weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
02.10.2010 11:27 ,

Рэцыдывіст разануў па шыі сабутэльніка

Следчы аддзел пракуратуры Мінскай вобласці 23 верасня ўзбудзіў крымінальную справу па замаху на забойства ў вёсцы Бакшты Яршэвіцкага сельсавета, які адбыўся 21 верасня каля 19 гадзін.

Намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: абвінавачанне ў замаху на забойства прад’яўлена 58-гадоваму жыхару Бакштаў Ж., які на сваім падворку ўдарыў нажом у шыю свайго 21-гадовага сабутэльніка К., жыхара вёскі Ясьманаўцы.

Па папярэдніх дадзеных, у гэты дзень чацвёра мужчын у Бакштах загрузілі грузавую машыну яблыкаў. За гэту работу яны атрымалі 10 бутэлек віна. Відаць, палічыўшы, што на чацвярых гэтага ім будзе мала, мужыкі купілі яшчэ… 14 бутэлек такога самага віна.

Піць пайшлі на падворак да Ж. Падчас п’янкі К. заснуў на зямлі на падворку. Калі прачнуўся, убачыў, што сабутэльнікі б’юцца. У бойцы больш дастаецца яго сябру. К. заступіўся за сябра, расцягнуў мужыкоў і зноў лёг спаць. Гаспадар падворка не змірыўся з такім становішчам, пайшоў у дом, узяў нож, выйшаў на вуліцу і разануў па шыі К.

Пацярпелы здолеў адпіхнуць нападальніка, сабрацца з сіламі і ўцячы. У яго неглыбокі парэз шыі памерам 9 сантыметраў і парэз пальца рукі. Па словах Віталя Юрэвіча, цяпер яго жыццю і здароўю нічога не пагражае.

А вось абвінавачанаму пагражае сур’ёзны артыкул Крымінальнага кодэкса. Справа ў тым, што ён быў некалькі разоў судзімы. У тым ліку за забойства з асаблівай жорсткасцю ў 1994 годзе і за замах на забойства ў 2001 годзе.

Віталь Юрэвіч патлумачыў, што абвінавачанне хутчэй за ўсё будзе перакваліфікаванае ў “замах на жыццё асобай, якая раней ужо здзяйсняла забойства”. А за гэта можна атрымаць ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення свабоды альбо пажыццёвае зняволенне, альбо смяротную кару з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.

Цяпер жыхар Бакштаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і пакуль не прызнае сваю віну.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце