weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
01.05.2010 07:08 ,

Сядзібу Агінскага чакае адраджэнне

27 кра­савіка, у аўторак, адбы­лася ўрачыстая прэзентацыя фонду па адра­джэнні сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе “Паўночныя Афіны”.

Р.С.Сарока перадае сродкі ў фонд.

Драгін Уладзімір Мікалаевіч

Камерны ансамбль выкладчыкаў вучылішча.

Заснавальнікамі дабрачыннага фонду сталі гісторыка-краязнаўчы му­зей Смаргонскага раёна, Маладзечанскае му­­зычнае вучылішча імя Агінскага і Саюз прад­прымальнікаў Бе­ларусі. Мэта фонду – знаёмства з гістарычнай асобай Агінскага, сур’ёзная праца па вяртанні першапачатковага выгляду сядзібе (у гэты праект уваходзіць музейны комплекс, музычна-канцэртная зала, аранжарэя, рэстаўрацыя пар­кавых ансамбляў і ад­наўленне возера), працяг даследаванняў творчасці і постаці Міхала Клеафаса Агінскага.

Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага вучылішча была цалкам запоўненая людзьмі, для якіх неабыякавы лёс роднай культуры. Да прысутных з вітальным словам звярнуўся дырэктар установы, член папячыцельскага савета фонду “Паўночныя Афіны” Рыгор Сарока. Ён выказаў словы шчырай падзякі маладзечанцам, мінчанам і жыхарам Смаргоншчыны за падтрымку праектаў, якія маюць на мэце ўшанаванне асобы Агінскага (нагадаем, што па ініцыятыве Рыгора Сарокі вучылішчу прысвоенае імя кампазітара, палітыка і грамадскага дзеяча М.К.Агінскага, на фасадзе будынка змешчаная мемарыяльная дошка памяці, а каля будынка ўсталяваны пом­нік кампазітару). Рыгор Сарока паведаміў, што першы грашовы пералік сродкаў на рахунак фонду зрабіла Маладзечанскае музычнае вучылішча, калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў сабраў больш за тры мільёны рублёў.

Віталі прысутных і начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, на­чальнік аддзела культуры Смаргонскага аддзела культуры Гродзенскай вобласці Таццяна Ражава, член праўлення фонду, старшыня Саюза прадпрымальнікаў Беларусі Уладзімір Дра­гін.

Праграма прэзентацыі фонду “Паўночныя Афі­ны” была вельмі разнастайная. Адбылася цікавая рэстаўрацыя часоў Міхала Клеафаса Агінскага ў выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў музычнага вучылішча (ідэя і кіраўніцтва – Юльян Бельскі), дарэчы, гэтая ж праграма была прадстаўлена ў Акадэміі музыкі імя Гнесіных у межах “Маскоўскіх дзядоў”. Фрагмент са спектакля “Паланэз” прадставіў калектыў Мінскага абласнога драматычнага тэатра (у ролі М.К.Агінскага – Алесь Пашкевіч).

Слухачы пачулі творы М.К.Агінскага і яго нашчадкаў – Амеліі Залускай і Івы Залускага ў выкананні камернага ансамбля пад кіраўніцтвам Аляксандра Баравіка, саліста А.Воранава, праслухалі выступленне вакальнага калектыву Палаца культуры Мала­дзечна “Менестрэлі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Важніка. Выкладчыцай Маладзечанскага музычнага вучылішча Вольгай Царык быў падрыхтаваны фільм аб лёсе сядзібы М.К.Агінска­га ў Залессі, якую кампазітар атрымаў ад свайго дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага.

Ціхая вёсачка не зусім адпавядала постаці Міхала Клеафаса, асабліва пасля яго служэння ў Расіі, пасля візітаў да шаноўных асобаў Францыі, Італіі, Германіі, Польшчы. Менавіта таму новы ўладальнік разгарнуў вялікую працу па добраўпарадкаванні ся­дзібы. Захаванне некаторых старых будынкаў адцяніла прыгажосць архітэктурных праектаў у стылі барока – будынка з прыгожымі вежамі і аранжарэяй, капліцы, вадзянога млына, утульных альтанак. Акрамя таго, на тэрыторыі былі разбіты Французскі і Англійскі паркі, фруктовы сад, цудоўным месцам для адпачынку стала невялікае возера з прыгожымі астраўкамі.

На працягу 20 гадоў жыцця Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі ўладальніка наведвалі яго радня, сябры, знаёмыя, культурная эліта Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Расіі, знакамітыя асобы. І менавіта з вуснаў гасцей сядзіба атрымала сваё бліскучае найменне “Паўночныя Афіны”.

На жаль, пасля ад’езду ўладара ў Італію, нашчадкі Агінскага рэд­ка наведвалі Залессе, маёнтак паступова прыходзіў у заняпад. Асабліва пацярпела сядзіба ў часы Першай сусветнай вайны, у часы Вялікай Айчыннай вайны ў ёй змяшчаўся нямецкі штаб, а пасля вайны – дом састарэлых.

Праекты па рэстаўрацыі будынкаў і рэканструкцыі ўсёй сядзібы распрацоўваліся з 1970-х гадоў, але да выканання планаў справа не дайшла.

І цяпер мы ўсе маем выдатны шанц паўдзельнічаць у справе адраджэння сядзібы, пералічыўшы пэўныя сродкі на рахунак фонду “Паўночныя Афіны”. А праз некалькі гадоў з гонарам святкаваць чарговы юбілей нашага знакамітага земляка М.К.Агінскага ў адноўленай сядзібе.

Вельмі прыемна, што ідэю дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны” шчыра падтрымліваюць і нашы замежныя сябры: былы прэм’ер-міністр Літвы Казіміра Прунскене, а таксама прадстаўнікі Гандлёва-прамысловай палаты Польшчы.

Яўгенія МАЦКЕВІЧ.

Фота Дзмітры АРЦЯМЁНКА.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце