weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
11.10.2010 11:02 ,

Развіваць – гуляючы!

У цэнтры дашкольнага развіцця дзіцяці працуе незвычайная група. Яе наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія пакуль не ходзяць у дзіцячы садок. У верасні адбыўся трэці набор, але месцаў зноў хапіла не ўсім жадаючым.

Па аўторках і чацвяргах дзеці, якім пашчасціла стаць удзельнікамі, прыходзяць з матулямі ў цэнтр. Спачатку іх “разагравае” выхавальніца і псіхолаг.

Намалюем добры настрой!

Напрыклад, прапаноўваецца намаляваць сабе пэндзлікамі броўкі, вусікі, носік, усмешку. Не хвалюйцеся, дзеці не ходзяць потым перапэцканыя гуашшу, яны малююць добры настрой. А ролю пэндзлікаў выконваюць пальчыкі.

Першыя паўгадзіны хлопчыкі і дзяўчынкі гуляюць з цацкамі ці адзін з адным, танцуюць пад дзіцячыя песні ці проста сядзяць з матуляй. У групу прымаюць з года да трох, але большасць тут – двухгодкі. Самаму маленькаму Мікіту Гардынцу год і чатыры месяцы, і адчувае ён сябе цалкам камфортна.

Пакажы роцік!

– Яны ж зусім маленькія, займаць іх можна толькі па паўгадзіне, больш яны проста не вытрымаюць, – тлумачыць Марына Шчыгло, загадчыца цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці. – Таму ў нас дзве групы па восем чалавек. І з 11 да 13.15 яны чаргуюцца: напрыклад, адна група на фізічным выхаванні, другая – на музыцы.

Адаптацыя да самастойнасці

Пайсці ў садок для дзіцяці – гэта стрэс. Таму такая група і створаная, каб аблегчыць адаптацыю да дашкольнай установы. Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць са сваімі матулямі, але праз некалькі месяцаў дзеці прывыкаюць і могуць абыходзіцца адны.

– Калі прыйшлі з Мікітам на першы занятак, выхавальніца ўключыла песеньку, – узгадвае Людміла Міхайлава, маці Мікіты Гардынца. – Згодна з тэкстам, трэба было дакрануцца ці да носіка, ці да пяткі, ці да іншых частак цела. Безумоўна, ніхто з дзяцей гэтага зрабіць не мог. Але выхавальніца сказала, што да Новага года яны гэта станцуюць, усё выконваючы правільна. І яны ж ведаюць, што гавораць, гэта ўжо трэці набор.

Дзеці вучацца слухаць і чуць выхавальніцу. Большасці падабаецца гуляць у “сонейка-дожджык”, а хто пакуль не навучыўся – гуляе асобна разам з маці.

Чаму тут вучаць

А праводзяцца заняткі па розных кірунках, і усе ў форме гульні. Па сенсорыцы – знаёмстве з колерам, памерам, формай, канструктаванні. Настаўнік-дэфектолаг займаецца развіццём маўлення, хаця многія з дзяцей яшчэ на размаўляюць.

У студыі выяўленчага мастацтва кіраўнік вучыць лепцы, аплікацыі, малюнку. Напрыклад, адным з апошніх заданняў было размаляваць выразаныя з паперы кляновыя лісцікі. З гэтым заданнем справіліся ўсе, праўда, хлопчыкам і дзяўчынкам пакуль дапамагаюць матулі.

Пакуль дзеці не навучыліся размалёўваць кляновыя лісцікі самі, ім дапамагаюць матулі.

Асобныя памяшканні ёсць для заняткаў музыкай і фізічным выхаваннем. Тут таксама займаюцца адпаведныя педагогі. Ёсць сапраўдныя трэнажоры, напрыклад бегавая дарожка. Безумоўна, усё дзіцячае.

Тата прыйшоў за Мікітам і яго маці. Але Мікіту вельмі падабаецца на бегавой дарожцы, і хочацца трошкі затрымацца.

Перад заняткамі бацькам раяць наведаць экалагічны пакой. Акрамя таго, што дзеці знаёмяцца тут з рознымі раслінамі і насеннем, яны яшчэ дапамагаюць гадаваць жывёл. Тут ёсць рыбкі, папугаі, трусы, хамякі. Нядаўна цэнтр набыў шыншылу, нехта з дзяцей прынёс кацяня. А для трусіхі Марты пастаянна прыносяць моркву.

Уважлівасць да жывёльнага і расліннага свету выхоўвае ў дзецях дабрыню, але толькі калі яны бачаць, што блізкія ім дарослыя таксама клапоцяцца пра ўсё жывое. Тут яны бачаць прыклад і бацькоў, і настаўніка-эколага.

– Мы як цэнтр маем значную перавагу над садкамі, – гаворыць Марына Шчыгло. – У садках усе памяшканні падзелыя паміж групамі, у нас жа ёсць магчымасць выдзеліць асобна і экалагічны пакой, і іншыя. Да таго ж, усе педагогі маюць адпаведную адукацыю. На кожны прадмет для кожнага ўзросту распрацаваная свая методыка.

Весела і цікава

Але развіццё – гэта нават не асноўная мэта, з якой матулі прыводзяць дзяцей менавіта сюды. Такія групы ёсць у 30 і 17 садках, працуюць яны з сакавіка да жніўня.

Але калі выхоўваць дзіця дома, то ў цёплае надвор’е можна пагуляць і ў пясочніцы ці парку. А вось зімой маці даводзіцца забаўляць свайго хлопчыка ці дзяўчынку ў кватэры ці пасадзіць глядзець мульцікі. Да таго ж, у жанчыны хапае і гаспадарчых клопатаў. Таму група асабліва актуальная ў халоднае надвор’е.

– Як сходзім у групу, у Мікіткі ўражанняў на ўвесь дзень! – расказвае Людміла Міхайлава. – Часам мы яшчэ крыху прагуляемся па тэрыторыі садка.  Тут жа так весела, утульна і прыгожа, усё цікава. Я чакаю дзіця, і для мяне гэтая група – значная дапамога.

Па словах загадчыцы цэнтра, творчы і ініцыятыўны калектыў заўсёды імкнецца развівацца і адкрываць новыя праекты. Плануецца стварыць групу выхаднога дня, арганізаваць працу педагога дома.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце