weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
15.07.2010 09:07 ,

Анамальны віляйчанін пад мінскім небам

Трэцяя па ліку і, па словах аўтара, першая насамрэч сур’ёзная кніга выйшла ў студэнта з Вілейкі Андрэя Дзічэнкі. Якія гарады і якія падзеі ўвасобіліся ў яго “Мінскім небе”, расказаў для “РГ” малады пісьменнік.

Андрэй Дзічэнка.

Піша Андрэй пра Беларусь, хаця сам рускі. Нарадзіўся ў Калінінградзе, але бацьку прызначылі на працу ў Вілейскі ваенны гарнізон, і сям’я пераехала. Пісаць хлопец пачаў з транаццаці гадоў, першы твор – верш пра вайну ў Чачні. Кар’ера ваеннага на ўзор бацькавай для яго была недасягальная, бо не чуе на левае вуха. Таму паступіў на гістарычны факультэт педагагічнага ўніверсітэта. За 21 год ён паспеў выдаць ужо трэцюю кнігу, праўда, першыя дзве лічыць пустым месцам. Але пра “Мінскае неба” Андрэй адклікаецца як пра даволі ўдалую частку будучай трылогіі.

Вокладка кнігі «Мінскае неба».

“Мінскага неба” не было б без Вілейкі, але стаўленне аўтара да гэтага горада дастаткова неадназначнае: “Вілейка для мяне з’яўляецца нечым большым, чым горад. Гэта нейкая метафізічная субстанцыя, яна нібы з іншага свету. Большую частку жыцця я правёў  у гэтай частцы беларускай правінцыі. Калі прыязджаю з вучобы ў Вілейку, то адчуваю абыякавы супакой, размеранасць часу. Мне падаецца, што гэты горад неабходна разглядаць больш глыбінна, як быццам тут ёсць прыхаваная энергія, якую не кожны можа адчуць. Магчыма, часам я і адчуваю яе прысутнасць. Раней знаходзіў артыкулы пра тое, што на тэрыторыі раёна існуе “анамальная зона”, што тут адбываюцца розныя дзіўныя з’явы, звязаныя, напрыклад, з НЛА. Яшчэ школьнікам адшукаў у бібліятэцы кнігу “НЛА ў Вілейскім раёне” і некалькі разоў яе перачытваў”.

Але ў адрозненне ад папярэдніх раманаў, дзе героі не адкрываюць свайго месца знаходжання, дзеянне адбываецца ў розных частках Мінска, але герой часам выязджае ў Маладзечна і Дзяржынск са сваімі містычнымі мэтамі. Чытачы адзначаюць, што кніга мае сэнс, але зразумець яе цяжка. Аўтар меў на мэце паказаць гратэскны вобраз Мінска, яго цёмныя бакі, але не адмаўляе, што гэтая цемень перабольшаная. Таму падзеі адбываюцца пераважна ноччу, калі горад як быццам спіць. Хаця насамрэч ён не спіць, а жыве сваім грэшным жыццём, на якое днём ніхто не звяртае ўвагі.

Пісьменнік часта паказвае наваколле нерэальным. У першых яго творах нерэальнасць была створаная таннымі наркатычнымі сродкамі, цяпер жа яе нараджаюць глыбіні чалавечай свядомасці. На погляд аўтара, дзесьці ў недрах самасці кожны чалавек утойвае дэструктыўныя мары аб знішчэнні таго, што яму чужое. Па задуме гэтая кніга найперш аб людской самоце і адсутнасці пачуццяў у штучнага інтэлекта, які выціскае чалавечую свядомасць галоўнага героя. Усё гэта дастаткова загадкава і тлумачыцца будзе ажно ў трэцяй частцы гэтай трылогіі “Схема”. У нерэальнасці “Мінскага неба” жыве малады чалавек Косця, студэнт сталічнай ВНУ. Ён сябруе з дзяўчынай Алесяй, якая пайшла па заганным шляху з мэтай заробку. Аднак яна стала ідэалам чалавека для галоўнага героя, і ў гэтым можна заўважыць дастаеўскія матывы.

Андрэй Дзічэнка найчасцей звяртаецца да праблем наркаманіі, абортаў, чалавечай абыякавасці, а таксама да тэм метафізікі і духоўнасці. На заканамернае пытанне, адкуль столькі негатыву, пісьменнік адказвае: “Нягледзячы на адкрытую дэструктыўнасць рамана, рэдактар пасля першага чытання ўсё ж адзначыў, што ў творы ёсць катарсіс. Негатыўнае і адмоўнае – паняцці супярэчныя. Персанажам кнігі давялося спазнаць сапраўдную прыроду зла. Аднак нягледзячы на ўсе падзеі, напрыканцы яны прымаюць гуманістычныя перакананні. Быццам бы лепш позна, чым ніколі, але для галоўнага героя Косці, які потым ператварыўся ў Kostya 0.55, усё незваротна позна. Я мяркую, што апісанне негатыўных з’яў і іх вынікаў у літаратуры неабходна для таго, каб звяртаць увагу людзей на існуючыя праблемы. Толькі так можна заахвоціць нас да пошукаў іх вырашэння”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце