weather 15° Маладзечна
weather 15° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 15° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 15° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4663
1 долар 2.1261
100 рас.руб. 3.2227
12.10.2010 10:19 ,

Першы год шматдзетнай сям’і

Пятага лістапада Карына, Ірына, Кірыл і Вадзім Лукашэвічы з Ашмянаў адсвяткавалі свой першы дзень нараджэння – адзін на чацвярых.

Як прайшоў гэты год для мнагадзетнай сям’і? Каб высветліць гэта, мы і наведаліся ў кватэру №13 па завулку Міцкевіча, 5 у Ашмянах.

Кватэра сустрэла нас расчыненымі дзвярамі і цішынёй. Дзеці не спалі, яны снедалі на руках у чатырох нянек.

– Калі казаць па праўдзе, то першы год прайшоў нармальна. Я спадзявалася, што цяжэй будзе. Але, дзякаваць Богу, дзеці растуць здаровыя і не капрызлівыя, таму мы спраўляемся. Зараз ужо лягчэй стала, яны падраслі.

Марына і Уладзімір Лукашэвічы з дзецьмі.

Папулярнасць

Па словах Марыны Лукашэвіч, павышаная ўвага да іх сям’і была толькі напачатку, калі факт з’яўлення на свет чацвярні стаў сенсацыяй. А потым папулярнасць спала. Яно, можа, і добра, бо ад яе яны нават стаміліся. Машыну падарыў банк, дзе Марына працавала да дэкрэтнага, грашовую дапамогу выдзелілі на рабоце мужу, з кватэрай дапамаглі мясцовыя ўлады, а ўсе астатнія праблемы давялося вырашаць самім. Праўда, бясплатным харчаваннем да двух гадоў дзеці забяспечаныя, бабуля атрымлівае зарплату як сацыяльны работнік па доглядзе за дзіцем. Медыкі наведвалі часта, цікавіліся здароўем, ды Марына папрасіла іх не турбавацца – блізняткі растуць здаровымі, а дактары загружаныя, хай больш часу застаецца для тых дзяцей, якім медыцынская дапамога патрэбная.

Жыллё

У новую кватэру Лукашэвічы пераехалі напрадвесні, у пачатку сакавіка. Пакуль дзеці былі малыя, зімавалі ў мамінай кватэры. А потым цесна стала. Мэблю ў новую кватэру купілі, ды яшчэ не ўсю. У адным з дзіцячых пакояў прыгожыя, ярка-аранжавыя канапы. Тут  спіць бабуля і па сумяшчальніцтве сацыяльны работнік Рэгіна Раманаўна. Яна падымаецца да Кірыла, які ноччу дрэнна спіць. Тут жа і каляровы тэлевізар.

Цалкам абсталяваная сучаснай мэбляй і бытавой тэхнікай кухня – без гэтага ніяк. Новая мэбля ў спальным пакоі Уладзіміра і Марыны. Нават асобны камп’ютарны пакой у іх ёсць. У другім дзіцячым пакоі, дзе спяць Ірына і Вадзім, пакуль толькі два дзіцячыя ложкі. А вось зал выкарыстоўваюць як дзіцячы пакой для гульняў – тут прыпаркаваны хадункі, стаіць надзіманы басейн – зразумела, без вады.

– Некалі, магчыма, і будзе пакой залай, – спадзяецца Рэгіна Раманаўна.

Першыя зубы

Зараз іх цэлы камплект – роўна 32. Праўда, патрэбна падзяліць іх на чатырох, у кожнага па 8 атрымаецца. Першы зуб з’явіўся ва ўсіх адначасова, але асаблівых турбот ні немаўлятам, ні бацькам гэта не прынесла – дзеці не капрызілі перад іх з’яўленнем. Асабліва прыемна, што з’явіліся зубкі без спазнення, і зараз растуць нібы па графіку.

Першыя словы

Прыкладна адначасова блізняткі сказалі першае слова. Толькі Кірыл (ён “старэйшы сярод блізнят) сказаў “мама” раней, чым брацік і сястрычкі. Зараз ён можа сказаць і “дзядзя”, і “ляля”, і “агу”. Уладзіміра называе “тата”, хоць у сям’і гэтага слова ніхто не гаварыў. Хаця, успамінае бабуля Рэгіна Раманаўна, так звала яна свайго бацьку. Можа, у дзіцяці генетычная памяць?

Калі плачуць, усе дзеці клічуць маму, могуць сказаць яшчэ “мамка”.

Першыя крокі

Зараз каляскамі немаўляты ўжо не карыстаюцца – Марына кажа, што іх цяжка выносіць на вуліцу. Каляскі так і засталіся ў вёсцы. Па кватэры Ірына і Карына поўзаюць, а вось хлапчукі ад такога спосабу перамяшчэння пагардліва адмаўляюцца. Затое ў хадунках усе чацвёра бегаюць хутка.

А калі выходзяць на прагулку, то дзяцей выносяць і ставяць ля лаўкі, вакол якой яны з задавальненнем пераступаюць. Па хаце ходзяць за ручку, трымаючыся за мэблю. Спрабуюць хадзіць і самастойна, праўда, робяць пакуль па некалькі крокаў. Найбольш асцярожны Вадзім. Па словах маці, пакуль крок ступіць, некалькі разоў агледзіцца.

Нянькі

У кожнага дзіцяці – свая нянька. Цётка Марыны Крысціна ўзгадвае, што адразу, як немаўляты нарадзіліся, яна “выбрала” для сябе Ірынку. Потым разам з Марынай паехала забіраць дзяцей з раддома.

У кожнага дзіцяці – свая нянька.

Напачатку ім аддалі толькі Кірыла і Ірыну – яны хутчэй за Вадзіма і Карыну набралі патрэбную вагу.

Вось тады яна першы раз узяла на рукі Ірынку. З тае пары з ёй і забаўляецца – корміць дзяўчынку, купае, пераапранае, гушкае на руках, укладваючы спаць.

Вадзім больш часу праводзіць разам з мамай – калі нарадзіўся, быў больш кволы, і, натуральна, патрабаваў больш увагі. А маме яго шкода было як самага слабага. Зараз, калі садзяцца карміць, яго месца – на маміных руках.

Кірыл – клопат бабулі Рэгіны. Ён нарадзіўся большы за іншых і зараз мае большую вагу, чым астатнія. Таму Рэгіна Раманаўна і ўзяла клопат на сябе – каб дачцэ лягчэй было, каб менш падымала яго на рукі. Да таго ж Кірыл, адзіны з блізнятак, дрэнна спіць ноччу, і Рэгіна Раманаўна падымаецца да яго сама, каб Марына адпачыла. А Карына – татава пястушка і любіміца.

– Як яна ажыўляецца, калі Валодзя з работы прыходзіць! А ён так хацеў сыноў, а зараз больш дачушку песціць. І вучыць многаму. 

Характары

Нягледзячы на тое, што яны блізняткі – дзеці насамрэч такія розныя. Кірыл і Ірына – больш светлыя і блакітнавокія, а вось Карына і Вадзім маюць маміны карыя вочы і цёмныя валасы.

Кірыл нарадзіўся раней і зараз паводзіць сябе як старэйшы – і выглядае “сталей” за іншых, і больш настойлівы і самастойны. У яго слоўнікавым запасе больш слоў. Затое ноччу спаць не хоча, часта прачынаецца і патрабуе да сябе ўвагі.

Карына –  самая шустрая і адзіная з блізнятак, якая да гэтага часу ссе соску-пустышку. Зрэдку і Кірыл яе бярэ, а вось Ірына і Вадзім не карысталіся ёю нават калі былі меншымі. Карына ўмее піць сок з трубачкі – тата навучыў.

Дзяўчынцы не перашкаджае начны плач Кірыла, таму яны дзеляць адзін пакой на дваіх.

Вадзіма мама ахарактарызавала як найбольш сур’езнага, абачлівага і асцярожнага. Ён нават рэдка калі ўсміхаецца, а кожны свой крок і ўчынак абдумвае. Вадзім спіць у абдымку з бутэлечкай з сокам. Калі дап’е сок да канца, бутэлечку кідае на падлогу, калі ж яшчэ што засталося, тады акуратна пакладзе побач з сабой на падушку. Па начах ён бацькоў і нянек не турбуе, абыходзіцца самастойна.

Ірынка – дзяўчынка кампанейская, не цураецца чужых людзей, усміхаецца ім і нават на рукі ідзе. 

Жыццё

 Усё лета сям’я правяла ў вёсцы, дзе жыве бабуля Марыны і прабабуля блізнят. Там садзілі агарод, а яго трэба было даглядаць. І зараз у выхадныя  там бываюць. Але на зіму плануюць перавезці сюды прабабулю – і з дзецьмі дапаможа, і самой будзе весялей. Не старая ж яшчэ – семдзесят год усяго.

Зараз Марыя наведвае курсы шафёраў, каб самой вадзіць падораны сям’і аўтамабіль. Ды і ў астатнім яны знаходзяць час на адпачынак. Праўда, адпачываюць паасобку – то Уладзімір возьме на сябе большыя клопаты, каб жонка змагла і ў цырульню наведацца, і ў магазіны, то Марына стараецца наладзіць мужу выхадны.    

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце