weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
05.10.2010 11:35 ,

Асіповічы — Маладзечна – 1:2

Рэалізуй маладзечанцы ў першым тайме хаця б палову з тых момантаў, якія стварылі, і ў другой палове сустрэчы па полі маглі б хадзіць пешшу.

А ў выніку гульня 3 кастрычніка ў Асіповічах скончылася на нашу карысць, але са “слізкім” лікам.

Якасць гульні і кантроль мяча цалкам задаволілі трэнерскі штаб маладзечанцаў. Пра гэта пасля матча ў інтэрв’ю “РГ” сказаў трэнер каманды Віталь Казяк. Нашы валодалі ініцыятывай на полі саперніка, вось толькі рэалізацыя створаных момантаў пакідае жадаць лепшага.

Хуткі гол маладзечанцы забілі ўжо на дзявятай хвіліне. Сяргей Дараховіч падаў вуглавы, першым у штрафной на мячы быў Дзмітры Вышынскі. Ён апярэдзіў абаронцаў і дакладна прабіў галавой – 0:1.

Госці працягвалі атакаваць. Аляксандр Грыхуцік не забівае пасля двух выхадаў адзін на адзін з варатаром. Не трапляюць у сетку варот з добрых пазіцый Вышынскі і Улад Касцюк.

Момант гульні.

“У першым тайме мы маглі “загрузіць” “Асіповічам” тры-чатыры галы, – кажа Віталь Казяк. – Каб гэта адбылося, гульня пайшла б лягчэй. Адзначу, што на завяршэнні атак аказваліся вопытныя футбалісты. На трэніроўках яны цуды твораць, а тут не забівалі. Нечага не хапала ў апошні момант. Шанцавання, ці што? Будзем спадзявацца, што хлопцы проста пакідаюць свае галы на наступныя гульні”.

Па словах трэнера, у другім тайме была апаска, што спрацуе футбольны закон: не забіваеш ты – забіваюць табе. Але надзейна згуляла абарона. Сяргей Дрозд, Раман Шаўчэнка, Міхаіл Лужынскі не падпускалі саперніка блізка да сваіх варот. А калі зрэдку і ўзнікала такая-сякая небяспека, яе без праблем ліквідаваў варатар Вячаслаў Камінскі.

Адзначым: ужо другую гульню запар Слава ўпэўнена адчувае сябе ў рамцы, правільна выбірае пазіцыю, вельмі асцярожна і разважліва гуляе на выхадах. Раней менавіта на выхадах Камінскі часта памыляўся. Будзем верыць, што наш галкіпер зрабіў для сябе правільныя высновы.

Вячаслаў Камінскі бярэ пенальці.

А на 61 хвіліне матча прыгожую камбінацыю разыгралі нашы ветэраны Аляксандр Грыхуцік, Дзмітры Вышынскі і Сяргей Дараховіч. Грыхуцік аддаў перадачу на Вышынскага, Дзіма – на забяганне Дараховічу, і капітан быў дакладным – 0:2.

Праз 10 хвілін падчас адной з рэдкіх контратак гаспадароў нашы ў сваёй штрафной збілі асіповіцкага нападаючага. Пенальці, трэба прызнаць, быў бясспрэчны. Слава Камінскі ў скачку ў правы ад сябе ніжні вугал дастаў мяч. Вось толькі гаспадары былі дакладнымі на дабіванні – 1:2.

Лік стаў “слізкім”. З-за любой выпадковасці мы маглі не ўтрымаць перамогу. І ў гэты адказны момант зноў выручыў Камінскі. У неверагодным палёце маладзечанскі варатар літаральна выцягнуў мяч з левай ад сябе дзявяткі варот.

Нічога істотнага да фінальнага свістка на полі больш не адбылося. Гасцявая перамога. Тры ачкі. Мы выходзім на “чыстае” чацвёртае месца дзякуючы таму, што акрамя “Асіповічаў”, у гэтым туры ачкі страцілі: “Гомельчыгунтранс”, які ў Мінску ўнічыю згуляў з “Зоркай-БДУ”; мастоўскі “Нёман”, які саступіў у Шклове “Спартаку” 0:2; і “Бяроза-2010”, якая ў Смалявічах мірам разышлася з “Вігвамам” – 0:0.

Іншыя вынікі: “Белтрансгаз” — “Жлобін” – 1:1, “Вертыкаль” — “Гомель-2” – 1:2, “Гарадзея” — “Клечаск” – 2:1, ДСК-2 — “Слуцкцукар” – 0:2, “Орша” — “Лівадзія” – 0:0.

У наступным туры ў нядзелю, 10 кастрычніка, дома прымаем гомельскі ДСК-2. Увага! Пачатак гульні ў 14.00. Не спазняйцеся.

Турнірная табліца пасля 28 тураў:

1. Гарадзея                    72

2. Слуцкцукар                65

3. Клечаск                      62

4. Маладзечна                    47

5. Бяроза-2010               45

6. Нёман                        44

7. Гомельчыгунтранс       42

8. Асіповічы                   42

9. Зорка-БДУ                 37

10. Спартак                   37

11. Гомель-2                  32

12. Орша                       32

13. Белтрансгаз              31

14. Вертыкаль                29

15. Вігвам                      28

16. Жлобін                     25

17. Лівадзія                    21

18. ДСК-2                      15

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце