weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
21.10.2010 17:25 ,

Спартак (Шклоў) — Маладзечна – 0:0

Капітан “Маладзечна”, паўабаронца Сяргей Дараховіч і абаронца каманды Сяргей Дрозд у нядзелю, 17 кастрычніка, у знак пратэсту супраць нявыплаты прэміяльных не паехалі ў Шклоў на гульню са “Спартаком”.

Без іх мы не здолелі выйграць.

“Спачатку на гульню не збіраліся ехаць і іншыя ветэраны, – Вышынскі, Макрыцкі, Дзіма Касцюк, – расказвае ў інтэрв’ю “РГ” Сяргей Дараховіч. – Пасля па нейкіх прычынах яны ўсё ж паехалі. Сяргей Дрозд застаўся на сваіх прынцыпах і ў Шклоў ехаць адмовіўся. Я капітан каманды, таму сказаў адразу: калі хоць адзін чалавек не паедзе, не паеду з ім і я. Аднаго не пакіну нікога. Вось так і атрымалася”.

Па словах Дараховіча, прэміяльныя грошы футбалістам кіраўніцтва аддзела спорту райвыканкама вінаватае за 11 перамог. Па 100 тысяч рублёў за кожную. Плюс – выплаты за харчаванне ў дзень гульні за 12 тураў. Па 17 тысяч 500 рублёў за тур. Такім чынам, агульная сума запазычанасці перад кожным футбалістам – 1 мільён 310 тысяч рублёў.

“Зразумей, справа тут нават не ў грашах, – кажа капітан, – справа ў адносінах да каманды. Каб нам прыйшлі і сказалі па-чалавечы: выбачайце, грошай пакуль няма. Будуць тады і тады. Мы, канешне, цярпелі б. А так напрыканцы верасня абяцалі ў пачатку кастрычніка пачаць разлічвацца. Кастрычнік заканчваецца, а ніякіх грошай мы так і не ўбачылі. Добра, было б там 100-200 тысяч запазычанасці, але зараз лік пойдзе на мільёны. І дзе гарантыя, што нам іх аддадуць?”

Карэспандэнт “РГ” у аўторак, 19 кастрычніка, звязаўся з начальнікам аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Мікалаем Шрымфам. У інтэрв’ю нашаму выданню ён паабяцаў, што да пятніцы, дня выхаду гэтага нумара газеты ў свет, пытанне па разліку з футбалістамі будзе вырашана.

“Засталіся чыста тэхнічныя пытанні. Трэба перавесці грошы з аднаго артыкула расходаў на іншы. А для гэтага неабходна рашэнне раённага фінансавага аддзела. Думаю, у пятніцу мы выплацім запазычанасці”, – сказаў Мікалай Шрымф.

Трэці бок гэтай гісторыі, трэнерскі штаб каманды, таксама пракаментаваў сітуацыю. Трэнер каманды Віталь Казяк сказаў наступнае: “Насамрэч гісторыя непрыгожая. Мы разумеем: у Дразда з Дараховічам ёсць свая праўда. Але яны не прыйшлі і не сказалі нам, што не паедуць. Размовы не было ні асабістай, ні па тэлефоне. Пра іх пратэст мы даведаліся ад іншых ветэранаў. Вышынскі, Макрыцкі і Касцюк пасля размовы з галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой усё ж вырашылі ехаць. Ну, а адсутнасць асноўных абаронцы і паўабаронцы, канешне ж, адбілася ў Шклове. І гульня гэта паказала”.

Момант гульні.

Вячаслаў Камінскі.

У адсутнасць Дразда трэнерам прыйшлося з нападзення ў абарону пераводзіць Вышынскага. Але забіць хацелася ўсё адно, і у пачатку другога тайма Дзмітры зноў выйшаў гуляць форвардам, а яго цёзка Касцюк з паўабароны адышоў назад. З такім раскладам пачаліся праблемы ў цэнтры. Па словах трэнера, не зусім складвалася ў сярэдзіне гульня ў Міхаіла Лужынскага і Прохара Новікава. Каб не дапусціць ў цэнтры анархіі, прыйшлося ўсе пазіцыі вярнуць назад, як у першым тайме.

Трэнеры палічылі, што захаваць нічыю і ўзяць у Шклове прынамсі адно ачко больш важна, чым рызыкаваць і ў выніку прапусціць у свае вароты. Што тычыцца небяспечных момантаў, то яны былі і ў адной, і другой каманды.

Двойчы з выгаднай пазіцыі не забіў наш нападаючы Аляксандр Грыхуцік. Затое ўпэўнена ў варотах адстаяў Вячаслаў Камінскі. Слава добра выбіраў пазіцыю, а мінімум у трох момантах проста выручыў сваю каманду. Гэта, зрэшты, і павінен рабіць варатар. Прыемна, што ў дзеяннях нашага галкіпера ўжо якую гульню запар адчуваецца ўпэўненасць і надзейнасць.

“Нічыя ў гэтым выпадку – заканамерны вынік. Хаця, усё ж мяркую, што з Дараховічам і Драздом мы б у Шклова выйгралі”, – падсумаваў Віталь Казяк.

Мы засталіся на чацвёртым месцы з той жа розніцай у ачках ад пятага месца, што і пасля мінулага тура. Мастоўскі “Нёман” унічыю 1:1 згуляў у Слоніме з “Белтрансгазам” і да нас не наблізіўся. Затое да “Нёмана” падабралася “Бяроза-2010”, якая дома з лікам 3:2 выйграла ў “Жлобіна”.

У наступным, 31 туры, у нядзелю, 24 кастрычніка, дома прымаем “Оршу”. Пачатак гульні – у 14 гадзін. Не спазняйцеся.

Турнірная табліца пасля 30 тураў:

1. Гарадзея         75

2. Слуцкцукар     69

3. Клечаск          67

4. Маладзечна      51

5. Нёман              48

6. Бяроза-2010      48

7. Асіповічы          46

8. Гомельчыгунтранс    45

9. Зорка-БДУ         43

10. Спартак          39

11. Белтрансгаз     35

12. Гомель-2         34

13. Орша              32

14. Вертыкаль      29

15. Вігвам            29

16. Жлобін           28

17. Лівадзія         21

18. ДСК-2           16

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце