weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4544
1 долар 2.0882
100 рас.руб. 3.1726
18.09.2010 00:12 ,

Абарані сябе сам

Як правільна падзяліць нерухомасць? І як абараніць яе? На гэтыя і іншыя юрыдычныя пытанні адказвае натарыус Аляксей Ліпаўка.

Аляксей Ліпаўка – натарыус дзяржаўнай натарыяльнай канторы №1 Маладзечанскага раёна.

Даведка «РГ». 25-гадовы натарыус працуе ў Маладзечне другі месяц, раней ён жыў у Мінску. Вучыўся ў Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце. Аляксей гаворыць, што ён дасягнуў дзіцячай мары – стаў юрыстам, і ў прафесіі за 2 гады стажу не расчараваўся. На яго погляд, так бывае толькі тады, калі кожны дзень адчуваеш, што робіш нешта карыснае, бо менавіта гэта пачуццё заўсёды прыносіць задавальненне.

Пытанне – адказ

 “Я прыватызавала кватэру бацькоў яшчэ да замужжа. Праз пяць гадоў наш шлюб распаўся. Ці мае права мой былы муж прэтэндаваць на гэту кватэру? Аліна”.

– Муж не мае на гэту кватэру ніякага права. Не істотна, колькі часу Аліна была ў шлюбе. Галоўнае, што кватэру яна набыла да таго, як выйшла замуж. Няма ніякай розніцы, прапісаны муж Аліны ў гэтай кватэры ці не. Права на маёмасць мае толькі яна.

Існуе артыкул 23 Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Згодна з ім, маёмасць, якую набылі муж і жонка ў перыяд, калі іх адносіны былі зарэгістраваныя, дзеліцца пароўну. Калі для пакупкі яны ўкладалі розныя долі, і з гэтай нагоды нехта дзяліцца папалам не жадае, адбываецца падзел маёмасці праз суд. Калі пара імкнецца пазбегнуць судовых спрэчак, то ім прыйдзецца пагадзіцца на палову.

Любая рухомая і нерухомая маёмасць, якую набылі да шлюбу, гэтаксама як і падораная ці атрыманая па спадчыне падчас шлюбу, запісаныя на аднаго чалавека. Значыць, уласнік адзін, і сумеснай гэта маёмасць ужо ніяк не можа стаць.

“Нядаўна памёр мой бацька, які пакінуў трохпакаёвую кватэру. Я яго малодшы сын. Ёсць яшчэ родная сястра і зводная. Ці маем мы ўсе роўныя правы на кватэру? Як яе будуць дзяліць, калі ў мяне жылля няма, а ў сясцёр ёсць кватэры? Ляжачага бацьку два гады даглядаў я адзін. Уладзімір”. 

– У гэтай сітуацыі Уладзіміру можна толькі паспачуваць. Калі зводная сястра – родная дачка памерлага, то ўсе дзеці знаходзяцца ў роўных долях. Згодна з Грамадзянскім кодэксам, нашчадкі па закону ў першую чаргу – дзеці, бацькі, муж ці жонка.

Калі няма іншых нашчадкаў першай чаргі, то кватэра дзеліцца на тры часткі. Няма розніцы, колькі яшчэ кватэр у сясцёр. І калі доўгі час нават не званілі бацьку, яны маюць роўныя правы з Уладзімірам, калі ў завяшчанні памерлы не распараджаецца маёмасцю інакш. Канешне, усё гэта можна аспрэчваць праз суд, у тым ліку і завяшчанне.

– І ёсць шанец, што суд адменіць завяшчанне?

– Асноўны прынцып – воля памерлага павінна быць выкананая. Але існуе шэраг патрабаванняў да складання гэтага дакумента.

Ёсць групы сваякоў, якія могуць прэтэндаваць на спадчыну незалежна ад рашэння завяшчальніка. Гэта непаўналетнія дзеці, недзеяздольныя дзеці, бацькі, муж ці жонка. Недзеяздольныя – значыць інваліды ці пенсіянеры. Яны атрымліваюць не менш за палову маёмасці ў любым выпадку.

“У мяне дачка-дашкольніца. Год таму жонка нас кінула. Нядаўна прыехала і пачала патрабаваць сваю частку маёмасці. Ад бацькоў мне засталася кватэра, дача, добрая машына, гараж. Жонка прапісаная ў кватэры, але ў яе спадчыны ніякай не было. Як мне абараніць маёмасць сваёй сям’і ад жонкі, з якой я не змог пакуль развесціся? Канстанцін”.

– Нічога абараняць у гэтым выпадку не трэба. Уся маёмасць, якая перайшла Канстанціну па спадчыне, з’яўляецца яго ўласнасцю, і жонка на яе ніякіх правоў не мае. Калі яна прапісаная ў кватэры і ніякага іншага жылля не мае, то яе высяленне будзе праводзіцца ў судовым парадку.

Калі б гэта было сумесна нажытай уласнасцю, то давялося б дзяліцца паловай ці вырашаць пытанне праз суд.

“У мяне сусед – пенсіянер, са слабым здароўем, часам выпівае. Я дапамагаю яму па гаспадарцы, бывае, дактароў выклікаю. Сваякоў у яго няма. Ён хоча, каб пасля смерці кватэра перайшла мне. Але завяшчанне пісаць ён саромеецца. Кажа, што гэта толькі для арыстакратаў. Як жа мне не згубіць перспектыву кватэры? Аляксандр”.

– Калі Аляксандр не з’яўляецца сваяком і ён не будзе ўказаны ў завяшчанні – то амаль ніяк. Адзінае, што магу параіць – дагавор рэнты ці пажыццёвага ўтрымання.

Тады кватэра будзе ўжо лічыцца на Аляксандру, але распараджацца ёй ён не зможа. У дагаворы прапісаныя ўмовы перадачы: як даглядаць, што купляць у магазіне і на якую суму, ці дапамагаць на агародзе.

Як толькі сусед памірае, рэнта адпадае, і Аляксандр зможа стаць поўным уласнікам кватэры. Такім чынам, і пенсіянер сябе падстрахоўвае, і аўтар ліста не застанецца пакрыўджаным.

Іншая справа, чаму гэты мужчына саромеецца пісаць завяшчанне. Мне не зразумела.

А якая наогул карысць ад завяшчання?

– Гэта распараджэнне грамадзянінам уласнай маёмасці згодна са сваім пажаданнем на выпадак смерці. Падпісваць дакумент грамадзяніну варта толькі тады, калі ён валодае дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме.

Натарыус правярае перад складаннем завяшчання, ці цвярозы грамадзянін, ці разумее сэнс сваёго распараджэння. Калі ў чалавека назіраліся псіхічныя захворванні, то лепш перастрахавацца даведкай з вынікамі псіхолага-псіхалагічнай экспертызы.

Грамадзянін можа завяшчаць любую маёмасць, нават тую, якой у яго пакуль няма, любому чалавеку, нават калі гэта не сваяк. Гэтаксама, як можа і пазбавіць спадчыны. У мяне аднойчы разглядаўся выпадак, як перадаць у спадчыну карову. Яно і праўда, калі ў чалавека нікога няма, хто карову глядзець будзе?

– Ці можна ў завяшчанні ўказваць умовы, выкананне якіх гарантуе атрыманне спадчыны?

– Калі выкананне гэтых умоў можна пацвердзіць дакументальна, то так. Напрыклад, калі завяшчальнік ставіць умовай сваю крэмацыю, то нашчадак павінен прынесці дакумент аб здзяйсненні крэмацыі. Толькі з гэтым дакументам спадчына будзе перададзеная.

Але часам выстаўляюць такую ўмову – догляд сваёй магілы. Маўляў, я табе хату, а ты глядзі магілку. Гэта нельга адсачыць, і, у такім выпадку, калі ж выдаваць правы на спадчыну?

“У мяне памерла маці. Я збіраюся атрымаць спадчыну. Дзе мой бацька, я не ведаю. Ці абавязкова дзяліць маёмасць паміж намі двума? Яна”.

– Ніхто бацьку Яны шукаць не будзе. Ён сам павінен ведаць, што ў яго памёрла жонка і трэба звярнуцца да натарыуса на працягу паўгода. Яны павінны ці прыняць спадчыну, ці адмовіцца ад яе.

Адмовіўшыся ад спадчыны, вы адмаўляецеся ад яе назаўсёды. Вярнуць адказ назад немагчыма.

Ці прыходзяць да вас з праблемамі, якія вырашыць немагчыма?

– Часам бацькі дораць дзецям маёмасць пры жыцці з тым, што тыя будуць даглядаць іх у старасці. Але як толькі кватэра падораная, дзеці забываюць умову, з якой яны атрымалі маёмасць.

Таму, напэўна, лепш перастрахавацца. Каб дзяцей зацікавіць даглядаць бацькоў, раю скласці завяшчанне ці дагавор рэнты.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце