weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
02.10.2010 09:38 ,

Каб старасць светлая была

Гадзіна дня. З цяжкай сумкай вяртаюся з рынку дадому. Перада мной, цягнучы ногі па зямлі, не ідзе, паўзе бабуля. У адной руцэ кіёк, у другой – пакецік з батонам, якім ледзь не скрабе па зямлі.

Маленькая, худзенькая, яна падобная на дзіця. Гляджу на сіні, куплены гадоў трыццаць назад, палітончык, квяцістую, акуратна адпрасаваную хустачку і чамусьці хочацца плакаць.

Магчыма, ад разумення таго, што як ні старайся, а старасць усё адно прыйдзе. І хто ведае, якая яна будзе ў мяне: светлая, радасная. Ці вось такая, як у гэтай бабулі: згорбленая і цяжкая.

Усё ж такі я з ёй загаварыла. Бабуля спынілася, крышку выраўнялася, усміхнулася: “Ідзі дзетка, ідзі. Я сама дапаўзу. Хлеб жа не цяжкі. Сябе цягаць ужо не магу”.

Увесь дзень у галаве круціліся цяжкія думкі. Успамінала сваю бабулю, суседку Кацярынку, бабку Насту, якая дажывала свой век на сацыяльным ложку і кожны дзень расказвала медыкам пра тое, якой гаспадыняй была і агародніцай.

Ёсць у Валожынскім раёне вёска Пяршаі. У ёй – бальніца, дзе яшчэ гадоў 20 таму была адведзеная палата пад сацыяльныя ложкі для адзінокіх людзей. Гэта цяпер у нас на кожным кроку гавораць пра дамы для састарэлых, пішуць пра аддзяленні ў бальніцах, дзе зімуюць альбо дажываюць свой век адзінокія людзі. А тады гэта было ў нейкую навіну, ці што.

Адчувала, што перажывае за кожнага свайго падапечнага і галоўны доктар. “У бабулі, што ляжыць на ложку ля акна, ёсць дзеці, – расказвала яна мне, – але ўзяць маці да сябе не могуць. За жанчынай  патрэбны пастаянны догляд, а яны – працуюць”.

Другая бабуля была адзінокая. “Замуж не выйшла, жыла ўвесь час пры маме, – расказвала яна мне пра свой лёс, – да смерці яе дагледзела. А самой вось прыйшлося да чужых людзей туліцца. Добрыя ўсе тут, і дакторка, і сястрычкі, але дадому ўсё адно хочацца. Гляджу раніцай у акно – людзі на работу ідуць, дзеці ў школу. Здаецца, апранулася б ды за імі. Цяжка чалавеку без справы. Непатрэбным сябе адчуваеш, ці што. Часам так хочацца ўзяць у рукі ножык, абабраць бульбы, усыпаць у саганчык, зварыць у сваёй печы. Ноччу, калі не спіцца, я нават чую, як бульба пахне”.

Я не лічыла яе дзівачкай. Я ёй верыла і вельмі шкадавала. Бо як ні круці, а чалавеку лепш за ўсё дома, дзе, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

…Галіна Адамаўна нарадзіла сем дзяцей. “Пакуль падняла ўсіх, паставіла на свае ногі, гадоў 10 сну не мела, – расказвае жанчына, – А падраслі – зноў спакою не было. Трэба было ўсіх адзець, абуць, накарміць, адукацыю даць. Чацвёра маіх закончылі інстытуты, трое – тэхнікумы. Работы ва ўсіх добрыя, зарплаты. Колька ў Маскве жыве, Галя – у Слоніме, Насця – у Лідзе”.

“А ты ў бальніцы на сацыяльным ложку”, – перабіла яе суседка па палаце. “Не слухайце яе, мае дзеці добрыя, – ніколькі не пакрыўдзілася Галіна Адамаўна, – проста занятыя ўсе. Каму ўнукаў трэба парадкаваць, у каго са здароўем не зусім. Васька вунь дачу будуе, Саша ў камандзіроўку за мяжу паедзе”.

“Прыдумвае яна ўсё, – расказвала мне ў калідоры санітарачка, – не такія ўжо і занятыя яе дзеці. Тэлефанавалі мы ім. І Ваську, і Галі, і Вользе. Спіхваюць маці адно на аднаго, сварацца. Карацей, не патрэбная яна ім, і ўсё”.

Як ні круці, а чалавеку лепш за ўсё дома, дзе, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

Божа, як жа жыць, калі ведаеш, што не патрэбная? Любіце сваіх бацькоў!

Марына СЛІЖ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце