weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
09.11.2009 15:56 ,

Пераезд упіраўся ў вакзал

Роўная дарога ідзе праз чыгуначны пераезд і ўпіраецца прама ў цэнтральны ўваход вакзала. Каб не надпіс “Маладзечна”, наўрад ці здагадаўся б, у якім горадзе зробленае фота.

Фота з сайта gallery.molodechno.by

У зман уводзяць не столькі збудаванні, колькі само размяшчэнне пераезда. Бачыце, ён знаходзіцца акурат насупраць цэнтральнага ўвахода ў вакзал. А цяпер заплюшчыце вочы і ўявіце, як выглядае прывакзальная плошча на сённяшні дзень? Правільна, пераезд змясціўся ўправа. І, мінуўшы яго, мы з вамі ўпромся ў тарэц будынка вакзала.

У якім годзе зроблены фотаздымак – невядома. Мяркуючы па машыне, што на пярэднім плане, у гадах 50-х, пазней на такіх ужо не ездзілі. На пераезд яна выехала хутчэй за ўсё з нейкіх складскіх памяшканняў, а, можа, з майстэрняў, якія знаходзяцца вось за гэтымі драўлянымі варотамі. Хутчэй за ўсё гэты аб’ект ахоўваецца. І на ноч вароты зачыняюцца – каб чужыя не хадзілі, шкоды не нарабілі, вартаўніку было спакайней.

Побач з варотамі стаіць нейкая невялічкая гаспадарчая пабудова. За ёй – дом, які трыма акенцамі глядзіць на горад. Наўрад ці ў ім жывуць людзі. Напэўна, гэта будынак якой-небудзь канторы. А вось два дамы, што стаяць бліжэй да вакзала, мне здаецца, жылыя. Можа, пабудавалі іх спецыяльна для чыгуначнікаў, якія абслугоўваюць гэты ўчастак дарогі.

Пераезд адкрыты. Людзей, якія б спяшаліся на цягнік альбо з цягніка, амаль што няма. З-за машыны бачная толькі галава мужчыны і постаць жанчыны, якая штосьці панесла ў руках. Кіруецца яна ў бок вакзала. Не выключана, што яна там працуе альбо дзесьці недалёка жыве.

На фота злева – дзяжурка (альбо станцыйная будка), у якой сядзіць дзяжурны чыгуначнік, што падымае і апускае шлагбаум. За ёй – невялічкі скверык, абсаджаны дрэвамі. Перад самім вакзалам таксама зялёныя насаджэнні. Адразу так і не скажаш, гэта кусты ці дрэвы, якія не паспелі яшчэ ўвабрацца ў сілу.

Сам будынак вакзала, у Маладзечне яго пабудавалі ў 1907 годзе, выглядае велічна. Адчуваецца, што як за ім, так і прылеглай тэрыторыяй даглядаюць. Усё кругом падмецена, пабелена, быццам бы напярэдадні якога свята.

Цікава, з якога месца зроблены фотаздымак? Напэўна, з даху альбо праз адчыненае акно другога паверха друкарні. Хутчэй за ўсё насупраць яе ў той час пераезд і знаходзіўся.

Фотаздымкі ў рэдакцыю перадаў маладзечанец Анатоль Шупляк. А да яго яны трапілі ад памочніка начальніка Маладзечанскага райаддзела міліцыі Яўгена Беркутава. Аўтар фота невядомы. Але думаецца, што гэта быў прафесіянал, які не толькі ўдала выбраў ракурс, але і забяспечыў добрую якасць. Чытаюцца і нумар машыны – БТ 46-88, і надпіс “Маладзечна” на будынку вакзала. Можна разгледзець таксама лесвіцу, прыстаўленую да сцяны дома, усе коміны на дахах, пералічыць слупкі на пераездзе.

Не выключана, што хто-небудзь з чытачоў, убачыўшы на старонках газеты фотаздымак, зможа расказаць пра яго больш. Калі ласка, заходзьце, тэлефануйце, будзем разам аднаўляць факты з гісторыі нашага рэгіёну.

Марына Сліж.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце