weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
04.10.2010 11:31 ,

“Жалезны” Робсан – Роберт Грыгар’ян

Сям’я Грыгар’янаў прыехала ў Беларусь з Азербайджана, калі маленькаму Роберту было тры гады. Цяпер культурыст Грыгар’ян называе Маладзечна сваім родным горадам, хаця жыве ў Санкт-Пецярбургу.

І ў родным горадзе для маладзечанцаў ён адкрывае трэнажорную залу.

З паўночнай сталіцы Расіі Роберт прыехаў у Маладзечна па справах усяго на некалькі дзён. У панядзелак, 27 верасня, “жалезны” Робсан, як называюць яго сябры, даў інтэрв’ю “Рэгіянальнай газеце”.

Захапленне бодзібілдынгам стала для маладзечанскага спартсмена Роберта Грыгар’яна справай яго жыцця.

Даведка “РГ”. Роберт Грыгар’ян. Нарадзіўся 3 кастрычніка 1979 года ў Баку. Потым сям’я Грыгар’янаў пераехала ў Беларусь. Спачатку ў Салігорск, пасля – у Маладзечна. Падчас вучобы ў школе, ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, хлопчык займаўся грэка-рымскай барацьбой. Заслужыў званне кандыдата ў майстры спорту. Ад 1994 года займаецца бодзібілдынгам (культурызмам). У гэтай дысцыпліне Роберт таксама кандыдат у майстры спорту. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу, працуе ў галіне фітнэсіндустрыі. Мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Жанаты, гадуе дзвюх дочак васьмі і двух гадоў.

Роберт, як атрымалася, што вы пачалі займацца культурызмам?

– Спачатку падчас вучобы ў школе я займаўся грэка-рымскай барацьбой. У трэнераў Аляксандра Масіёнка і Віктара Вянглоўскага. Калі мне было 16 гадоў, я “пазнаёміўся” з жалезам дзякуючы трэнеру Віктару Грыгор’еву, у якога тады, у 1994 годзе, у Зялёным гарадку была трэнажорная зала. Віктар Фёдаравіч сваімі рукамі зрабіў трэнажоры, на якіх пасля вырасла не адно пакаленне спартсменаў. Я кінуў барацьбу. Бодзібілдынг захапіў мяне. Я адчуваў нагрузкі, адчуваў, як расту, і мне гэта вельмі падабалася.

Што гэта за спорт такі – бодзібілдынг?

– Існуе стэрэатып, што гэтым відам спорту займаюцца тупыя людзі. Гэта далёка не так. Каб накачаць мышцы, трэба ў першую чаргу мець мазгі. Правільна размяркоўваць нагрузкі, сачыць за сваім харчаваннем. Калі любой справай займацца няправільна, атрымаецца толькі адмоўны вынік. Яшчэ кажуць, што культурызм калечыць. Так, калечыць. Але як і любы іншы від спорту, якім займаешся не так, як трэба.

Вы займаецеся толькі для ўласнага здароўя альбо таксама ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах?

– Пакуль прайшло толькі два гады, як я выйшаў на памост. Але ўжо паспеў стаць прызёрам беларускіх рэспубліканскіх спаборніцтваў. Мне вельмі прыемна выступаць і адчуваць: я прадстаўляю Маладзечна. Нягледзячы на тое, што цяпер жыву ў Санкт-Пецярбургу, я застаюся грамадзянінам Беларусі, зарэгістраваным у Маладзечне. У горадзе, які я вельмі люблю. Упэўнены: здольны выйсці і на міжнародны ўзровень. Усё для гэтага раблю.

Роберт Грыгар’ян (справа) з першым трэнерам Віктарам Грыгор’евым.

А як атрымалася, што трапілі ў Піцер?

– У мяне ў гэтым горадзе шмат сваякоў. Сястра Арфенія, напрыклад, працуе там намеснікам галоўнага доктара ў дзіцячай бальніцы. І вось неяк на адным з мерапрыемстваў у Піцеры я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Наталляй. Цяпер у нас дзве дачкі – васьмігадовая Сільвія і двухгадовая Ніка. Яны вельмі падтрымліваюць мяне ў маім захапленні, якое стала маёй працай.

Стала працай?..

– Так, у Санкт-Пецярбургу працую ў фітнэсіндустрыі. У адным з самых крутых сеткавых клубаў “Спортлайф”. У ім трэніруюцца чэмпіёны свету і Еўропы. Трэніруюся там і я.

Але па адукацыі вы – юрыст?

– Гэта мая першая адукацыя. Скончыў юрыдычны факультэт Міжнароднага дзяржаўнага эканамічнага інстытута. Вось толькі бодзібілдынг так захапіў мяне, што я вырашыў вывучаць анатомію і біяхімію. Для гэтага паступіў у Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на факультэт атлетызм па спецыяльнасці бодзібілдынгу. Там цяпер вучуся.

А ў Маладзечне адкрываеце сваю трэнажорную залу.

– Адкрыць залу – мая даўняя мара. Думаю, яна нарадзілася, калі падлетак Роберт Грыгар’ян ішоў дамоў з трэніроўкі. Цяпер у яе здзяйсненні сваімі парадамі мне вельмі дапамагае мой першы трэнер Віктар Грыгор’еў, мае сябры, а таксама бацька Мікалай Сурэнавіч і маці Венера Арменакаўна. За гэта я ўсім ім вельмі ўдзячны.

Адкрыццё залы – камерцыйны праект?

– Каб я хацеў зарабіць на гэтым вялікія грошы, я адкрыў бы залу ў Пецярбургу альбо ў Мінску. Я хачу, каб маладыя маладзечанцы не бадзяліся абы дзе, а вялі здаровы лад жыцця, займаліся спортам. І для гэтага я стаўлю ў зале самыя сучасныя спартыўныя трэнажоры. Думаю, зала не будзе саступаць сталічным аналагам. Запрашаю пацягаць жалеза супрацоўнікаў “РГ”, выдання, якому я таксама вельмі ўдзячны за гэта інтэрв’ю.

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце