Сведкі бойкі з міліцыянерамі хлусілі на судзе?

Фота: Александр.
Бацьку і двух яго сыноў, якія займаліся самагонаварэннем, суд прызнаў вінаватымі ў збіванні пяці мінскіх міліцыянераў. Абвінавачаныя атрымалі дзесяць гадоў зняволення на траіх. Бацька прыгавораны да чатырох гадоў калоніі, сыны – да трох кожны.
Пасля таго, як прыгавор уступіў у законную сілу, раённая пракуратура пачала правяраць: ці праўду пра тое, што адбывалася ў той дзень у Схоліне, на судзе гаварылі сведкі – двое работнікаў асуджаных, жонка аднаго з сыноў і іх аднавяскоўка.
Старшы следчы пракуратуры Маладзечанскага раёна Вадзім Шукрынаў у інтэрв’ю “РГ” сказаў: падставы для ўзбуджэння крымінальных спраў у адносінах да сведкаў ёсць. Больш за тое, перспектыва іх расследавання – выключна судовая. Гэта значыць, пракуратура мае намер даказаць, што сведкі казалі няпраўду, і давесці ўсе чатыры справы да суда.
Справы ўзбуджаныя па першай частцы 401 артыкула Крымінальнага кодэкса. За такое злачынства можна атрымаць: штраф альбо выпраўленчыя работы тэрмінам да двух гадоў, ці арышт да шасці месяцаў, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да двух гадоў.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Раней на гэту тэму: Баранілі самагон ад мінскіх міліцыянераў



