weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
12.10.2009 09:14 , AЎТАР(Ы): Сяргей ЗЯНЬКО

Хачу ганарыцца сваёй краінай

Да жыхаркі горада Валянціны Травінай у сярэдзіне лістапада прыехала ў госці сяброўка з Азербайджана Фаціма. Валянціне вельмі хацелася паказаць Фаціме свой горад. На жаль, акрамя прыемных уражанняў ад Маладзечна, усходняя госця павезла дамоў горкі асадак ад зносін з нашымі таксістамі і прадаўцамі...

Сем’і жанчын пры Савецкім Саюзе жылі разам у Азербайджане, у ваенным гарадку. Іх мужы былі ваеннымі. Сяброўкі не бачыліся 17 гадоў. І вось сёлетняй восенню Фаціма прыехала ў госці да Валянціны з далёкага Азербайджана ўжо ў іншую краіну.

«Першае, з чым мы сутыкнуліся на маладзечанскім вакзале, расказвае Валянціна Травіна, — з няўважлівасцю таксістаў і бруднай машынай, на якой нас павезлі. Вадзіцель быў нейкі ўзлахмачаны, выгляд у яго — жудасны. У другім выпадку, калі мы выклікалі таксі, шафёр нават не дапамог нам паставіць у багажнік рэчы».

Валянціна абураецца: няўжо мы не маем права на культуру абслугоўвання ў таксі? Няўжо старэнькія «Жыгулі», на якіх у свеце ніхто даўно не ездзіць, нельга замяніць на сучасныя прыгожыя аўтамабілі? Ці не павінны вадзіцелі апранаць чыстую ўніформу, быць акуратна прычэсанымі і з пахам добрай парфумы?

Яшчэ дзве непрыемныя гісторыі здарыліся з маладзечанкай і яе сяброўкай у адным з універсальных магазінаў горада і ў прыватным магазіне па продажы адзення. У абодвух выпадках пакупніц сустракалі высакамерна і непаважліва. Госця з Азербайджана хацела купіць што-небудзь з беларускай парфумы, але ёй так і не здолелі нічога прапанаваць. Прыйшлося купляць расійскія духі.

Купіла таксама фен беларускай вытворчасці. На просьбу даць для пакупкі які-небудзь пакецік, ёй адказалі, што пакеты таксама каштуюць грошай. Азербайджанцы гэта было дзіўна: у яе на радзіме, каб скласці пакупкі, нават чамаданчык бясплатна могуць даць. У прыватным магазіне адзення Фаціма купляла два касцюмы — для сябе і для дачкі. Замежная госця, прывыкшая да ўважлівых адносін прадаўцоў, папрасіла за дзве пакупкі скідку. А ў адказ пачула: каб вы купілі пяць касцюмаў, можна было б казаць пра скідку. За два скідкі не будзе.

Фаціма сказала: пайшлі адсюль, Валя, тут вельмі злыя прадаўцы. «Мне стала сорамна за радзіму, — кажа Валянціна Травіна. — Я падумала: няўжо мы не маем права на годныя адносіны да сябе? Няўжо не маем права ганарыцца сваёй краінай?

На шчасце, уражанні Фацімы ад наведвавання Беларусі былі не толькі адмоўныя. Ёй спадабаліся людзі на вуліцах, чысціня нашых гарадоў, хлеб і малочныя прадукты. Але непрыемны асадак у мяне ўсё адно застаўся».

Сяргей ЗЯНЬКО.

Мы маем права

Сітуацыю каментуе юрыст, маладзечанскі адвакат Рыгор Валчок:

— Права на годнае абслугоўванне мы, безумоўна, маем. Яно гарантаванае рознымі нарматыўнымі актамі — пачынаючы ад Канстытуцыі і заканчваючы Законам аб абароне правоў спажыўцоў. У чалавека, які працуе ў сферы абслугоўвання, павінна быць як агульначалавечая, так і прававая культура. На жаль, мы яшчэ далёкія ад такога ідэальнага становішча.
Але калі чалавек — хам па жыцці, ён павінны памятаць хаця б пра прававую культуру. Абавязаны разумець, што калі будзе хаміць на працоўным месцы, яго прыцягнуць да адказнасці. Кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, калі бяруць работніка на працу, павінны адразу ставіць ветлівасць і акуратнасць як неабходныя ўмовы для ўладкавання.
Разам з тым хачу адзначыць: мы самі часта не ведаем сваіх правоў. У вашым выпадку жанчыны павінныя былі ведаць, што, заказваючы таксі, яны маюць права выбраць любую марку аўтамабіля і сказаць пра гэта дыспетчару. Вадзіцель абавязаны сам паставіць рэчы ў багажнік і сам дастаць іх адтуль па прыездзе на месца.
А вось знешні выгляд прававымі актамі не рэгламентуецца. Тут у вадзіцеля павінна быць тая самая агульначалавечая культура. І на вадзіцеля таксі, і на прадаўца ў магазіне мы маем права скардзіцца іх кіраўніцтву. Скаргу трэба запісаць у Кнігу заўваг і прапаноў, і яна неадкладна павінна быць разгледжаная адміністрацыяй. У магазінах гаспадыні трэба было стаць пасрэдніцай паміж сваёй сяброўкай і прадаўцамі. Патлумачыць, што сяброўка — госця нашай краіны. Магчыма, тады б атрымалася не дапусціць канфлікту на роўным месцы.
Прымусіць ганарыцца краінай немагчыма. Але мы павінны ведаць: нам ёсць чым ганарыцца — ад нашай гісторыі і да сённяшніх дзён. Мы маем права ганарыцца тым, што мы — беларусы і жывём у Беларусі. Калі кожны будзе для сябе гэта ўсведамляць, тады і хамства ў нас стане менш. Ва ўсіх сферах. У тым ліку і ў сферы абслугоўвання.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце