weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
28.06.2010 17:29 ,

Ашмяны прынялі "Адну зямлю"

У нядзелю, 27 чэрвеня, у Ашмянах прайшоў рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”, сузаснавальнікам якога з’яўляецца і “Рэгіянальная газета”.

Удзел у творчым форуме ўзялі 39 маладых выканаўцаў з Ашмянаў, Мядзела, Валожына, Маладзечна, Смаргоні, Вілейкі, Астраўца. Гран-пры фестывалю заваявала Вольга Ільіч з Маладзечна. Прыз ад нашага выдання дастаўся Аляксандру Жукоўскаму з Ашмянаў.

Вольга Ільіч.

Аляксандр Жукоўскі.

У рэгіянальным фестывалі ўдзельнічалі выканаўцы чатырох узроставых груп. Сярод іх – работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, вучні агульнаадукацыйных школ і навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, студэнты, ваеннаслужачыя. Раёны заяўлялі не больш за двух удзельнікаў у кожнай групе. На суд журы кожны з іх выносіў дзве песні. Гэта былі творы беларускіх, расійскіх і замежных аўтараў. Можна было спяваць і свае ўласныя песні. Але толькі ў тым выпадку, калі яны належнай якасці.

Ва ўзроставых групах пераможцамі сталі:

9-13 гадоў – Вікторыя Місюль, Вілейка.

14-17 гадоў – Эдуард Жалубоўскі, Маладзечна.

18-23 гады – Дзмітры Мазурцоў, Валожын.

24-30 гадоў – Павел Смолік, Маладзечна.

“Я рыхтавалася да фестывалю, але не чакала, што Гран-пры дастанецца менавіта мне, – скажа ў час атрымання ўзнагароды Вольга Ільіч, якая пакарыла слухачоў і членаў журы песнямі “Аб любві” і “Варажба”.

Вольга – студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, куды паступіла ў 2007 годзе пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча. Да гэтага яна ўжо прымала ўдзел у розных конкурсах і фестывалях, а таксама тэлевізійных праграмах “Хіт-момант” і “Перакрыжаванні Еўропы”. Знаёмыя кажуць, што Вольга не проста таленавіты чалавек. Плюс да гэтага яна яшчэ вельмі працавітая і мэтанакіраваная. Таму не стаіць на месцы, а знаходзіцца ў творчым пошуку і пастаянна павышае сваё выканальніцкае майстэрства.

Спадабалася членам журы і слухачам і выступленне Аляксандра Жукоўскага з Ашмянаў, які стаў уладальнікам прыза ад “Рэгіянальнай газеты”. Выступаў ён у чацвёртай узроставай групе, хлопцу 25 гадоў. А выконваў песні з рэпертуару Руслана Аляхно “Лебедзі” і Эдуарда Хіля – “Лада”.

Аляксандр – саліст народнага тэатра эстраднага танца і песні “Імпульс”. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт, працуе ў Ашмянскай школе мастацтваў настаўнікам па класу баяна. З музыкай сваё жыццё ён звязаў даўно і кажа, што паступова яна становіцца сэнсам жыцця.

Пачаўся фестываль у дзве гадзіны дня і доўжыўся да 11 вечара. Як артыстаў, так і слухачоў на ім было багата. На мерапрыемства ашмянцы ішлі сем’ямі. Многія казалі, што конкурс для іх праляцеў як адно імгненне, а ўсё таму, што выканаўцы паказвалі высокі прафесійны ўзровень. “Добра спяваюць, ой, як добра. Прычым – усе”, — шаптала сваёй сяброўцы жанчына, што сядзела побач са мной.

“На конкурс сабралася вельмі таленавітая моладзь, таму нам давялося нялёгка, — скажа пасля конкурсу старшыня журы, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Галіна Качалава. – І ў той жа час было прыемна, што статус фестывалю такі высокі”. Раздзялілі яе меркаванне і члены журы, у якое ўвайшлі дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская і вядучы метадыст гэтай установы Дзмітры Сушко, артыст-вакаліст Гродзенскай абласной філармоніі Алег Пухаў і галоўны дырыжор Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алег Сівы.

Фестываль “Адна зямля” не мае пастаяннага месца прапіскі. Дванаццаты год ён курсуе з аднаго раённага цэнтра ў іншы, адкрываючы новыя таленты. “За гады свайго існавання наш творчы форум набыў вялікую папулярнасць і стаў адным са знакавых культурных праектаў для рэгіёна, — гаворыць начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская. — Для маладых выканаўцаў выступленне на конкурсе дае магчымасць заявіць пра сябе, паказаць свой талент і майстэрства”.

Менавіта для гэтага прыехалі на “Адну зямлю” Крысціна Салаўцова, Алеся Сяргейчык і Дзмітры Мазурцоў з Валожына, Надзея Страшынская са Смаргоні. Маладыя людзі ўдзел у фестывалі прымалі ўпершыню. А вось Таццяна Макарэвіч з Вілейкі, Максім Пашук са Смаргоні, Васіль Каспяровіч з Ашмянаў ужо ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе і нават займалі прызавыя месцы.

Дарэчы, у апошняга на гэтым конкурсе была самая вялікая група падтрымкі. Адчувалася, што за Васіля перажываюць і сваякі, і многія землякі, якія крычалі яму са сваіх месцаў “брава” і “біс”.

Фестываль праходзіў на пляцоўцы ля Дома культуры. Там была ўстаноўленая спецыяльная сцэна і крэслы для гледачоў. Надвор’е спрыяла. І калі ў суботу людзі яшчэ хаваліся ад дажджу пад парасонамі, то ў нядзелю закрываліся імі ад сонца або адыходзілі пад шаты дрэў ў пошуках ценю.

Працавалі гандлёвыя рады, дзе было багата розных прысмакаў і цацак. Мамы і таты з задавальненнем куплялі сваім дзецям шарыкі, мяккія цацкі, мыльныя пузыры.

Дзесьці пасля васьмі гадзін вечара людзей у парку, як мне здалося, стала яшчэ больш. Моладзь не спяшалася садзіцца на крэслы. Многія стоячы прытанцоўвалі. Асабліва шмат веселуноў было сярод дзяцей. Ім дазволілі танчыць ля самай сцэны.

Вынікі конкурсу аб’явілі дзесьці каля 11 гадзін вечара. Прызы пераможцам уручалі старшыня журы Галіна Качалава, начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, Вілейскага – Сяргей Паўлоўскі, Валожынскага – Вікенці Адамовіч і многія іншыя.

Напрыканцы мерапрыемства загадчык аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская перадала эстафету фестывалю – глобус з надпісам “Адна зямля” – Астравецкаму раёну. Там у наступным годзе і пройдзе фестываль!

Марына СЛІЖ.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце