weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
15.10.2010 21:13 ,

Сорт “рагнеда” – самы ўстойлівы

Мінулае лета стала выпрабаваннем не толькі для людзей, але і для раслін. Надзвычайная спёка не спрыяла добраму ўраджаю аднаго з сімвалаў Беларусі – бульбы.

Які сорт лепш перанёс гарачыню, у інтэрв’ю “РГ” расказаў аграном першай катэгорыі па сортавыпрабаваннях Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі Андрэй Зубкевіч.

Гэтае лета было не вельмі спрыяльным для бульбы: асноўны рост раслін і завязванне клубняў прыходзіцца на ліпень, які якраз і атрымаўся надзвычай спякотным. Менавіта ў ліпені кліматолагі зафіксавалі некалькі тэмпературных рэкордаў – у гэтым месяцы 10 дзён запар стаяла спёка +30 градусаў і больш.

На сортавыпрабавальнай станцыі выпрабаванні праходзілі 14 сартоў. Найлепш перанесла лета 2010 года, калі расліны то засушвала, то залівала, бульба сорту “рагнеда”. “Напэўна, найлепш пра ўстойлівасць да розных умоў надвор’я скажа ўраджайнасць. Гэта самы яркі паказчык, які характарызуе сорт”, – адзначыў Андрэй Зубкевіч.

Паводле яго слоў, самая высокая ўраджайнасць сёлета ў “рагнеды”: агульная – 410 цэнтнераў з гектара, таварная (буйная непашкоджаная і насенная бульба) – 362 цэнтнеры з гектара. У прыватнай гаспадарцы гэта было б сем-восем мяхоў па 50 кілаграмаў з адной соткі.

“Рагнеда” – расказаў Андрэй Зубкевіч – сярэдняпозні сорт, добра захоўваецца, даволі ўстойлівы да фітафтарозу (грыбковае захворванне) і нематодаў (шкоднікі). У выпрабаваннях удзельнічае трэці год. І паказвае выдатныя вынікі. Напрыклад, таварная ўраджайнасць даўно вядомага спажыўцу “ласунка” складае каля 200 цэнтнераў з гектара. На думку, Андрэя Зубкевіча, сорт “рагнеда” сёлета раянуюць – уключаць у дзяржаўны рэестр, пасля чаго насенне змогуць набыць для пасадкі і сельскагаспадарчыя кааператывы, фермеры, і гаспадары невялікіх агародаў.

Уласнікі агародзіка ў адну-дзве соткі ўраджаю ў 350-400 ц/га, можа, і не атрымаюць: дзеля гэтага трэба і глебу падабраць добрую, не пясчаную і не забалочаную, і правілы севазвароту выконваць, і насенне мяняць рэгулярна. “Прыватны гаспадар звычайна садзіць той сорт, што ў яго ёсць, не мяняючы насенне па пяць-сем гадоў. І месца пад бульбу выбіраць яму не даводзіцца”, – адзначыў Андрэй Зубкевіч.

На сортавыпрабавальнай станцыі ўраджайнасць бульбы, па словах Андрэя Зубкевіча, ніжэйшая, чым у 2009 годзе. Але такіх сартоў, якія б зусім не вынеслі спёкі і далі 100-120 цэнтнераў з гектара, няма. “Найніжэйшая ўраджайнасць сёлета, як ні дзіўна, у “скарба” – 222 ц/га (агульная). Звычайна ў яго лепшы паказчык. Але год на год не прыходзіцца. Магчыма, нам варта ўжо мяняць насенне”, – сказаў ён.

У гаспадарках Вілейскага раёна сярэдняя ўраджайнасць бульбы сёлета склала 135 ц/га. Найлепшы ўраджай атрымалі ў “Нарачанскіх зорах” – 322 ц/га.

Па словах галоўнага агранома Вілейскага раёна Леаніда Кудзелі, 135 ц/га – гэта сярэдні паказчык. Бывала і лепш. Тым не менш сёлетні ўраджай лепшы за той, што атрымалі ў 2009 годзе.

Святлана ЦІШКО.

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце