weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 16° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
12.10.2009 09:21 , AЎТАР(Ы): Сяргей ЗЯНЬКО

Гаспадар “Сітраэна” дабіўся справядлівасці

Таварыства абароны спажыўцоў дапамагло гаспадару аўтамабіля "Сітраэн-Джампер" скасаваць дагавор з аўтарамонтнай фірмай па ўстаноўцы на "Сітраэне" абсталявання для работы на газе.

Умовы дагавора па віне фірмы не былі выкананыя, паслугі аказаныя няякасна.

Дзякуючы звароту ў таварыства, спажывец не толькі вярнуў свае грошы назад, але і атрымаў кампенсацыю. Пра гэта паведаміў «РГ» адвакат Рыгор Валчок, які абараняў інтарэсы спажыўца.

Сваю машыну Юры Машко перадаў спецыялістам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Натол» 22 мая 2008 года. Згодна з дагаворам кліента з «Натолам», фірма абавязалася пераабсталяваць аўтамабіль для работы на звадкаваных вуглевадародных газах.

Кошт работ склаў 1 мільён 866 тысяч 200 рублёў. Грошы заказчык аплаціў, работу аўтамабіля праверылі, быў падпісаны акт прыёмкі, і Юры забраў сваю машыну. Фірма гарантавала якасць работы ўстаноўленага абсталявання на працягу 12 месяцаў. Аднак ужо праз два дні заказчык заўважыў дэфекты ў рабоце абсталявання. Падрадчык другі раз прыняў машыну ў рамонт і паабяцаў ліквідаваць недахопы.

25 мая на «Сітраэн» паставілі іншае абсталяванне, больш дарагое, і спажывец вымушаны быў даплаціць яшчэ 400 тысяч рублёў.

26 мая машына перастала заводзіцца. Юры зноў звярнуўся ў «Натол». Прадстаўнік фірмы заявіў, што гаспадар павінны заплаціць яшчэ 33 тысячы рублёў за дыягностыку і замяніць каробку запальвання. Але пасля замены каробкі машына зноў не завялася.

Тады спажывец патрабаваў ад падрадчыка скасаваць дагавор і папрасіў вярнуць заплачаныя грошы. Прадстаўнік фірмы адмовіўся гэта зрабіць, і Юры звярнуўся ў Маладзечанскае таварыства абароны спажыўцоў.

Пасля звароту інтарэсы Юрыя Машко пачаў абараняць юрыст таварыства Рыгор Валчок.

Экспертызу ўстаноўкі абсталявання правёў незалежны эксперт. Ён устанавіў: работы па ўстаноўцы газабалоннага абсталявання былі выкананыя з парушэннямі; абсталяванне было сабранае з камплектуючых дэталяў розных вытворцаў; устаноўку праводзілі спецыялісты, якія не валодаюць спецыяльнымі навыкамі і неабходным дазволам на мантаж такога абсталявання.

Рыгор Валчок у інтарэсах спажыўца Юрыя Машко склаў і накіраваў у суд іскавую заяву аб скасаванні дагавора і кампенсацыі шкоды, у якой прасіў: спагнаць з ТАА «Натол» на карысць Юрыя Машко нанесеную шкоду, скасаваўшы пры гэтым дагавор на ўстаноўку абсталявання, спагнаць кампенсацыю маральнага ўрону і расходаў на правядзенне аўтатэхнічнага даследавання, а таксама спагнаць у даход дзяржавы штраф. Заяву падпісаў старшыня Маладзечанскага таварыства абароны спажыўцоў Уладзімір Клешч.

Разгледзеўшы грамадзянскую справу, суд прыняў рашэнне:

1. Скасаваць дагавор ад 22 мая 2008 года паміж ТАА «Натол» і Юрыем Машко.

2. Спагнаць з ТАА «Натол» на карысць Юрыя Машко 2 мільёны 299 тысяч 200 рублёў як грошы, што былі перададзеныя па дагаворы, а таксама 223 тысячы рублёў, перададзеныя за работы па дэмантажы абсталявання, абавязаўшы Машко вярнуць «Натолу» абсталяванне.

3. Спагнаць з ТАА «Натол» на карысць Юрыя Машко агульную суму ў 1 мільён 977 тысяч 790 рублёў як кампенсацыю страт, маральнай шкоды і як працэнты за карыстанне «Натолам» грашамі спажыўца.

4. Спагнаць з ТАА «Натол» у даход мясцовага бюджэту 3 мільёны 199 тысяч 990 рублёў, з якіх 319 тысяч 999 рублёў пералічыць на рахунак Маладзечанскага таварыства аховы спажыўцоў.

Рашэнне суда ў красавіку 2009 года ўступіла ў законную сілу.

Старшыня Маладзечанскага таварыства абароны спажыўцоў Уладзімір Клешч паведаміў «РГ», што толькі за 2008 год у таварыства па дапамогу звярнуліся 237 чалавек. Гэтым людзям за няякасны тавар альбо паслугу было вернута 200 мільёнаў 646 тысяч рублёў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце