weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
15.10.2010 21:33 ,

Не да свята рыхтуемся, а жыццё паляпшаем

У аўторак, 12 кастрычніка, адбылася рабочая паездка кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкама па пытаннях падрыхтоўкі Маладзечна да “Дажынак”. Прычым аб’езд пачынаўся з ускраіны. Першым аглядалі раён Залінейны.

На Лясных з’явяцца новыя дамы

Вуліца Шаранговіча для Лясных – нібы праспект. Доўжыцца яна больш за 9 кіламетраў. Але ў добрым стане з іх толькі 6. Каналізацыі тут няма наогул. Водаправод праклалі сабе толькі некаторыя жыхары.

– Напэўна, астатнім ён не патрэбны, – зрабіў здагадку Мікалай Навіцкі, намеснік загадчыка маладзечанскага водаканала. – Да нас ніхто са скаргамі не звяртаўся.

– Жывуць тут такія самыя людзі, як і ў цэнтры, – адказаў Фёдар Дамаценка, старшыня райвыканкама. – А мы не да свята рыхтуемся, а паляпшаем наша жыццё. Дарогі і інжынерныя камунікацыі – гэта крывяносныя сасуды горада.

Таму ў цэнтры Залінейнага раёна і дарогі адрамантуюць, і інжынерныя камунікацыі правядуць.

А ў сакавіку тут пачнецца будаўніцтва трох дамоў, усяго на 160 кватэр. У іх будуць засяляць жыхароў з бліжэйшых старых дамоў.

Ушу угамоняць

Маладзечанцы традыцыйна святкуюць Купалле на беразе Ушы. Але для жыхароў вуліц Капуцкага і 8 Сакавіка гэтае месца не самае радаснае. Блізкае суседства з ракой пасля снежнай зімы ператварае двары ў маленькую Венецыю.

Яшчэ ідзе выбар даты, якой будзе адзначацца Дзень горада. Адзін з варыянтаў – 6 ліпеня. Гэта дадатковая нагода навесці парадак у гэтым раёне.

Плануецца, што да “Дажынак” тут не толькі адрамантуюць каналізацыю і водаправод. Аляксандр Смалянка, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм, абяцаў, што калі будзе фінансаванне, то і праблему падтапленняў вырашаць, і вадаём пачысцяць.

Запланавана тут уладкаваць і транспартныя шляхі зносін. Вуліцы 8 Сакавіка і Капуцкага злучаць з Гарадоцкай. Атрымаецца закальцоўка, па якой паедуць аўтобусы.

Даўно стаіць пытанне аб арганізацыі зоны адпачынку на беразе Ушы. Пакуль яго вырашэнне адкладзена.

Паказальная вуліца

На вуліцы Гарадоцкай фактычна ўжо адбываецца тое, што запланавана на іншых.

З 20 кастрычніка вуліцу пачнуць перакрываць. Рамонтныя работы падзеленыя на 4 этапы, каб не ствараць жыхарам значных нязручнасцей. Цяпер тут ідуць работы не толькі з каналізацыяй, але і па рамонце дарогі.

Зараз на вуліцы пракладваюць трубы. Падрыхтаваная пляцоўка пад будынак, у якім будзе адбывацца механічная ачыстка сцёкаў агульнасплаўной каналізацыі і ліўневых сцёкаў. Да лета мясцовыя жыхары ўжо будуць карыстацца новымі камунікацыямі.

У Маладзечне з’явіцца паўкальцо

Рамонт пуцеправода стаў для Маладзечна казкай пра белага бычка. Толькі цяпер, праз два гады ад пачатку рамонту, сам пуцеправод гатовы. Цяпер пракладваюць пешаходныя дарожкі.

Да Дня дарожніка, які сёлета прыпадае на 31 кастрычніка, частку дарогі ўжо адкрыюць. Гэтай жа датай плануецца скончыць рамонт асфальтавага пакрыцця вуліцы Гарадоцкай.

У Маладзечне 152 кіламетры дарог, і толькі 90 з іх заасфальтаваныя. Дарожная праблема стаіць у горадзе асабліва востра яшчэ і таму, што шлях на Мінск ідзе праз самы цэнтр горада.

Ад вуліцы Рабочай плануецца пракласці выхад на Вялікі Гасцінец. Тады, заехаўшы з боку Мінска, можна будзе павярнуць на вуліцу Міру. І ехаць па паў­кальцы на новы выхад да Вялікага Гасцінца.

Гэта вырашыць праблему грузаперавозак у горадзе, бо заезд на праспект будзе дазволены толькі для легкавых аўтамабіляў. Другое паўкальцо ідзе праз вуліцу Лібава-Роменскую.

У парку паставяць атракцыёны

“Брадвей”, ці вуліцу Прытыцкага выкладуць брусчаткай да перакрыжавання з Лібава-Роменскай. Па суботах, нядзелях і святочных днях транспартны рух тут будзе перакрыты.

У парку з’явіцца спартыўная пляцоўка. Магчыма, да яе прыбудуюць памяшканне для пераапранання і душавыя.

Атракцыёны для парку закупяць на 5 мільярдаў. Усяго іх плануюць 10. Знойдуцца і для дарослых, і для трохгадовых дзяцей. “Вежа свабоднага падзення” будзе бачна з увахода ў парк.

Злева ад галоўнага ўвахода будзе адкрыты амфітэатр на тысячу месцаў.

Ад ідэі музычнага фантана гарадское кіраўніцтва адмовілася. На іх погляд, гэта прыгожа толькі тры месяцы на год. Затое ў нас будзе цячы рэчка з двума астраўкамі. А да астравоў пракладуць мосцікі.

Будаўніцтва Лядовага стаіць на месцы

Лядовы палац запатрабуе 90 мільярдаў рублёў. Але пакуль яшчэ не вырашана пытанне з адвозам зямлі і зносам дрэў. Упарадкаваць трэба і суседні жылы дом.

У палацы плануюць размясціць лядовую арэну, залу для гульнявых відаў спорту, басейн з элементамі аквапарку. На тэрыторыі – адкрытыя пляцоўкі для тэніса, футбола, валейбола і многае іншае.

 Зоя Хруцкая.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце