weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
29.11.2009 08:00 ,

Гліннае – вёска паміж Віліяй і шашой

Гісторыю вёскі Гліннае і радавод вядуць яе жыхары і перадаюць адно аднаму ў спадчыну.Цяпер генеалагічнае дрэва захоўвае найстарэйшы мужчына – 73-гадовы Віктар Уладзіміравіч Субач. Яму яго перадаў у 1953 годзе цётчын муж Емяльян Міхайлавіч Субач.

Музей пад адкрытым небам – эвалюцыя колаў.

У некаторых дварах стаяць сячкарні.

«Хата вочы закрыла дашчатымі пальцамі…»

Насупраць вясковых хат стаяць такія палацы.

Раней тут была дарога, па якой мог праехаць ЗІЛ з прычэпам. Вілія падмывае бераг і падступае да лазняў і хат.

Сяргей і Леаніда Субачы пазнаёміліся ў гасцях на чужым вяселлі. Цяпер у іх трое дзяцей і пяцёра ўнукаў.

Найстарэйшы жыхар Гліннага Віктар Уладзіміравіч Субач і стараста вёскі Аляксандр Сцяпук.

Адсюль пампуюць ваду на рыбгас, што знаходзіцца ў трох кіламетрах ад Гліннага.

Некалі даўно сюды з Асіпавічаў пераехаў селянін Пракофій Субач з двума сынамі – Емяльянам і Паўлам. Яны і заснавалі Гліннае. Ад іх пайшлі дзве галіны радаводнага дрэва. Да 1930 года ў вёсцы ўвогуле не было іншага прозвішча: прымакоў не бралі.

Нашчадкі роду жывуць цяпер у Злучаных Штатах Амерыкі і Аўстраліі. Але найбольш – у Беларусі, прычым недалёка – Маладзечна, Вілейка, Мінск.

Жыхары Гліннага ганарацца, што ў родзе Субачаў ёсць кандыдат навук. І крыўдуюць, што партызану Андрэю Субачу не далі звання Героя Савецкага Саюза. “Яго прадстаўлялі да звання за тое, то ў Вялікую Айчынную вайну ўзарваў 22 нямецкія эшалоны. Фашысты за яго галаву абяцалі 25 тысяч марак. Але савецкая ўлада званне Героя не дала, бо, маўляў, адхіліўся ад зададзенага  маршруту, каб да каханай у Красны Беражок зайсці.

Узнагародзілі толькі ордэнам Леніна”, – расказаў стараста вёскі Аляксандр Сцяпук.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінным налічвалася 150 жыхароў. Тры сям’і разам з дзецьмі пайшлі ў партызаны. Вярнуліся толькі два чалавекі – бацька з сынам.

Цяпер у вёсцы каля 30 жыхароў. Нямнога, але яны прадстаўляюць розныя пакаленні: пенсіянеры, людзі сярэдняга веку, моладзь і тры школьнікі. На пабыўку да бабулі Леаніды Субач з Мінска прыехала ўнучка – 10-месячная Палінка.

Моладзь не забываецца на сваю Радзіму, прыязджае ў Гліннае. “Сын цяпер – у Маладзечне, але кожныя выхадныя едзе да нас. Нявестка кажа: “Ён нейкі хворы робіцца, калі хоць раз на тыдзень не дыхне гэтым паветрам”, – расказвае Леаніда Субач.

Яна прыехала ў Гліннае 40 гадоў таму – выйшла замуж. З мужам Сяргеем пазнаёмілася ў гасцях на чужым вяселлі. Цяпер у іх трое дзяцей і пяцёра ўнукаў. Адчуваецца, што ў бабулі і дзядулі малыя бываюць часта: у двары іх чакае вазок з лялькамі і машынка.

Гэтаксама 50 гадоў таму выйшла замуж у Гліннае і Ірына Субач з Більцавічаў. Яна 30 гадоў адпрацавала ў Вілейцы на камбінаце бытавога абслугоўвання. Цяпер жыве адна: дзеці – у горадзе, муж памёр 15 гадоў таму. Але яна трымае гаспадарку. “Карова, мусіць, у мяне ўжо апошні год, – дзеліцца яна сваімі планамі. – Бо я яе ўжо дагнаць не магу, яна мяне пасе, а не я яе. А парасё яшчэ хачу дзяржаць”.

Ірына Субач і расказала, што назву вёска атрымала ад белай гліны, якую здабывалі на беразе і ляпілі з яе гаршкі.

Тут увогуле найбольш Субачаў. Але іх “даганяюць” Сцепукі. “Мы ўжо жартавалі між сабой. Я казала: калі б мае тры сыны ўжо пажаніліся і ўсе засталіся тут з жонкамі, то Сцепукі “перабаролі” б”, – расказвае Марыя Сцяпук, смеючыся.

Вёска Гліннае знаходзіцца паміж дзвюх буйных дарог – шашой Маладзечна–Вілейка і Віліяй.
Гэтыя мясціны здаўна вабяць да сябе дачнікаў. Толькі раней яны тут падсяляліся да гаспадароў на лета, а цяпер будуюць свае дамы. “Сюды дачнікі заўсёды прыязджалі і многа, – успамінае Марыя Сцяпук. – Лічы, у кожным доме было два ўваходы – палову хаты здавалі прыезджым. А то яшчэ гаспадары на лета перабіраліся ў паветку, а дом саступалі дачнікам”.

Мясцовыя жыхары лічаць, што тут усё б раскупілі – ахвотных хапае, ходзяць і ходзяць, але ўжо нічога не прадаецца.

Гліннае цікавае не толькі для дачнікаў. Тут, як расказалі мясцовыя жыхары, здымалі не адзін фільм: “Вяселле ў Беражках”, “Лёгкі хлеб”, “Купалаўская ноч”.

Падчас экскурсіі па Глінным карэспандэнта суправаджаў гід – сабачка Жулька, белы з рыжымі плямамі, маленькі і вясёлы. Хваліўся, як умее заганяць курэй з дарогі ў свой двор.

Вілія, па якой раней ганялі плыты, бралі з яе берага гліну для гаршкоў, апошнія гады нібы за нешта помсціла Гліннаму – падмывала бераг. Цяпер ён падступае да дамоў і лазняў. Гады чатыры таму летняя кухня ўвалілася ў раку і сплыла. Да аднаго з дамоў – шэсць крокаў, паміж хлявом і абрывістым берагам не больш за метр – як прайсці аднаму чалавеку па сцежцы.

А раней тут была дарога, па якой мог праехаць КамАЗ ці ЗІЛ з прычэпам. Жыхары кажуць, што звярталіся са сваёй праблемай да раённых уладаў, але безвынікова. Пакуль што яны ратуюцца самі, як могуць: умацоўваюць бераг голлем.

Святлана ЦІШКО.

Фота аўтара.

Тэма на форуме:

Сотні маладзечанцаў, віляйчан і менчукоў адпачываюць летам на берагах Вяллі ля Гліннага. І не задумваюцца, што вёска мае сваю гісторыю, сваё жыццё.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце