weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
08.10.2010 14:52 ,

Асуджаныя разлічыліся з міліцыянерамі

Асуджаныя, якія адбываюць пакаранне па абмежаванні волі ва ўстанове адкрытага тыпу ў вёсцы Мароські, 4 кастрычніка ў чарговы раз сустрэліся з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. На гэты раз не ў ізалятары часовага ўтрымання, а на міні-футбольнай пляцоўцы.

Каманда асуджаных даказала: яны ўмеюць не толькі красці і хуліганіць, але і ў футбол гуляць. І выйграваць у тых, хто іх ловіць і затрымлівае.

Віктар Сухалет трапіў у мароськаўскую выпраўленчую ўстанову нядаўна. За разбой. На матчах з міліцыянерамі ён спачатку не вельмі ўпэўнена ўвайшоў у гульню. Потым – нічога. Асвоіўся і разыграўся.

На міні-футбольнай пляцоўцы гарадскога стадыёна ў панядзелак адбыліся два матчы. Спачатку асуджаныя выйгралі ў каманды крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі з лікам 4:2, а потым – у каманды патрульна-паставой службы з лікам 7:3. Гэта пры тым, што часовыя жыхары Мароськаў гулялі без двух асноўных сваіх футбалістаў Дзмітрыя Белбухава і Дзмітрыя Сапко, якія захварэлі.  

Сустрэчы сапернікаў праходзілі ўпершыню. Ініцыятарам іх правядзення стаў начальнік атрада мароськаўскай выпраўленчай установы адкрытага тыпу Міхаіл Івашкевіч. У інтэрв’ю нашаму выданню ён расказаў: ведаю, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку пастаянна трэніруюцца і гуляюць у футбол.

Міхаіл пазваніў начальніку вышуку Леаніду Лягуцкаму і прапанаваў правесці такую незвычайную сустрэчу. Леанід пагадзіўся. Прымеркавалі гульню да 92-й гадавіны з дня заснавання крымінальнага вышуку Беларусі, які адзначаецца 5 кастрычніка.

Дамовіліся, што каманды будуць складацца з пяці футбалістаў, а матч – з двух таймаў па 25 хвілін кожны.

“У першым тайме гульні міліцыянеры паўпіраліся, – расказвае Міхаіл Івашкевіч. – Першая палова гульні не выявіла пераможцу і завяршылася ўнічыю 0:0. У другім тайме мае асуджаныя павялі 2:0”.

Неўзабаве вартавыя правапарадку зраўнялі лік – 2:2. І ўсё ж іх “падапечныя” аказаліся мацнейшымі. Вынік сустрэчы – 4:2 на карысць мароськаўцаў.

А потым на стадыён прыйшлі міліцыянеры з патрульна-паставой службы і самі прапанавалі асуджаным згуляць з імі таксама.

“Убачыўшы высокіх, дужых і здаровых пэпээснікаў, мае хлопцы сказалі: супраць іх у нас няма аніякіх шансаў, – распавядае Міхаіл Івашкевіч. – І тым не менш, мы і тут справіліся. Ды яшчэ з больш пераканаўчым лікам”.

Пасля першага тайма мароськаўцы вялі з лікам 4:1, а закончыўся матч перамогай – 7:3.

Па словах начальніка атрада, на гэтыя спаборніцтвы было прыемна паглядзець. На пляцоўцы не было міліцыянераў і злачынцаў. Былі толькі футбалісты, якія не адрозніваюцца адзін ад аднаго нічым.

У сваёй камандзе Міхаіл Івашкевіч выдзеліў Дзмітрыя Жукоўскага, які ў гульні супраць крымінальнага вышуку забіў тры галы, Уладзіміра Дзерабазку, які з пенальці ў вароты патрульна-паставой службы забіў прыгожы гол у самую дзявятку, варатара Максіма Шылава, які добра адстаяў у варотах, Андрэя Бараноўскага, які не адмовіўся прыйсці на стадыён проста з бальніцы.

Усе асуджаныя, якія ўдзельнічалі ў гульнях, атрымалі заахвочванні. Цяпер каманда будзе рыхтавацца да футбольнай сустрэчы з супрацоўнікамі Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы. Летась вясной такі матч ужо праходзіў. Тады асуджаныя пацярпелі паражэнне. Пара браць рэванш…

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Вадзіма КУРЛОВІЧА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце