weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4235
1 долар 2.1213
100 рас.руб. 3.204
18.08.2010 11:44 ,

У Ашмянах узвядуць новы мікрараён

Па 23 жніўня ў райвыканкаме працуе адкрытая экспазіцыя макета будучай забудовы новага мікрараёна. Аб тым, якое абнаўленне і калі чакае горад, расказаў Уладзімір Касцюкевіч, галоўны інжынер дзяржаўнага раённага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Ашмянскага райвыканкама”.

Новы мікрараён размесцяць на вольнай ад пабудоў зарэчнай тэрыторыі Ашмянаў, каля вуліцы Барунскай. Агульная яго плошча будзе большай за 18 гектараў.

Жылы раён пабудуюць на ўзвышшы, таму дамы будуць прадстаўлены пяціпавярхоўкамі. Каля вуліцы Францішканскай пабудуюць каля 20 двухпавярховых катэджаў.

Але праект будзе вырашаць праблемы не толькі кватэрнага пытання. Каля новенькіх дамоў паставяць і яслі-садок на 190 месцаў, школу на 540 месцаў і школу мастацтваў на 45, харчовыя магазіны і магазіны непрадуктовых тавараў, сталовую і філіял банка.

На тэрыторыі школы размесцяць стадыён, спартыўную залу, футбольнае поле, пляцоўкі для баскетбола, валейбола і тэніса. У квартале з’явіцца і вялікі гандлёвы цэнтр, а таксама камбінат бытавога абслугоўвання. 

У гэты мікрараён плануюць пасяліць каля 3 тысяч жыхароў. Дамы разлічаныя прыкладна на 900 кватэр. Да таго ж, у квартале будзе размешчаны паркінг на 284 месцы.

Па словах Уладзіміра Касцюкевіча, многія ашмянцы, у якіх ужо набліжаецца чарга атрымаць кватэру, цікавяцца планам новага мікрараёна. Ёсць такія, хто падумвае аб пропуску чаргі, бо хоча жыць у новым квартале.

У канцы жніўня канчатковы план здадуць на экспертызу, пасля чаго пяройдуць да непасрэднага будаўніцтва. Грошы на яго пойдуць з рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў, але дакладную суму яшчэ складана вызначыць.

На погляд галоўнага інжынера, будаўніцтва не павінна зацягвацца больш чым на тры гады.

Каля макета новага мікрараёна ў райвыканкаме ёсць журнал прапаноў і заўваг. Там жыхары горада могуць занатаваць усе свае пажаданні, якія датычацца плана пабудовы. Уладзімір Касцюкевіч адзначыў, што, на жаль, журнал пакуль пусты.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце