weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
22.10.2010 17:06 ,

Амерыканскі дыпламат наведаў Маладзечна

Часовы павераны ў справах ЗША у Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан у чацвер, 21 кастрычніка, прывёз у падарунак цэнтральнай раённай бібліятэцы камп’ютары, кнігі, дыскі з фільмамі.

Галоўны бібліятэкар залы літаратуры на замежных мовах Таццяна Летунова паведаміла “РГ”, што амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва перадало для цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча 369 найменняў кніг.

Сярод іх шмат літаратуры для дзяцей і настаўнікаў, 26 кніг – па экалогіі, 9 – па мастацтве, 100 адаптаваных кніг для тых, хто вывучае англійскую мову, 122 мастацкія фільмы. Сярод падарункаў таксама доступ у Інтэрнэт на 18 месяцаў і два камп’ютары.

Майкл Скэнлан.

У дзень прыезду Майкла Скэнлана на другім паверсе бібліятэкі адкрылася выстава фотаздымкаў “Амерыка вачамі беларусаў”. Гэта сумесны праект дыпламатычнага прадстаўніцтва ЗША і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які распачаўся ў студзені 2010 года. У ім прадстаўлена больш за 70 работ беларускіх фатографаў, прафесіяналаў і аматараў.

Ад 23 чэрвеня да 5 ліпеня выстава працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы. Ад 21 кастрычніка да 11 лістапада фатаграфіі будуць экспанавацца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы Маладзечна.

Моладзь цікавіцца новымі кнігамі.

Сустрэча Майкла Скэнлана з чытачамі і супрацоўнікамі бібліятэкі, а таксама  работнікамі райвыканкама пачалася ў фае на другім паверсе ў 15 гадзін. Па словах вядучай сустрэчы, сімвалам культурных сувязяў паміж краінамі заўсёды з’яўлялася мастацтва. Таму і ў гэты дзень на сустрэчы гучала музыка беларускага і амерыканскага народаў у выкананні навучэнцаў Маладзечанскай дзіцячай музычнай школы

Узорны ансамбль “Пацешкі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Таўгеня выканаў беларускую кампазіцыю “Ручнікі”, затым узорны хор “Журавачка” пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько праспяваў амерыканскую песню Бэверлі Рос “Лоліпоп”.

Фае другога паверха бібліятэкі было цалкам запоўнена моладдзю, чытачамі бібліятэкі. Да маладых маладзечанцаў Майкл Скэнлан звярнуўся па-беларуску: “Вітаю вас!” У адказ амерыканскі дыпламат пачуў гучныя апладысменты і авацыі. Было бачна, што публіку прыемна здзівіў зварот госця па-беларуску.

Таксама па-беларуску Майкл Скэнлан падзякаваў прысутным за тое, што знайшлі магчымасць прыйсці на сустрэчу і сказаў, што яе мэта – цеснае партнёрства паміж Маладзечанскай бібліятэкай і амбасадай ЗША ў Беларусі.

Потым дыпламат перайшоў на англійскую мову, перакладчыца перакладала словы госця на беларускую. Па словах Майкла Скэнлана, выбар бібліятэкі як месца міжнародных стасункаў невыпадковы. Дыпламат спадзяецца, што менавіта праз бібліятэку, крыніцу ведаў для ўсіх пакаленняў, амерыканскі і беларускі народы могуць больш даведацца адно пра аднаго. Дзякуючы Інтэрнэту, дзякуючы кнігам, дзякуючы часопісам.

А падарункі, якія прывёз дыпламат, дапамогуць маладзечанцам пазнаёміцца з амерыканскай літаратурай і амерыканскім відэа ў арыгінале.

“Я не сумняваюся, што ўсе вы і без таго добра ведаеце англійскую мову. Зрэшты, падчас прагляду выставы я гэта праверу”, – пажартаваў Майкл Скэнлан.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццяна Шафаловіч у сваёй прамове адзначыла: нягледзячы на тое, што нашы краіны знаходзяцца на розных кантынентах, усе адлегласці пераадольвае мастацтва, музыка і слова. Але нішто не можа замяніць жывых зносін паміж людзьмі. “Таму мы вельмі ўдзячныя вам, спадар Майкл Скэнлан, за тое, што вы знайшлі час наведаць Маладзечна”, – сказала Таццяна Шафаловіч.

Перад прысутнымі выступілі таксама галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Тамара Дудзіч і дырэктар бібліятэкі Валянціна Страх. Яны таксама адзначылі значнасць візіту дыпламата і падзякавалі за падарункі.

Потым для госця правялі невялікую экскурсію па бібліятэцы, падчас якой Майкл Скэнлан стрымаў сваё слова праэкзаменаваць маладых маладзечанцаў на веданне англійскай мовы. З гэтай мэтай ён падышоў да дзяўчат, якія разглядалі фотаздымкі на выставе. Дзяўчаты не разгубіліся. Размова атрымалася. Госць застаўся задаволены.

Пасля Майкл Скэнлан даў інтэрв’ю «Рэгіянальнай газеце».

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце