weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
07.10.2010 14:07 ,

Лезлі да дзяўчат – апынуліся ў ізалятары

Каля сямі гадзін раніцы ў нядзелю, 3 кастрычніка, намесніку начальніка райаддзела міліцыі Андрэю Дударчыку пазванілі і паведамілі: на даху трохпавярховай прыбудовы да інтэрната сельскагаспадарчага ліцэя сядзяць чатыры п’яныя хлопцы і не хочуць злазіць.

“Пяць міліцыянераў не змаглі ўгаварыць двух 21-гадовых, 24-гадовага і 23-гадовага хлопцаў перастаць хуліганіць і злезці з даху, – расказвае ў інтэрв’ю “РГ” Андрэй Дударчык. – Хуліганы, якія залезлі на дах па пажарнай лесвіцы, папярэдзілі: калі міліцыянеры паспрабуюць залезці наверх, яны скінуцца на зямлю. Па мне, дык няхай бы кідаліся, калі такія разумныя. Але нічога не зробіш. Прыйшлося выехаць на месца”.

На месцы, на вуліцы 1 Мая, высветлілася: хлопцы, якія дагэтуль недзе адзначалі нейчы дзень нараджэння, вырашылі зайсці ў інтэрнат да дзяўчат. Баючыся, што вахцёр праз дзверы іх не прапусціць, яны залезлі спачатку на дах па пажарнай лесвіцы. Прыхапілі з сабой бутэльку гарэлкі, тут жа яе выпілі.

Андрэй Дударчык расказвае: каб залезці да “тэрарыстаў” незаўважана, яму давялося спачатку разбіць шыбу ў акне пакоя адпачынку на трэцім паверсе. Акно забілі менавіта таму, што праз яго, трапіўшы па пажарнай лесвіцы на дах прыбудовы, хлопцы і лазілі ў інтэрнат да дзяўчат.

Нечаканае з’яўленне Дударчыка на даху спачатку не вельмі напалохала хуліганаў. Яны размахвалі рукамі і нецэнзурна лаяліся, гаварылі непрыстойнасці.

“Прыйшлося ў больш жорсткай форме прапанаваць ім прызнаць сваю памылку, – кажа намеснік начальніка РАУС. – І калі на руках былі зашпіленыя наручнікі, хлопцы нарэшце супакоіліся. Мы спусцілі іх на вахту і паказалі, у якім месцы трэба ўваходзіць у інтэрнат”.

Прыехалі ў райаддзел міліцыі. Тут заўважылі: у аднаго з затрыманых разбітае брыво. Ён скарыстаўся гэтым, пазваніў сваёй маці і паскардзіўся, што твар яму разбілі міліцыянеры. Андрэю Дударчыку прыйшлося яшчэ і з той маці пагаварыць. Патлумачыць: ні ён, ні яго калегі да траўмы сына жанчыны не маюць ніякага дачынення. А калі яна сумняваецца ў гэтым – для скаргаў на міліцыю ёсць пракуратура.

Пасля адпачынку на даху інтэрната хлопцы адпачывалі ў камеры ізалятара часовага ўтрымання. У чаканні суда. Рашэнне суда было адпаведным. Па артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Кожнаму хулігану – па 700 тысяч рублёў штрафу за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. І па 70 тысяч рублёў штрафу за дробнае хуліганства.

“Нельга нас, міліцыянераў, такім чынам трэніраваць. Мы людзі простыя і проста выконваем свой прафесійны абавязак. І нават калі вам вельмі хочацца да дзяўчат, праходзьце да іх праз дзверы. У адваротным выпадку, у выніку можаце апынуцца не ў гасцях, а ў камеры ізалятара. Ну, а пасля гэтага – у судзе”, – падсумаваў Андрэй Дударчык.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце