weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4235
1 долар 2.1213
100 рас.руб. 3.204
02.11.2009 13:33 ,

Маладзечна зменіць свой выгляд

Напрыканцы 2011 года ў Маладзечне паўстане новы жылы мікрараён Усходні. Ён размесціцца ў раёне чыгуначнага прыпынку “Фестывальны”, за Дзяржаўтаінспекцыяй.

Аўтары праекта забудовы Маладзечна рэкамендуюць абнавіць сквер паміж Цэнтральнай плошчай і паркам і дапоўніць яго фантанам.

Распрацаваны папярэдні праект забудовы горада. Ён разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 21 кастрычніка паведаміў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Юры Байтаз. Плошча шматкватэрнага жылля ў 2010 годзе павялічыцца практычна ў тры разы ў параўнанні з 2009 годам – з 25 тысяч квадратных метраў да 65 тысяч. Калі перавесці гэтую лічбу ў колькасць двухпакаёвых кватэр па 50 квадратных метраў кожная, атрымаецца каля 1300 “двухпакаёвак”.

Папярэднія лічбы на 2011 год яшчэ большыя – каля 85 тысяч квадратных метраў. Такое заданне Мінаблвыканкама. Для яго выканання трэба сфарміраваць 20 жыллёва-будаўнічых кааператываў – 20 дамоў. Будаўніцтва тых з іх, што складуцца да канца года, пачнецца ў канцы трэцяга – пачатку чацвертага квартала 2010 года.

“Нам давядзецца выканаць вельмі вялікі аб’ём работ. Да канца 2011 года новы мікрараён павінен быць практычна забудаваны. Так хутка ў раёне яшчэ не будавалі, але будаўнічы комплекс у нас развіты – будзем працаваць”, – сказаў Юры Байтаз.

Самыя запатрабаваныя – адна- і двухпакаёвыя кватэры. На трохпакаёвыя попыт невялікі. Але для шматдзетных сем’яў будуць будавацца і большыя – чатырох- і пяціпакаёвыя.

Рэалізацыя праграмы будаўніцтва залежыць ад стабільнасці сітуацыі ў свеце і нашай краіне. Пакуль што будаўніцтва жылля для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, фінансуецца без збояў, з дзяржаўнай падтрымкай у выглядзе льготных крэдытаў. А жыллёвыя кааператывы цяпер пераважна складаюцца з маладзечанцаў, якія належаць менавіта да гэтай катэгорыі людзей.

Кошт квадратнага метра жылля на сёння вагаецца ад 2 мільёнаў 280 тысяч (у шматпавярховым доме) да 2 мільёнаў 470 тысяч рублёў (у доме да пяці паверхаў).

Плануецца таксама змяніць знешні выгляд і прызначэнне некаторых аб’ектаў горада.
Вядучы архітэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута горадабудаўніцтва Галіна Пальчэўская распрацавала праект забудовы і добраўпарадкавання Маладзечна.

“Гэта не канчатковы варыянт, – патлумачыла яна ў інтэрв’ю “РГ” 22 кастрычніка. – Яго чакаюць яшчэ ўзгадненне, выпуск праектнай дакументацыі, экспертыза – вельмі доўгі працэс, на працягу якога праект можа крыху змяніцца”.

Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Юры Байтаз, гэта толькі папярэдні праект, разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву. Калі кіраўніцтва раёна зацвердзіць канчатковы варыянт, яго вынесуць на абмеркаванне грамадскасці.

Фота Святланы ЦІШКО.

Як будзе развівацца Вілейка распавядае начальнік аддзела архітэктуры Вілейкі Галіна Кажарновіч.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце