weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
13.10.2010 16:50 ,

Плацім грошы за непатрэбнае збожжа

Рэвізоры Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю аштрафавалі прадпрыемства “Ілаўскае” Мядзельскага раёна, яго дырэктара і бухгалтара за нерацыянальнае выкарыстоўванне ўласных грошай і крэдытаў банкаў.

Прадпрыемства аштрафаванае на 17 мільёнаў 500 тысяч рублёў, дырэктар – на 805 тысяч, галоўны бухгалтар – на 350 тысяч рублёў.

Паводле праведзенай праверкі, “Ілаўскае”, якое вырабляе віно, сокі, яблычнае павідла і чыпсы, на працягу 2008-2010 гадоў авансам пералічвала сельскагаспадарчым прадпрыемствам грошы за збожжа для вытворчасці спірту-сырцу.

Пры гэтым, па рашэнні раённых уладаў, “Ілаўскае” пералічвала столькі сродкаў, колькі было неабходна сельгаспрадпрыемствам на падрыхтоўку да пасяўной кампаніі, рамонт трактароў, закупку гаруча-змазачных матэрыялаў. Сумы пералічаных грошай не адпавядалі той колькасці збожжа, якая трэба прадпрыемству для вытворчасці спірту-сырцу. Прасцей кажучы, столькі збожжа “Ілаўскаму” проста не трэба.

Гэта непатрэбнае збожжа заставалася на складах сельгаспрадпрыемстваў на захоўванні. Але не заўсёды. Гаспадаркі нейкую яго колькасць аддавалі іншым арганізацыям за даўгі, нейкую прадавалі, нешта аддавалі на камбінат хлебапрадуктаў. З “Ілаўскім” жа абяцалі разлічыцца з новага ўраджаю.

На момант праверкі па дадзеных бухгалтарскага ўліку на прадпрыемстве “Ілаўскае” лічылася збожжа, якое быццам бы знаходзіцца на адказным захоўванні ў сельгаспрадпрыемствах у колькасці 361,1 тоны на суму 122 мільёны 300 тысяч рублёў.

А тым часам прадпрыемства спраўна выплачвала банку працэнты за крэдыты, аддадзеныя гаспадаркам. Замест таго, каб выкарыстаць узятыя крэдыты і ўласныя грошы на закупку вінаматэрыялаў і іншых сапраўды неабходных для вытворчасці рэчаў.

“Ілаўскае”, прадпрыемства дзяржаўнай формы ўласнасці, такім чынам пагаршала сваё фінансавае становішча, павялічваючы сабекошт прадукцыі, якую выпускае, страчваючы магчымы прыбытак. У гэтым нямэтавым выкарыстоўванні крэдытаў удзельнічалі такія сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, як “Будслаўскі”, “Слабадская зара”, “Зані”, “Лук’янавічы”.

Акрамя нерацыянальнага выкарыстоўвання сродкаў, рэвізоры Камітэта дзяржкантролю выявілі самавольны захоп 36 гектараў зямлі ў сельгаскааператыва “Будслаўскі” каля вёскі Палессе. На працягу некалькіх гадоў “Ілаўскае” незаконна выкарыстоўвала гэту зямлю, пасадзіўшы на ёй пладовыя дрэвы.

Пра тое, што каля Палесся раскінуўся пладовы сад, не ведалі нават ў землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службе Мядзельскага раёна. Натуральна, не плаціўся зямельны падатак. Па выніках праверкі быў налічаны зямельны падатак у суме 10,1 мільёна рублёў, а таксама пеня ў суме 920 тысяч.

Праверка паказала, што на “Ілаўскім” парушаліся тэрміны выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку работнікам прадпрыемства. Яшчэ ўстаноўлена: на прадпрыемстве праводзяцца будаўнічыя работы па капітальным рамонце тарнага склада. Пад выглядам рамонту самавольна будуецца новы тарны склад. Рашэння Мядзельскага райвыканкама на дазвол будаўніцтва няма.

Паводле прэс-рэлізу Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце