weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
18.11.2009 17:54 ,

Класны класік

Не так даўно да мяне завіталі госці з Валожыншчыны. Яны перадалі асабістае прывітанне ад цікавага чалавека і літаратара Яўгена Зялкоўскага, а таксама яго чарговы паэтычны зборнік “Ручаіны”.

І нечакана — два лісточкі з вучнёўскага сшытка, дзе старанным шкалярскім почыркам распавядалася  пра сустрэчу вучняў Сугваздаўскай школы з паэтам-земляком Яўгенам Зялкоўскім, колішнім выпускніком гэтай жа школы!

Спачатку я з нецярпеннем узяўся за паэтычны зборнік: мне даспадобы ўсе, што робіць у літаратуры Яўген Зялкоўскі. Яшчэ з першай кнігі — паэтычнага зборніка “З вамі сэрца маё” — я адчуў яго асабісты “аўтарскі нерв”. Да таго ж прываблівала, што ў розных паэтычных жанрах ён адчувае сябе ўпэўнена. Вось і ў чарговы зборнік “Ручаіны” ўвайшлі лірычныя і гумарыстычныя вершы, прыпеўкі і паэма пра ваеннае ліхалецце “Янкавы прыгоды”.

Гэты зборнік — яскравы доказ таго, што перад чытачом аўтар, які творча адбыўся, мае свой погляд і, самае галоўнае, мае свой паэтычны голас, не падобны на іншыя, асабліва цяпер, калі ў нашай паэзіі іншым разам пераважае “адпявальная лірыка”. Рознаўзроставыя аўтары ўжо “пахавалі” Бацькаўшчыну, пераконваючы сябе і ўсіх, што “няма таго, што раньш было”. Не ў апошняю чаргу і па гэтай прычыне, для мяне паэзія Яўгена Зялкоўскага — як  глыток свежага паветра, таму што аўтар любіць жыццё “тут і цяпер” ва ўсіх яго выявах і запрашае да гэтага свайго чытача. Нездарма эпіграфам да зборніка “Ручаіны” сталі важкія радкі:

   Не абяцайце мне багацця:
   Сваю айчыну не прадам,
   Хачу гаспадаром быць сам
   У роднае бацькоўскай хаце!   
    

У гэтых чатырох радках — светапогляд і жыццёвае крэда Яўгена Зялкоўскага. Не вельмі ўдзячная справа — словамі пераказваць змест вершаў, але ўжо толькі адны назвы іх гаворыць пра тое, што самае блізкае і дарагое для аўтара: “Пах хлеба”, “Селянін”, “Неспакойнае сэрца”. А аўтабіяграфічны верш “Парог бацькоўскі”, прысвечаны роднай вёсцы паэта Мілашам, наогул падаецца паэтычным гімнам сваім продкам і роднаму наваколлю.

А калі я вярнуўся да вучнёўскіх лісточкаў, то  “белай зайздрасцю” пазайздросціў тым самым вучням Сугваздаўскай школы, што былі гасцямі Яўгена Зялкоўскага ў час летніх канікулаў. Ім вельмі пашанцавала на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Наталлю Іванаўну Арцюкевіч, якая данесла да іх творчасць земляка і дапамагла ім стаць блізкімі знаёмцамі.

Дзеці прадэманстравалі паэту добрае веданне яго твораў: дэкламавалі  вершы, паказалі сцэнкі з п’ес, а потым адбылася шчырая размова не толькі  пра літаратуру, але і пра ўсе, што хвалюе. Урок такі своеасаблівы атрымаўся, у прамым сэнсе — адкрыты. Дзеці нечакана ўбачылі паўсядзённае, здавалася б, такое звыклае, вачамі паэта, дзе ўсе ажывае і цудоўна расфарбоўваецца. У Зялкоўскага ў апошнім зборніку “Ручаіны” нават і верш такі есць “Як у казку”. У гэты дзень дзеці атрымалі  не толькі кнігі  і “салодкі стол” ад гасціннай гаспадыні, жонкі паэта Галіны Канстанцінаўны, але і прыклад адносінаў да сваёй спадчыны, што засталася нам ад продкаў.

На маёй кніжнай паліцы есць месца для “патрэбных” мне аўтараў і “астатніх”. Кнігі Яўгена Фаміча Зялкоўскага знаходзяцца сярод першых, таму што маюць для мяне вартасць. А дзеці з Сугваздаўскай школы яшчэ доўга будуць памятаць “ясную паляну” Яўгена Фаміча — яго гасцінную сядзібу ў вёсцы Мілашы — і дзяліцца па-школьнаму паміж сабой: “Класны ў нас класік!” Падпісваюся пад гэтым і, карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць паэта Яўгена Зялкоўскага з 76-годдзем, якое ён адзначае 21 лістапада.

Прыхільнікі  таленту жадаюць яму здароўя, бадзёрасці, творчага мнагалецця і каб пасля кожнай чарговай кнігі ён сам бы сабе сказаў: “Дай Бог не апошняя!”.

Аляксандр ПЫЦЬКО.
Фота забяспечана Аляксандрам ПЫЦЬКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце