weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
12.10.2010 16:57 ,

“Гандлявала” здохлымі цялятамі

Загадчыца жывёлагадоўчай фермы “Амаляны” сельгаскааператыва “Кракоўка” Наталля П. асуджаная за службовы падлог, здзейснены з мэтай скажэння дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Прыгавор – пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на два гады са штрафам у памеры 50 базавых велічынь на суму 1 750 000 рублёў. Асуджаная не стала абскарджваць прыгавор, і ён у пачатку кастрычніка ўступіў у законную сілу.

У судзе Ашмянскага раёна было даказана: Наталля са студзеня па жнівень 2009 года наўмысна ўнесла ў афіцыйныя дакументы заведама лжывыя звесткі аб падзяжы цялят і каровы на яе ферме.

Па прыгаворы праходзіць пяць выпадкаў службовага падлогу. Цяляты і карова здохлі, а загадчыца фермы, каб схаваць гэта, па паперах афармляла дакументы на пакупку жывёлы сваімі рабочымі – цялятніцам, у групе якіх жывёліна здохла, альбо вартаўніку, у начное дзяжурства якога быў падзеж скаціны.

Грошы пасля вылічваліся з зарплаты работнікаў. Рабіла гэта Наталля для таго, каб у яе на ферме быў знешні выгляд добрых паказчыкаў у рабоце, каб атрымліваць для сябе надбаўкі да службовага акладу за складанасць і напружанасць у рабоце, пазбегнуць дысцыплінарных спагнанняў і атрымліваць павышаную зарплату.  

Першы выпадак адбыўся 30 студзеня 2009 года. Тады загадчыца фермы сваім работнікам фіктыўна прадала пяць цялят, якія на самой справе здохлі і былі ўтылізаваныя.

Такім самым чынам Наталля 29 красавіка прадала на паперы трох цялят. 5 чэрвеня загадчыца аформіла на сябе і сваю памочніцу карову, якую адразу пасля ацёлу выгналі на пашу, што рабіць забаронена. Ад гэтага тая здохла.

Яшчэ трое цялят былі “прададзеныя” 21, 23 і 25 жніўня. А ад лютага да ліпеня загадчыца не склала актаў апрыходавання пяці галоў маладняку, бо жывёліна здохла адразу пасля ацёлу кароў.

У выніку злачыннай дзейнасці Наталлі работнікі бухгалтэрыі сельгаскааператыва склалі дзяржаўныя статыстычныя справаздачы пра стан жывёлагадоўлі на ферме на першыя дні лютага, мая, ліпеня і верасня 2009 года. Гэта прывяло да скажэння дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці пры прадстаўленні справаздач у ашмянскі раённы аддзел статыстыкі.

Абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну. Яна расказала, што працуе загадчыцай фермы ад 1997 года, хаця не мае спецыяльнай адукацыі. У гаспадарцы склалася такая практыка – хаваць факты падзяжу скаціны, фіктыўна прадаючы яе цялятніцам і вартаўніку.

Дохла жывёліна, па словах Наталлі П., не толькі па віне цялятніц, але і з-за несвоечасовага аказання ветэрынарнай дапамогі. У тым, што зрабіла, падсудная раскайваецца, разумее: рабіла гэта незаконна.

Акрамя прызнання віны падсуднай, яна пацвярджаецца паказаннямі сведкаў, работнікаў фермы “Амаляны” сельгаскааператыва “Кракоўка”. Наталля актыўна супрацоўнічала са следствам. Гэта змякчыла яе віну. Суд вырашыў не выносіць пакаранне, звязанае з абмежаваннем альбо пазбаўленнем свабоды, і вынес самае мяккае пакаранне.

Анастасія ПАСТУШКО, памочнік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Здохлых цялят фіктыўна прадавала загадчыца жывёлагадоўчай фермы “Амаляны” сельгаскааператыва “Кракоўка”, што ў Ашмянскім раёне.

Фота kp.ru.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце