weather 20° Маладзечна
weather 20° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 20° Ашмяны
weather 17° Валожын
weather 20° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4365
1 долар 2.1066
100 рас.руб. 3.221
24.10.2010 08:46 ,

Прафесійнае навучанне без рамак

Адзіная ўстанова Беларусі, у якой могуць вучыцца кіраваць аўтамабілямі катэгорыі “В” людзі з абмежаванымі магчымасцямі – Вілейскі дзяржаўны прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй.

Атрымліваюць тут адукацыю і маладыя людзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі, і звычайныя выпускнікі агульнаадукацыйных школ з сярэдняй ці базавай адукацыяй.

Вадзіцель з каляскі

Вучыцца кіраваць транспартным сродкам людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць толькі тады, калі ім гэта дазволяць дактары. Калі па медыцынскіх паказчыках чалавек можа стаць вадзіцелем, ліцэй прымае яго ў навучэнцы.

Інструктар вучыць кранацца з месца.

Усім жадаючым з гэтых груп навучэнцаў даецца інтэрнат. Выкладчыкі гавораць, што жыць у інтэрнаце нават карысна: чалавек пакідае ў баку свае хатнія клопаты, думае пераважна пра вучобу.

– Калі навучэнцы ездзяць дадому, то увесь час штосьці не паспяваюць, – тлумачыць Іван Паслед, выкладчык тэорыі правілаў дарожнага руху.– І гэта зразумела. А калі застаюцца ў інтэрнаце, то ім нічога не застаецца, хочаш не хочаш, але будзеш вучыць.

Зараз будучых вадзіцеляў сабралася ўжо дзясятая група. Тут амаль усё як у звычайнай аўташколе: вучацца тры месяцы, у класе атрымліваюць тэарэтычныя веды, а на аўтамабілях разам з інструктарам адпрацоўваюць ваджэнне. Толькі на  аўтамабілях гэтых прымацаваныя аўтазнакі “Інвалід”.

Тэарэтычныя заняткі ў групе для асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

Абмежаванне – гэта ўмоўнасць

Тое, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць многае, у ліцэі ведаюць добра. Яшчэ свежыя ўспаміны пра перамогу Ларысы Вароны, былой навучэнкі гэтай групы.

Вясной, калі дзяўчына вучылася на вадзіцеля, яна стала ўдзельніцай Параалімпіяды-2010 у Ванкуверы і заваявала два бронзавыя медалі ў лыжных гонках. Спачатку на дыстанцыі 5 кіламетраў, потым і ў эстафеце.

– Прыемна ўзгадаць, як яна прыехала з перамогай, – расказвае Станіслаў Рогач, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. – Расказвала, што на першых трэніроўках ледзь не на кожным метры падала. Але Ларыса знаходзіла ў сабе сілы і падымалася. Яна даказала і сабе, і сваім аднагрупнікам, што фізічныя абмежаванні часам можна пераадолець.

З клопатам аб прыродзе

Існуюць тут групы і для дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Яны атрымліваюць адразу дзве спецыяльнасці – агароднік і швачка. Вучні гэтых груп – тыя, хто атрымаў базавую адукацыю ў агульнаадукацыйных школах.

У залежнасці ад цяжкасці захворвання яны ці працаўладкоўваюцца па размеркаванні, ці не. Набытыя веды ў любым выпадку змогуць выкарыстаць у сваім жыцці. Тым больш, што большасць з іх  паходзіць з сельскай мясцовасці.

Сапраўднай адукацыйнай навінкай стаў для гэтых навучэнцаў факультатыў “Бяспека на зямлі”. Ліцэй ідзе ў нагу з часам, таму педагогі імкнуцца пастаянна абнаўляць вучэбны матэрыял актуальнымі ведамі.

– Плануецца, што яны будуць выкарыстоўваць гэтыя веды ці на працы, ці хаця б на ўласным агародзе, – спадзяецца Таццяна Млечка, метадыст ліцэя. – Магчыма, з дапамогай гэтага факультатыву ў хуткім часе мы будем харчавацца выключна экалагічна чыстымі прадуктамі.

Дзеці кормяць сябе самі

Здаровыя дзеці тут таксама вучацца. Хлопчыкі ў асноўным атрымліваюць спецыяльнасць вадзіцеля, слесара ці электраманцёра. Дзяўчаты выбіраюць прафесіі цырульніцы, майстра па манікюры ці швачкі.

Усё, што шыюць дзяўчаты на занятках, заказваецца прадпрыемствамі і потым прадаецца. Напрыклад, рабочыя рукавіцы ці бялізна. Атрыманыя грошы ідуць на карысць усяго ліцэя.

Дзеці таксама ўдзельнічаюць у летніх сельскагаспадарчых работах сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна. Яны дапамагаюць даглядаць розныя культуры: бульбу, збожжавыя. Бульба потым ідзе ў сталоўку ліцэя, а збожжавымі харчуюцца жывёлы. А з мяса гэтых жывёл повары гатуюць розныя стравы для навучэнцаў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце