weather 24° Маладзечна
weather 24° Вілейка
weather 24° Смаргонь
weather 24° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 24° Мядзел
weather 24° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
13.10.2010 17:32 ,

Маладзечна — ДСК-2 (Гомель) – 7:0!

Маладзечанскія балельшчыкі на сваім стадыёне ў нядзелю, 10 кастрычніка, шкадавалі футбалістаў з Гомеля. Госці, па словах трэнера “Маладзечна” Віталя Казяка, усю гульню не ведалі, куды ім бегчы.

У выніку – разгром гамяльчан з больш чым непрыстойным лікам 7:0.

“Вось цікава, гэта мы такія моцныя ці сапернікі такія слабыя? – сказаў у інтэрв’ю “РГ”, каментуючы вынік сустрэчы, Віталь Казяк. – Я не магу ўспомніць ніводнага больш-менш небяспечнага моманту каля нашых варот. Было там пару ўдараў, але ніякай небяспекі яны не ўяўлялі”.

Квартэт мячоў 10 кастрычніка забіў у вароты гомельскага ДСК-2 ветэран “Маладзечна” Дзмітры Вышынскі.

Па словах трэнера, камандзе кіраўніцтва стадыёна нарэшце дазволіла правесці перадгульнявую трэніроўку на стадыёне, на якасным газоне. У тым ліку і гэта натхніла нашых футбалістаў. Ну, а перад пачаткам матча – добрае поле, добрае надвор’е, падтрымка балельшчыкаў.

Нашы выйшлі на поле без траўмаў і ў баявым настроі. Усё ішло да таго, што хлопцы атрымаюць задавальненне ад гульні. Так яно і атрымалася.

Трэнераў Аляксандра Гармазу і Віталя Казяка непакоіла толькі тое, што іх падапечныя могуць недаацаніць саперніка і выйсці на поле з шапказакідальніцкім настроем. Такое ў гэтым туры здарылася з лідарам чэмпіянату “Гарадзеяй”, якая нечакана з буйным лікам 2:5 у гасцях саступіла “Жлобіну”.

На шчасце, у нашым выпадку недаацэнкі не адбылося. Мы забілі аўтсайдару два хуткія галы, і ўсё пайшло роўна і на высокім узроўні. На 11 хвіліне Дзмітры Вышынскі атрымаў перадачу справа ад Віталя Макрыцкага, апрацаваў мяч і прабіў у далёкі вугал варот – 1:0.

Макрыцкі на сваім правым флангу паўабароны вырабляў усё, што хацеў. Праз дзве хвіліны Віталь зноў аддаў пас Вышынскаму. Дзіма прыняў мяч спіной да варот, развярнуўся і другі раз прабіў дакладна – 2:0.

На 23 хвіліне наш правы паўабаронца асісціраваў ужо Аляксандру Грыхуціку. Пасля паса Віталя, Саша застаўся сам-насам з варатаром, і трэці гол забіваў практычна ў пустыя вароты – 3:0.

Чацвёртую выніковую перадачу Макрыцкі зноў зрабіў на Вышынскага на 40 хвіліне – 4:0. Перапынак.

У другой палове сустрэчы нашы прадоўжылі разгром. Але спачатку на 49 хвіліне Вышынскі не рэалізаваў пенальці, прызначаны за знос у штрафной пляцоўцы Макрыцкага. Дзмітры прабіў з кропкі і трапіў у перакладзіну.

Пяты раз мяч апынуўся ў сетцы гамяльчан на 58 хвіліне. Гол на рахунку Міхаіла Лужынскага. Сяргей Дараховіч з Вышынскім разыгралі вуглавы ўдар, пайшла перадача на Дзмітрыя Касцюка, той прапусціў мяч на Лужынскага, і Міша далёкім ударам праз рыкашэт ад абаронцы паслаў прадмет гульні ў вароты – 5:0.

На 68 хвіліне Вышынскі разлічыўся з Макрыцкім за тры галявыя перадачы. На гэты раз у контратацы ўжо Дзмітры дапамог забіць Віталю – 6:0. А на 87 хвіліне Дзмітры Вышынскі аформіў квартэт сваіх галоў у гэтай сустрэчы.

Пасля паса Радзівона Брадніцкага ён абыграў абаронцу гамяльчан і зняў мячом павуціну з дзявяткі гомельскіх варот – 7:0. Цяпер на рахунку нашага вопытнага футбаліста ў гэтым сезоне 20 забітых галоў, і ён займае другое месца ў спрэчцы бамбардзіраў. Першае месца пакуль ў нападаючага з “Клечаска” Віскушэнкі – 24 дакладныя ўдары.

У другім тайме маладзечанскія трэнеры правялі сем замен. Далі пагуляць маладым хлопцам.

Віталь Макрыцкі.

“Мы хацелі, каб усе нашы футбалісты паўдзельнічалі ў гэтым футбольным свяце і мелі да яго непасрэднае дачыненне, – кажа Віталь Казяк. – Хацелі, каб наша моладзь адчула смак перамогі, атрымала гульнявую практыку. Парадавала таксама тое, што шэсць галоў з сямі ў гульні забілі нашы ветэраны. І, у адрозненне ад папярэдняй сустрэчы з “Асіповічамі”, у нас усё ў парадку было з рэалізацыяй створаных момантаў. Плюс татальны кантроль мяча і мінімум браку ў перадачах. Нікога з каманды не буду выдзяляць. Усе згулялі здорава”.

Трэнер адзначае: цяпер галоўнае не “злавіць” эйфарыю, не палічыць сябе мацнейшымі за ўсіх. Самаўпэўненасць можа вельмі нашкодзіць.

Акрамя “Гарадзеі”, у гэтым туры аступіўся “Слуцкцукар”, згуляўшы дома ўнічыю 0:0 са шклоўскім “Спартаком”. Астатнія прадстаўнікі верхняй часткі турнірнай табліцы дабіліся перамог. “Клечаск” на сваім стадыёне разграміў “Бярозу-2010” з лікам 7:2, “Нёман” таксама з буйным лікам 4:1 перамог “Оршу”, а “Гомельчыгунтранс” мінімальна, 1:0, выйграў у “Вертыкалі” з Калінкавічаў.

Наступную сустрэчу праводзім 17 кастрычніка ў Шклове супраць мясцовага “Спартака”.

Турнірная табліца пасля 29 тураў:

1. Гарадзея             72

2. Клечаск              66

3. Слуцкцукар       66

4. Маладзечна        50

5. Нёман                 47

6. Гомельчыгунтранс     45

7. Бяроза-2010       45

8. Асіповічы             43

9. Зорка-БДУ           40

10. Спартак             38

11. Белтрансгаз      34

12. Гомель-2          33

13. Орша                32

14. Вертыкаль       29

15. Жлобін              28

16. Вігвам               28

17. Лівадзія            21

18. ДСК-2              15

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце