імшы ў адным з правінцыйных мястэчак. Мясцовы касцёл быў зачынены каля 50 гадоў, а цяпер цудоўны інтэр’ер напоўнены вернікамі. Хрышчэнне праходзіць на беларускай мове – таму што бацькі беларусы, але літургія, пропаведзі і песні – на польскай. Такая “польская сума” – галоўная, урачыстая нядзельная і святочная імша. З ахвотай у іх удзельнічаюць таксама беларусы і ўвесь касцёл  напаўняецца польскімі меладычнымі малітвамі.

На пытанне пра праблемы каталіцкай грамадскасці ў Беларусі біскуп адказвае, што няма перашкод для служэння касцёла ў правінцыі, у той час у вялікіх гарадах новыя інвестыцыі рэалізуюцца з пэўнымі цяжкасцямі. Так як гэта было да нядаўняга часу ў Польшчы, грувасткія працэдуры размяшчэння новых бажніц у гарадскіх раёнах, а таксама адсутнасць дастатковых рэсурсаў. Вострай праблемай з’яўляецца таксама недастатковая колькасць прэсы і літаратуры на польскай мове. Польскія старонкі ў беларускамоўных “Каталіцкіх навінах” (бюлетэнь архідыяцэзіі) не ў стане задаволіць патрэбу ў навінах пра Польшчу, палякаў і польскасць, сапраўднага попыту на польскае друкаванае слова. Закончыўшы праверку заканчэння прац унутры новай, вялікай плябаніі, біскуп Дзям’янка ад’язджае ў Мінск на аўто “Шкода-Актавія”. А на наступны дзень можна бачыць на адной з галоўных вуліц Віцебска навюткі комплекс будынкаў парафіі Езуса Міласэрнага – вынік карпатлівай працы касцёла і, як бы тое ні было, рэлігійнай талерантнасці дзяржаўных улад.

Чаму на Беларусь трэба вяртацца?

З гэтага пункту гледжання смутны выгляд уяўляюць польскія могілкі. У адным з мястэчак наведваю забытае Рэччу Паспалітай месца пахавання паліцэйскіх і жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі ў 1919-1920 гадах. Міжваенныя надпісы на цэнтральных абелісках выказваюць захапленне абаронцам Айчыны і ўдзячнасць за іх смяротныя ахвяры. Лес сталёвых крыжоў паядае аднак іржа, а магілы зарастаюць кустоўем і правальваюцца ў зямлю. У тым самым горадзе, на іншых могілках, бачу старанна дагледжаныя брацкія магілы пехацінцаў і казакоў царскай арміі, якія загінулі ў баях з немцамі ў час Першай сусветнай вайны. “Слава казакам!” – абвяшчае надпіс на новым абеліску, а над кожнай магілай стаяць новыя, праваслаўныя крыжы. На адны з польскіх вясковых могілак, на якіх побач ляжаць землеўладальнікі, маршалкі соймікаў, лекары, ксяндзы і сяляне, – уваходжу з вялікай цяжкасцю. На вяршыні галоўнага пагорка на пагосце стаіць стары драўляны крыж. Навокал – сапраўдныя джунглі. “Дзе Польшча? Дзе палякі?” – нема плачуць пакінутыя магілы.

І здаецца, што палякі павінны сюды як найхутчэй вярнуцца. Не толькі дзеля таго, каб ратаваць могілкі, палацы і сядзібы – галоўнае, разам з касцёламі і касцельнымі спевамі, у памяць аб сваёй шматвекавой прысутнасці на Крэсах, – але таксама дзеля таго, каб наладзіць эканамічнае супрацоўніцтва і атрымаць доступ да вялікага беларускага рынку збыту. Будаўніцтва, аўтамабілебудаванне, сельская гаспадарка і перапрацоўка сельгаспрадукцыі, перапрацоўка драўніны, вытворчасць мэблі, турызм і агратурызм, паляванне і рыбалоўства – гэта галіны, якія аж клічуць да супрацоўніцтва. Хаця б тэрмамадэрнізацыя неатынкаваных будынкаў і замена шыферных у бальшыні дахаў, гэта вялізны патэнцыйны фронт працы у Беларусі. І такіх тэм значна больш, пра што сведчаць хаця б запыты-прапановы беларускіх фірм, апублікаваныя на старонцы Дэпартамента садзейнічання гандлю і інвестыцый амбасады Польшчы ў Мінску (http://minsk.trade.gov.pl/pl/Ofertywsp). Эканамічнае супрацоўніцтва, гэта без сумневу найлепшы спосаб дапамагчы жыхарам Беларусі, а таксама адначасова палякам і Польшчы.

Гжэгаж ГРАБОЎСКІ, Польшча.

Даведка “РГ”. Гжэгаж Грабоўскі. Нарадзіўся і жыве ў Лодзі (цэнтральная Польшча). Скончыў факультэт гісторыі Лодзінскага ўніверсітэта і паслядымломнае журналісцкае навучанне у Вышэйшай школе грамадскай і медыя культуры ў Торуні. Публікуецца ў польскай прэсе, а таксама на незалежных інтэрнэт-парталах.

Пераклад рэдакцыі “РГ”.

Фота Bymedia.net

Арыгінальны тэкст аўтара можна прачытаць тут.

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце