Нашчадак Агінскага на радзіме продка
Напярэдадні ён удзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі ў Гродне, прысвечанай дзейнасці князёў Агінскіх. Яе арганізавалі 8 кастрычніка кафедра гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і музей роду Агінскіх (Літва). У ёй удзельнічалі беларускія і літоўскія навукоўцы і краязнаўцы.
Супрацоўнік дзяржаўнага музея Агінскага ў Залессі Сяргей Верамейчык расказаў “РГ”: візіт Іва Залускага ў Беларусь адбыўся ў межах беларуска-літоўскага праекта, ініцыятарам якога стаў музей роду Агінскіх у Рэтавасе (Літва). У Літве ён уключаў у сябе канцэртную праграму, прэзентацыю мемуараў Агінскага ў перакладзе на літоўскую мову і кампакт-дыска Іва Залускага “Дынастыя Агінскіх”, на якім сабраныя кампазіцыі Агінскіх у выкананні калектываў розных краін.
У Беларусі нашчадак Агінскага выступіў у Гродне, дзе ў канцэртнай праграме ўдзельнічаў і актэт Маладзечанскага музычнага вучылішча. Затым у Мінску. У нядзелю, 10 кастрычніка, Іва Залускі наведаў Маладзечна, дзе таксама адбыліся канцэрт і прэзентацыя дыска.
Апошнім пунктам візіту ў Беларусь стала Залессе. Сяргей Верамейчык падарыў госцю дыск “Гукі Залесся”, прысвечаны 245-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Святлана ЦІШКО.



