weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
08.10.2010 14:35 ,

У акопах пад Смаргонню

Здымак часоў першай сусветнай вайны прынёс у рэдакцыю маладзечанец Валеры Захватаў. На ім – яго дзед Адам, які ўдзельнічаў у баях пад Смаргонню.

1914 год. Першая сусветная вайна. Салдаты і афіцэры, што ўдзельнічалі ў баях пад Смаргонню. Першы справа – Адам Захватаў.

“Уважліва глядзеў фільм “Смаргонь. Забыты фронт”, – расказвае Валеры Захватаў. І ўвесь час успамінаў свайго дзеда Адама, яго расказы пра падзеі першай сусветнай. “Калі рускім і немцам абрыдла вайна, – успамінаў ён, – паміж салдатамі пачалося братанне. Яны хадзілі ў суседнія акопы ў госці, грэліся ля аднаго кастра. Адзін немец падарыў дзеду сцяг нямецкіх рабочых. Блакітны, з вышытым гаечным ключом”.

Усё жыццё захоўваў яго Адам Захватаў. А незадоўга да смерці занёс і здаў у Мінскі гістарычны музей. Яшчэ на тыя, савецкія грошы, за экспанат яму заплацілі 50 рублёў. Зрабіў гэта, канешне ж, не дзеля таго, каб зарабіць. Хацеў, каб памяць жыла як мага даўжэй. І пра яго, і пра таварышаў, што загінулі. І пра нямецкіх рабочых, у якіх дома былі сем’і, дзеці і жонкі. І якім, як і ім, не хацелася ваяваць.

На гэтым фотаздымку Адам стаіць у неглыбокім, па калена, акопчыку, першы справа. Казырок шапкі зухавата закрывае левае вока. Густая чорная барада надае сталасці і суровасці. Колькі ж яму на гэтым фотаздымку? Год 30, не больш.

Фатаграфаваліся салдаты, напэўна, дзесьці на ўскрайку лесу. На заднім плане бачныя елкі і верхавіны дрэў. Мужчыны пазіруюць фатографу. Хтосьці глядзіць у аб’ектыў, хтосьці – убок. А салдат, што стаіць першы ў другім радзе злева, падняў вочы да неба.

“Мой дзядуля перажыў дзве вайны, – расказвае Валеры Захватаў. – “У гады Вялікай Айчыннай яму было 60 гадоў. Таму на фронт не ўзялі. Але і дома хапіла, дык хапіла. Кожны дзень думаў пра тое, як там яго дзеці. З дома Захватавых на фронт пайшлі ўсе: і дочкі, і сыны. Ледзь не загінуў і сам”.

Жандармерыя знайшла след, які вёў з вёскі ў лес. Падазрэнне пала на Адама. Відаць, немцы палічылі, што ён хадзіў у лес да партызанаў. Далі лапату, загадалі капаць сабе магілу прама ў двары. Яна была гатовая напалову, калі на галасы, што разносіліся на ўсю вуліцу, прыйшоў афіцэр. Гэта быў Курт, немец, які кватараваў у доме Захватавых. Ён і выратаваў гаспадара ад смерці. А пазней высветлілася, што ў лес бегаў суседскі хлопчык.

1960 год. Адам Захватаў на сенакосе. Усё такі ж падцягнуты і з барадой.

Родам Адам Захватаў быў са Смаленшчыны. Ваяваць яму давялося на Смаргоншчыне, а дажываць свой век у Мінску ў дачкі Доры. Не раз ён быў і на Маладзечаншчыне, дзе працаваў яго сын, а цяпер жыве ўнук.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Валерыем Захватавым.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце