weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 21° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 21° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
26.06.2010 09:00 ,

“Мне шкада злачынцаў. Але не ўсіх”

Загадчыца канцылярыі пракуратуры Валожынскага раёна Святлана Борыс на сваю пасаду трапіла выпадкова. А засталася на ёй на 25 гадоў. На працягу гэтага тэрміну праз Святлану праходзяць дакументы па ўсіх злачынствах. І амаль кожны раз яна шкадуе тых, хто парушае закон.

“У чым спецыфіка маёй работы? – перапытвае Святлана Мікалаеўна. – У тым негатыве, які атрымліваеш, калі, напрыклад, афармляеш пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы. Зноў бачыш знаёмае прозвішча падазронага. І думаеш: што ж ты, дурань, робіш? Я вельмі ўспрымальная і жаласлівая. Выратоўвае ад негатыўных эмоцыяў толькі тое, што разам са мной працуюць добрыя спагадлівыя людзі”.

Святлана Борыс не валожынская. Нарадзілася ў вёсцы Жорнаўка Бярэзінскага раёна. Закончыла сярэднюю школу і выйшла замуж за валожынца. Так апынулася ў нашым горадзе. Прыкладна паўтара года працавала ў гастраноме, але прыйшлося звольніцца і шукаць новую работу.

Летам 1985 года абышла некалькі арганізацый, дзе большасцю патрабаваліся бухгалтары. Не маючы бухгалтарскай адукацыі, уладкавацца на гэту працу было немагчыма. Пра тое, што ёсць месца ў канцылярыі пракуратуры, падказала знаёмая. Спецыяльнай адукацыі на гэту пасаду не патрабавалася. Святлана прыйшла, і яе адразу ўзялі.

“Працаваць давялося на пішучай машынцы, на якой не прабіваліся літары “о” і “р”, – усміхаецца Святлана. – Прыходзілася ў тэксце дапісаваць іх ручкай. Цяпер, перабіраючы архіўныя дакументы тых гадоў, здзіўляюся: як можна было ў такой саліднай установе друкаваць на такой машынцы? Калі з’явіўся камп’ютар, вельмі яго баялася. Але, не скончыўшы аніякіх курсаў, навучылася на камп’ютары працаваць І цяпер самой смешна, што спачатку было страшна”.

Святлана не засталася без спецыяльнай адукацыі. Тры гады таму завочна скончыла аграрна-эканамічны каледж, што ў Новым Полі Мінскага раёна, па спецыяльнасці “правазнаўства”. І цяпер можна ісці куды-небудзь працаваць юрыстам. Але мяняць месца працы жанчына не збіраецца. Кажа, што адчувае сябе на сваім месцы як рыба ў вадзе. Ведае тут кожную паперку. А набраны вопыт дапамагае працаваць хутчэй.

За 25 гадоў работы Святланы змяніліся пяць пракурораў. Гэтую пасаду займалі Іосіф Мілько, Ігнат Гаціла, Венцлаў Ваньковіч, Васіль Голас. Цяпер працуе Арцём Сасонка. Святлана расказвае, што з усімі ёй працавалася добра. Першых двух, на жаль, ужо няма ў жывых…

Такая работа… Праз рукі гэтай жанчыны праходзяць усе злачынствы, здзейсненыя ў горадзе і раёне. Святлана не расказвае пра забойствы і згвалтаванні. Не хоча ўспамінаць. Не можа зразумець людзей, якія здольныя на такое. Гэтых злачынцаў яна не шкадуе. І супраць адмены смяротнага пакарання.

Шкода загадчыцы канцылярыі тых, хто, толькі што вызваліўшыся з калоніі, зноў ідзе на крадзеж толькі для таго, каб вярнуцца ў месцы зняволення. Там пакормяць, ёсць дах над галавой, ложак. А тут, на волі, яны нікому не патрэбныя. І яшчэ шкода непаўналетніх, якія не разумеюць, што здзейсніўшы дробны крадзеж ці іншае злачынства, яны ламаюць лёс не толькі сабе, але яшчэ сваім родным і блізкім.

Толькі адзін раз, на пачатку сваёй работы, Святлана схадзіла на судовы працэс. Там маладому хлопцу, які падпаліў дом сваёй суседкі, далі вялікі тэрмін зняволення. Пасля таго выпадку жанчына ў суд не ходзіць. Не можа на такое глядзець.

Такі ж характар, як у Святланы, у яе дачкі Анастасіі. Насці 19 гадоў, яна вучыцца ў Маладзечне на бухгалтара. Пра юрыдычную спецыяльнасць нават не думала. Лічыць, што не мае права судзіць людзей…

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Віталем ЮРЭВІЧАМ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце