weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
02.10.2010 13:21 ,

Вучылішча для спартсменаў

У Маладзечне працуе філіял абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Навучэнцаў пакуль што нямнога – адзін дзевяты клас.

Калектыў невялікі – 17 чалавек, пяць дзяўчат і 12 хлопцаў. Большасць выканалі першы дарослы разрад. У некаторых – другі. Усевалад Трацэўскі – кандыдат у майстры спорту.

Віталь Сярмяжка, Сяргей Гайдай, Яўген Кавалёў, Таццяна Гулецкая, Мілона Міхайлава, Святлана Найдзянкова, Канстанцін Міхайлаў, Надзея Матусевіч, Віктар Клабук, Мікалай Сафронаў, Антон Сахно, Ілья Машніч – першыя навучэнцы філіяла Мінскага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, які адкрыўся ў Маладзечне.

Яны займаюцца рознымі відамі спорту: грэка-рымскай барацьбой, плаваннем, лёгкай атлетыкай, фехтаваннем, дзюдо, конным спортам. Але пазнаёміліся і пасябравалі хутка.

Каб спартсмены паспявалі трэніравацца, для іх распрацавалі спецыяльны графік заняткаў – яны пачынаюцца ў іх у 11 гадзін і заканчваюцца звычайна ў 15.30. А перад урокамі і пасля іх – трэніроўкі, двойчы ў дзень. “Яны вельмі стамляюцца фізічна, – расказвае інструктар-метадыст маладзечанскага філіяла вучылішча Таццяна Філістовіч. – І пакуль што трэніруюцца пяць дзён у тыдзень. З цягам часу будуць займацца і ў суботу”.

Вучацца ў школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых на скаліёз. Праграма навучання такая ж, як і ў іншых дзевяцікласнікаў. Толькі няма ўрокаў фізкультуры і працоўнага навучання (чарчэння). Затое штотыдзень ёсць дадатковая гадзіна беларускай літаратуры (пасля Новага года – рускай літаратуры). Наладжана выкладанне ўсіх чатырох замежных моў: 10 працягваюць вывучаць англійскую, трое – французскую, двое – іспанскую, адзін – нямецкую.

Сумяшчаць спорт і вучобу нялёгка: за тры тыдні верасня спартсмены паспелі па два-тры разы з’ездзіць на спаборніцтвы. Тым не менш Святлана Найдзянкова, Мілона Міхайлава і Таццяна Гулецкая вучацца на “васьмёркі-дзясяткі”.

Харчуюцца хлопцы і дзяўчаты тут жа, у сталовай школы-інтэрната. Харчаванне ўзмоцненае, пяціразовае. Спартсмены, акрамя крупаў, мяса, гародніны, штодня атрымоўваюць малако, арэхі і сухафрукты, шакалад.

Шасцёра навучэнцаў вучылішча і жывуць у інтэрнаце. Іх дом і бацькі засталіся ў Чысці і Турэц-Баярах. Дадому ездзяць толькі на выхадныя, і то, калі няма спаборніцтваў. У горадзе з імі працуюць не толькі трэнеры і настаўнікі, але і выхавальнікі: будзяць раніцай, а ўвечары, калі трэба, дапамагаюць справіцца з хатнім заданнем па школьных прадметах.

Хоць дзеці ўжо і даволі вялікія, але родныя непакояцца пра іх. “Бацькі навучэнцаў – малайцы. Кантралююць сваіх маладых спартсменаў, цікавяцца, як яны тут. Часта тэлефануюць мне, пытаюцца пра іх адзнакі, паводзіны”, – расказала інструктар-метадыст Таццяна Філістовіч.

Святлана Найдзянкова ўсё жыццё пражыла ў Чысці. Плаваннем займаецца ўжо шэсць гадоў. Бацькі не спартсмены. У басейн Святлану запрасіў яе старэйшы брат. Ён ужо пакінуў плаванне, а Святлана засталася – падабаецца. Яна расказала, што басейн у Чысці года паўтара як зачынілі. Ёй даводзілася штодня ездзіць на трэніроўкі ў Маладзечна. Але зімой, асабліва такой халоднай, як мінулая, асабліва не наездзіш. Таму вучылішча і інтэрнат – якраз тое, што трэба для якасных трэніровак і высокіх вынікаў. Бацькі, праўда, былі супраць: маўляў, вучыцца не будзе калі. Але Святлана іх угаварыла. Пакуль што не шкадуе, хоць і сумуе па родных і сябрах, якія засталіся ў Чысці.

Дарэчы, не ўсе бацькі рашыліся аддаць дзяцей у вучылішча алімпійскага рэзерву. Федэрацыі хадайнічалі перад кіраўніцтвам вучылішча аб большай колькасці спартсменаў. І клас разлічаны на 20-23 чалавекі. Але адны не захацелі “зрывацца” з роднай школы, бацькі іншых настаялі на тым, каб атрымоўвалі прафесію, не звязаную са спортам.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце