weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
26.10.2009 10:21 ,

Камісійныя крамы запатрабаваныя

“Ёсць у мяне тры пары дзіцячых боцікаў. Іх насілі зусім мала. Выкінуць - шкода. Пакінуць унукам - дык, пакуль яны з'явяцца, такія мадэлі з моды выйдуць. А так здам у “камісійку” - і месца ў шафе вызваліцца, і сабе які світарок за атрыманыя грошы куплю”, - падзялілася неяк сваімі планамі сяброўка.

Паслугі камісійных магазінаў і раней былі запатрабаваныя, а падчас крызісу тавар увогуле не залежваецца У Маладзечна, дзе яны захаваліся, і прадаўцы, і пакупнікі прыязджаюць з усяго рэгіёну: з Астраўца, Будслава, Валожына. Найбольшым попытам карыстаецца патрыманая, а таму недарагая мэбля. Але і іншыя тавары звычайна знаходзяць свайго пакупніка.

Вось маладая пара разглядае люстэркі. Нарэшце выбралі за 20 тысяч — простае, невялікае, авальнае. “На сцяну, куды я хачу яго павесіць, якраз такога памеру трэба”, — патлумачыла дзяўчына карэспандэнту “РГ”. Наступны пакупнік — жанчына сталага ўзросту. Разглядае школьны заплечнік, прымерала сабе, хацела пакінуць у краме на нейкі час, а пасля вярнуцца і купіць. Але перадумала: хадзіць яшчэ туды-сюды, калі цана — 6 тысяч. Дзядуля прыцэньваецца да шпінгалетаў, маладая мама — да дзіцячых калясак. Нехта набывае алюмініевыя лыжкі, а калекцыянеры са сталіцы шукаюць антыкварыят, рэчы для сваіх калекцый посуду ці статуэтак.

У розныя месяцы гандаль ідзе па-рознаму. Напрыканцы навучальнага года выстройваюцца ў шэраг баяны і акардэоны: дзеці закончылі навучанне ў музычнай школе, вось бацькі і прадаюць інструменты. У красавіку-маі актывізуюцца дачнікі — набываюць патрэбныя для загарадных дамоў мэблю і посуд. Мэблю ўвогуле заўсёды добра бяруць: мяккія куткі, шафы, сталы і табурэты для кухні. А вось адзенне і абутак, па словах прадаўца аднаго з маладзечанскіх магазінаў Тамары Грамілавай — непрадаваемы тавар:

“Некаторыя рэчы вісяць у нас з 1993 года. Паглядзіце на гэтыя туфлі — ну калі такое насілі?” Туфлікі, сапраўды, даволі арыгінальныя — белыя, з калісьці залатым аздабленнем. Магчыма, гадоў 20 таму яны лічыліся святочнымі і шыкоўнымі. А ўсё астатняе, за выключэннем адзення і абутку, звычайна хутка знаходзіць пакупніка.

У іншым магазіне якраз абутак прадаецца добра, яго там і значна больш — некалькі паліцаў. “Абутак у нас — тавар, які найлепш рэалізуецца. Мы яго прымаем пастаянна, але па сезоне. Добра бяруць дзіцячы і школьны абутак, асабліва напярэдадні навучальнага года”, — расказала загадчыца магазіна Ларыса Вараб’ёва. Адзенне сюды прыносяць часта, асабліва пенсіянеры. У іх бываюць зусім не ўжываныя рэчы, нават з этыкеткамі. Але такое адзявалі гадоў 20-30 таму. “У нас добра прадаецца крыху ношанае адзенне, якому год-два, але калі мадэль актуальная. Аднак пенсіянерам гэта бывае цяжка патлумачыць”, — адзначыла Ларыса Вараб’ёва.

Рэчы ў магазін здаюць людзі з самым розным дастаткам. Хтосьці зрабіў рамонт у кватэры і купіў сучасную мэблю, таму спрабуе прадаць старую. Некаторыя вязуць свой тавар нават з суседніх райцэнтраў. Ёсць людзі, якія жывуць з таго, што рэстаўруюць старую мэблю, надаюць ёй таварны выгляд і прадаюць яе праз камісійную краму. Пенсіянеры здаюць рэчы ад бязвыхаднасці: бабулі — хрустальныя вазачкі, дзядулі — развадныя і гаечныя ключы, нажоўкі. Праўда, іх тавар звычайна вельмі стары і дорага яго не прадасі. “Мы маем права браць старыя рэчы, старую бытавую тэхніку, але калі яны не патрабуюць рамонту”, — адзначыла загадчыца магазіна Святлана Цімошчанка.

У магазін прыйшла сівая бабуля — паглядзець, ці купілі яе сокавыціскалку. Не купілі. Работнікі магазіна спрабуюць патлумачыць, што выціскалка старая, што працуе не вельмі добра і пакупнікоў, якім трэба мех яблыкаў перапрацаваць на сок, такая хуткасць не задавальняе. Але бабуля верыць, што нехта купіць яе тавар і пакідае яго яшчэ на тыдзень.

Камісійныя магазіны — пасрэднікі паміж прадаўцамі і пакупнікамі — і бяруць за свае паслугі працэнт ад продажу. Але зарабляюць яны толькі вясной і летам, бо калі пачынаецца ацяпляльны сезон, то ўся выручка ідзе на аплату арэнды, ацяплення і зарплату. Таму штат у магазіне на Вялікім Гасцінцы — чатыры чалавекі: загадчыца, намеснік загадчыцы, прадавец і бухгалтар. Няма ні грузчыка, ні вадзіцеля з машынай, якія б дастаўлялі тавар дадому.

Тым не менш, як патлумачыла кіраўніцтва “Маладзечнагандлю”, якому падпарадкоўваюцца два камісійныя магазіны ў горадзе, яны не стратныя, працуюць з прыбыткам. Значыць, патрэбныя людзям.

Святлана ЦІШКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце