weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
10.10.2010 10:19 ,

Жураўліны клін

Паездка ў Мёры, дзе мы хацелі прыгледзецца да жыцця жураўлёў, увесь час адкладвалася. Выбрацца ўдалося толькі ў кастрычніку. Стаяла прыгожая залатая восень…

Дырэктар заказніка “Ельня” Пётр Багалей сказаў, што раніцай, едучы на працу, бачыў каля 200 жураўлёў. І адразу пракансультаваў: “Журавель – вельмі кансерватыўная птушка. Аблюбаваўшы месца для кармлення альбо адпачынку, прытрымліваецца яго дзесяцігоддзямі. У гэтым годзе на полі, дзе яны звычайна адпачываюць, была пасеяная кукуруза. Корму там цяпер дастаткова. Так што чакайце, “паляванне” павінна быць удалым”.

На краі поля стаяў будан для пастухоў. Яшчэ не развіднела, а мы ўжо ўстанавілі там апаратуру і сталі чакаць. Прыкладна а палове восьмай у небе пачулася курлыканне журавоў. Зрабіўшы невялікі паўкруг, чарада апусцілася на зямлю дзесьці за метраў 250 ад нас. У ёй было 12 птушак.

Адразу яны агледзеліся і, не ўбачыўшы нічога падазронага, сталі падсілкоўвацца. Кукурузных пачаткаў было шмат. Птушкі павольна хадзілі па полі, выбіралі, напэўна, лепшыя.

Бацька і сын.

Праз нейкі час у небе з’явілася яшчэ адна кампанія. Падлятаючы, яна падавала голас, крычала. З зямлі адказвалі неахвотна.

У пошуках кукурузы птушкі курсіравалі па полі туды-сюды.

Вельмі цікава было глядзець, як жураўлі садзяцца. Зайшоўшы на разварот пад вецер, яны адразу спускалі ногі ўніз, затым паварочвалі вугал крыла, разводзілі пер’е хваста, каб пагасіць хуткасць, і толькі тады ішлі на пасадку. Прызямліўшыся, птушкі прабягалі яшчэ некалькі метраў і пасля гэтага спыняліся, трывожна азіраючыся на ўсе чатыры бакі.

Карміліся чароды асобна. Відаць, каб не пераблытацца. А калі адначасова падымаліся ў неба, то толькі па ім адным вядомых прыкметах дзяліліся на асобныя кліны і шнуркі.

На цёплы поўдзень.

Чарада, што прыляцела ў той дзень на поле першай, адразу ж  выставіла свайго назіральніка. Не рухаючыся, ён стаяў на працягу трох гадзін. А калі некаторыя птушкі, заняўшыся пошукамі ежы, вельмі далёка адыходзіліся ад умоўна ўстаноўленай ім мяжы, вартаўнік выдаваў гукі, пасля якіх тыя адразу ж вярталіся назад.

Варту сваю журавель, хутчэй за ўсё гэта быў важак, нёс вельмі адказна. Асабіста мне было яго нават крыху шкада.Усе снедалі, набіраліся сіл, а ён, галодны і ганаровы, іх вартаваў.

Журавель быў самы вялікі. Думаю, менавіта ён ляцеў у пачатку кліна, вёў сваіх братоў па толькі яму вядомай дарозе на кукурузнае поле, а затым –назад.

Птушкі паважалі яго. Слухаліся. Рэагавалі на голас.

Пахадзіўшы па полі і наеўшыся ўдосталь кукурузных пачаткаў, птушкі вырашылі адпачыць і прыняць ранішні туалет. Хто сабе ўкладваў пер’е, хто нават садзіўся на зямлю. Некаторыя жураўлі хавалі галаву пад крыло. Магчыма, “драмалі”.

Здаралася, дарослыя спрачаліся з моладдзю. Відаць, яны ўмелі ім паказаць, хто ў чарадзе старэйшы. Пасля “перабранак” маладыя птушкі заўсёды станавіліся ў канец кліна.

Бліжэй за 180 метраў яны да нас так і не падышлі. Зразумеўшы, што больш у будане чакаць няма чаго, мы, як толькі птушкі пачалі станавіцца на крыло, выйшлі з фотаапаратамі на вуліцу. Канешне ж, жураўлі спалохаліся. І на наступную раніцу заплацілі нам за гэта. Яны не селі на тое месца, дзе карміліся напярэдадні, а паляцелі на самы далёкі канец поля. Кукурузы там хапала, а каманды важака было дастаткова любому члену чарады, каб не выходзіць за зону бяспекі.

Дзесьці пад вечар на полі, дзе апошні раз карміліся птушкі, я выкапаў акопчык і накрыў яго маскіровачнай сеткай, якую ў сваю чаргу засыпаў рэшткамі сухіх сцяблоў кукурузы. Збудаванне  гэта ўзвёў побач з узгоркам, зрабіўшы заднюю сценку непразрыстай, каб не было бачна ніякіх рухаў маёй галавы ці рук над гарызонтам зямлі. Тое, што ўкрыцце атрымалася нядрэннае, пацвердзілі дзве вароны, якіх зацікавілі сцёблы кукурузы. Яны літаральна завісалі нада мной на вышыні 3-4 метры, выглядвалі, вынюхвалі, але так нічога і не заўважыўшы ў кучы смецця, садзіліся на поле да раскіданых мной пачаткаў кукурузы і карміліся як ні ў чым не бывала.

Не заўважыла мяне і жураўліная чарада. 52 птушкі хадзілі побач, карміліся і нават не здагадваліся, што за імі назіраюць у бінокль.

Тым не менш, асцярожнасці яны не гублялі. Маладыя птушкі ўвесь час трымаліся сваіх бацькоў. Куды ішлі адны, туды і другія. Адчувалася, што сувязь паміж імі яшчэ не страчаная. Што мамы і таты вучаць сваіх птушанят здабываць корм, арыентавацца, быць пільнымі.

Адрозніць птушак было не цяжка. У маладых на шыі яшчэ не было чорнага гальштука да сярэдзіны і прыгожай чырвонай, з дзвюх палавінак, шапачкі на галаве. Замест гэтага яны  мелі афарбаваную ў светла-аранжавы колер галаву.

Прыгожымі і дарослымі гэтыя жураўлі стануць толькі праз паўгода. Якраз у час, калі вернуцца пасля зімоўкі ў родныя мясціны.

Віктар  КАЗЛОЎСКІ.

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце