weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 13° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 13° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4458
1 долар 2.1112
100 рас.руб. 3.2211
03.10.2010 10:01 ,

Пустых абяцанняў тут не даюць

На інтэрв’ю загадчыца інтэрната аўтапарка №4 Людміла Будзько пагадзілася хутка. Сказала: “Прыходзьце цяпер”. Праз хвілін 15 карэспандэнт “РГ” ужо была на месцы – так што ўбачыла інтэрнат такім, які ён ёсць, без паказухі і прыхарошванняў.

Але ён і без гэтага аказаўся чыстым, акуратным і дагледжаным. У апошнія дні верасня там наладжвалі сучасную пажарную сігналізацыю. Па словах Людмілы Будзько, аўтапарк выдаткаваў на гэта 114 мільёнаў рублёў.

Даведка “РГ”. Аўтапарк №4 мае два інтэрнаты. Той, што знаходзіцца на вуліцы Касманаўтаў, пабудавалі ў 1977 годзе. Раней гаспадаром быў грузавы аўтапарк №2 “Знак пашаны”. Ад 2002 года інтэрнат належыць аўтапарку №4.

Уваход у інтэрнат.

Швейцар Вера Барада.

Каля лесвіцы наверх, да пакояў, жыхароў сустракае аб’ява: “У каго цячэ батарэя, тэрмінова звяртацца да каменданта”. Загадчыца інтэрната патлумачыла: “Замяняем старыя батарэі – 33 гады, ад 1977-га яны служылі. Ды і ўсе пласціністыя батарэі цяпер бясплатна для жыхароў мяняем на рабровыя – яны лепш абаграваюць пакоі”.

Увогуле ў інтэрнаце аўтапарка апошнім часам шмат абнаўленняў. Цяпер усе кухні ўкамплектаваныя рабочымі электраплітамі (па чатыры на паверсе), замененыя змяшальнікі. У некаторых нядаўна зроблены касметычны рамонт. Астатнія чакаюць сваёй чаргі.

Жанна Кісялевіч з сям’ёй жыве ў інтэрнаце паўгода.

Адна з кухняў пасля рамонту.

Па заяўках жыхароў абнаўляюць санвузлы ў блоках – можна замяніць рукамыйнік, унітаз, змяшальнікі.  Работы па ўстаноўцы – бясплатныя. На аплату самой сантэхнікі кіраўніцтва аўтапарка дае растэрміноўку ў некалькі месяцаў. Каля паловы санвузлоў ужо абнавілі.

Ірына Лагвіненка з мужам і двайнятамі Дзмітрыем і Дар’яй займае блок з двух пакояў.

Пакой адной з сем’яў інтэрната.

Чакаецца замена вокнаў на кухнях, дзвярэй на лесвічных пляцоўках. “І гэта не пустыя абяцанні – так яно і будзе. Вядома, не адразу, паступова, па паверхах. Але даволі хутка – дзверы, напрыклад, ужо заказалі. За сродкі аўтапарка, – кажа Людміла Будзько. – Дах і ўваход у будынак адрамантавалі раней. Мне ўвогуле вельмі лёгка працаваць з кіраўніцтвам прадпрыемства – яно клапоціцца пра жыхароў, укладае значныя сродкі ў інтэрнаты”.

Ды і сама загадчыца добра ведае патрэбы жыльцоў – у падобным інтэрнаце пражыла 16 гадоў.

Цяпер у інтэрнаце, што па вуліцы Касманаўтаў, жыве 301 чалавек. Не толькі работнікі прадпрыемства, але і супрацоўнікі іншых арганізацый і ўстаноў. Ёсць халасцякі, але большасць, каля 70%, – сямейныя людзі. Больш за чвэрць, 80 чалавек, – дзеці, дашкольнікі і школьнікі да 16 гадоў.

Недалёка ад інтэрната – крамы і крамкі. Так зручна: моцна не апранаючыся, купіў ласункаў і – дадому.

“Жыхары, – расказала Людміла Будзько, – часта мяняюцца. Будуюцца і будуюцца, а то і купляюць кватэры. Тут надоўга не заседжваюцца”.

Але нават для насельнікаў, якія пастаянна мяняюцца, ладзяць святы. На Новы год у актавай зале ставяць ёлку – дзеці дапамагаюць упрыгожваць. На ранішнікі аўтапарк традыцыйна возіць малых у тэатр “Батлейка”. Або запрашаюць артыстаў да сябе, у інтэрнат. І кожны, няважна, дзіця гэта работнікаў свайго аўтапарка ці іншага прадпрыемства, атрымоўвае падарунак.

У аўтапарку №4 працуе жыллёвая камісія пад старшынствам дырэктара прадпрыемства Яўстафія Каравая. Двойчы на месяц адбываюцца пасяджэнні. Так што чарга пастаянна рухаецца, тыя, хто жыў з бацькамі, здымаў кватэру ці прыехаў на работу з вёскі, засяляюцца ў інтэрнат.

Як і ўсюды, ёсць жыхары, што маюць запазычанасць за камунальныя паслугі. Два на ўвесь інтэрнат: адзін з іх ужо ўладкаваўся на работу, і з заробку будзе пагашаць доўг; другі, маці пяцярых дзяцей, у лістападзе атрымае кватэру. “Зацятых неплацельшчыкаў у нас няма – работа з імі адладжаная, – расказвае Людміла Будзько. – Тых, хто месяц-два не заплаціў, я лёгка знаходжу. Размаўляем – звычайна ў людзей так абставіны ў пэўным месяцы складваюцца, што з’явіўся доўг. А з ненадзейнымі жыллёвая камісія па заканчэнні года проста не працягне дамову і выселіць”.

Для Жанны Кісялевіч і яе сям’і інтэрнат стаў домам паўгода таму. Раней жылі  з бацькамі мужа ў Вытрапаўшчыне. “Было вельмі нязручна дабірацца на работу. Але яна мне падабаецца – трэці год працую кандуктарам. Сталі ў чаргу на інтэрнат – праз год нам далі пакойчык. Цяпер чакаем пашырэння – нам абяцаюць блок”.

Жыць у інтэрнаце ёй падабаецца. Стэрэатыпныя меркаванні, маўляў, у інтэрнатах вельмі людна і шумна, не падзяляе. “Так, дзеці бегаюць па калідоры, шумяць. Але дзеці ёсць дзеці – дзе ім гуляць? Напэўна, хацелася б, каб быў асобны дзіцячы пакой. Але ці з’явіцца магчымасць яго зрабіць? Зрэшты, некаторыя бацькі маглі б лепш глядзець сваіх малых”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце