weather 22° Маладзечна
weather 22° Вілейка
weather 27° Смаргонь
weather 22° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 22° Мядзел
weather 27° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3398
1 долар 2.0017
100 рас.руб. 3.2467
09.06.2010 15:07 ,

"Адна зямля" заспявае ў Ашмянах

Фота: Александр.

Фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” сёлета пройдзе 27 чэрвеня ў гарадскім парку ў Ашмянах.

Гэта будзе дванаццаты форум маладых выканаўцаў, адзін з аснавальнікаў якога – “Рэгіянальная газета”.

Традыцыйна на конкурс збіраюцца спевакі з усіх сямі раёнаў нашага рэгіёну – Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага, Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага. Назву конкурсу дала культурная старонка нашага выдання – “Адна зямля”.

Кожны ўдзельнік павінны падрыхтаваць дзве песні, адна з якіх абавязкова павінна быць на беларускай мове.

Летась на форум з’ехалася 40 канкурсантаў. Удзельнікі спаборнічалі ў чатырох узроставых катэгорыях. Колькі будзе ўдзельнікаў сёлета, сказаць пакуль складана, бо, як паведаміла начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, заяўкі на ўдзел павінны былі быць пададзеныя да 10 чэрвеня, але канкурсанты не спяшаюцца. “Добра, калі хоць да 20 чэрвеня ўсе заявяцца”, – кажа Галіна Балінская.

Супрацоўнікі аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама чакаюць гасцей фестывалю і рыхтуюцца да яго. Першыя заяўкі на ўдзел у конкурсе паступілі ў панядзелак, 7 чэрвеня. Цяпер ствараецца “Дзённік фестывалю”, у якім будзе размешчаная інфармацыя пра ўдзельнікаў, іх канцэртныя нумары.

Са складам канкурсантаў ужо вызначыліся ў Маладзечне. Тут скончаны адборачны тур. Найлепшых выбралі з 16 пратэндэнтаў.

У першай узроставай катэгорыі (9-13 гадоў) Маладзечанскі раён будуць прадстаўляць 11-гадовая Лідзія Сасункевіч, якая займаецца ў маладзечанскім Палацы культуры ў эстраднай студыі “Спяваем разам” пад кіраўніцтвам Алены Атрашкевіч і 12-гадовы Марк Войтка, што наведвае эстрадную студыю ў цэнтры мастацкай творчасці навучэнцаў пад кіраўніцтвам Наталлі Соніч.

У другой узроставай катэгорыі (14-17 гадоў) за званне лепшых на ашмянскай сцэне будуць змагацца Вікторыя Вайцяховіч і Эдуард Жалубоўскі.

У трэцяй узроставай катэгорыі (18-23 гады) Маладзечна прадставіць Вольга Ільіч. Яна працуе ў Лебедзеўскай дзіцячай музычнай школе і Лебедзеўскім сельскім Доме культуры (ДК), а таксама Яўген Цар, які працуе на заводзе “Забудова” ў Чысці, але не забываецца пра музыку і наведвае эстрадную студыю Чысцінскага сельскага ДК пад кіраўніцтвам Генадзя Сушко.

Чацвертую ўзроставую катэгорыю (24-30 гадоў) на конкурсе ад Маладзечанскага раёна будуць прадстаўляць Павел Смолік, работнік сцэны маладзечанскага Палаца культуры, і Максім Сарока, хормайстар Чысцінскага ДК.

Пакуль удзельнікі ды арганізатары рыхтуюцца да конкурсу, мы будзем спадзявацца, што з надвор’ем пашанцуе і нішто не будзе перашкаджаць святочнаму настрою фестывалю.

Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

На гэтц тэму:

Гран-пры “Адной зямлі” выйграў смаргонец

“Адна зямля” на сцэне смаргонскага амфітэатра

Гран-пры застаецца ў Маладзечне!

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце