weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4136
1 долар 2.1204
100 рас.руб. 3.2021
09.10.2009 14:03 ,

Майстар агітацыйнага танца з Івянца

Іосіфа Ляшчынскага можна назваць легендай валожынскага харэаграфічнага мастацтва. Майстар ад 7 гадоў займаўся танцамі. На працягу доўгіх гадоў кіраваў івянецкім агітацыйна-харэаграфічным ансамблем “Журавінка”.

29 верасня, напярэдадні Дня работнікаў культуры, Іосіф Валяр’янавіч адзначыў свой 85-ы дзень нараджэння. Івянец – малая радзіма Іосіфа Ляшчынскага. Тут ён нарадзіўся, жыў, працаваў, выйшаў на пенсію і перадаў свой вопыт і талент маладому пакаленню.

Мы пагутарылі з майстрам у яго доме ў Івянцы 5 кастрычніка. “Першым маім настаўнікам танцаў быў вядомы польскі педагог Уладзімір Аскерка, – расказвае Іосіф Валяр’янавіч. – Перад вайной ён працаваў у Варшаве ў оперным тэатры. Пасля пераехаў у Івянец. У нашай школе выкладаў матэматыку. Але творчасці не кінуў. З нас, сямігадовых вучняў, сабраў харэаграфічны калектыў. Мы танцавалі класічныя танцы”.
Народныя ж танцы Іосіф Ляшчынскі стаў вывучаць самастойна. Расказвае, што ездзіў па вёсках, глядзеў, як танчаць бабулі. Прасіў іх паказаць характэрныя рухі.

У 1957 годзе Іосіф Ляшчынскі заняў пасаду дырэктара Івянецкага Дома  культуры. Пры ім стварыў танцавальны калектыў, а ў 1961 годзе на базе гэтага ж калектыву была створаная агітацыйна-харэаграфічная брыгада “Залаты колас”. У час стварэння і станаўлення калектыву яго кіраўнік плённа супрацоўнічаў з вядомымі ў Беларусі і за яе межамі дзеячамі музычнай культуры.

У 1967 годзе Іосіфу Ляшчынскаму было прысвоенае ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР. У 1974 годзе агітацыйна-харэаграфічная брыгада “Залаты колас” змяніла назву і пачала называцца агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка”, і ўжо праз год ансамбль атрымаў званне “народны”.
“Журавінка” пад кіраўніцтвам Ляшчынскага набыла шырокую вядомасць у Беларусі, неаднаразова выступала і за яе межамі – у Польшчы, Грузіі, Украіне, Літве, два разы на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Не пералічыць прызоў і ўзнагарод, якія ансамбль атрымаў падчас сваіх выступленняў.
“Танец – адлюстраванне нашага жыцця, – кажа Іосіф Ляшчынскі, – праз яго мы паказвалі тое, што адбывалася ў грамадстве ў розныя часы. Пры Хрушчове, напрыклад, гэта – мяса, малако, кукуруза, даяркі з бітонамі. Агітуючы людзей, мы зноў жа праз танец выкрывалі нейкія недахопы, крытыкавалі лайдакоў і прайдзісветаў”.

Перабудова і развал Савецкага Саюза, па словах майстра, не ўнеслі асаблівых змяненняў у жыццё творчага калектыву: народ жа застаўся тым самым, і людзі тыя самыя, нягледзячы на нейкія палітычныя змяненні.
Начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенці Адамовіч расказаў нашаму выданню, што і сёння кіраўніцтва культуры раёна прынцыпова пакінула агітацыйны накірунак у творчасці “Журавінкі”.

Вікенці Адамовіч упэўнены: і ў наш часы ёсць пра што сказаць сродкамі мастацтва. Калектыў, у якім цяпер не толькі харэаграфія, але і вакал, і драматычныя элементы, у адной са сваіх пастановак агітуе, напрыклад, за прадукцыю Валожынскага масласырзавода. Не ў баку і агітацыя за беларускія традыцыі, беларускую мову, беларускую культуру, трапны і шчыры беларускі гумар.

Добрыя традыцыі “Журавінкі” падтрымліваюцца. “Галоўнае, што Іосіф Валяр’янавіч Ляшчынскі выхаваў вялікую плеяду людзей, якія памятаюць свайго настаўніка. Хтосьці з іх працягвае працаваць у сферы культуры, хтосьці – не, але тыя часы, калі займаліся ў майстра танцамі, гэтыя людзі заўсёды будуць успамінаць з удзячнасцю”, – сказаў Вікенці Адамовіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота аўтара.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце