weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
25.10.2010 12:20 ,

Хутка ў бальніцы засцелюць ложкі

Да новага года дзіцячая бальніца стане перынатальным цэнтрам другога ўзроўню. Аб гэтым расказаў у інтэрв’ю “РГ” загадчык дзіцячай бальніцы Уладзімір Шаёўка.

– Дзіцячая бальніца будзе гатова да прыёму пацыентаў да Новага года, – сказаў Уладзімір Шаёўка, але ўдакладніў: – Калі не падвядзе надвор’е.

Рамонт завяршаецца.

Яе закрылі на рамонт у ліпені 2008 года. Закрылі таму, што драўляныя перакрыцці і перагародкі былі пажаранебяспечныя, і само памяшканне яўна патрабавала рамонту.

Гэты будынак стваралі як пансіянат для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Але калі 55 гадоў таму будаўніцтва было закончанае, то вырашылі, што дзецям дапамога неабходная куды больш.

У Маладзечне дзіцячая бальніца з’явілася першай у Мінскай вобласці. І толькі пасля маладзечанскай адкрылася абласная дзіцячая бальніца і ў Мінску.

Канструкцыю бальніцы пакінулі, але ў выніку рамонту, які абышоўся ў 23 з паловай мільярды рублёў, атрымаўся зусім новы будынак. Там, дзе раней былі харчблок і малочная кухня, цяпер размяшчаюцца асобныя пакоі для сумеснага знаходжання дзяцей разам з матулямі.

Харчблок пабудавалі асобна, злучыўшы яго з асноўным памяшканнем пераходнай галерэяй. Надбудавалі трэці паверх, рыхтуюць два ліфты. Асобнымі будынкамі стаяць кіслароднае памяшканне, аддзяленне для стэрылізацыі інструментаў і інш.

Важным новаўвядзеннем загадчык бальніцы лічыць двухпавярховую міжрэгіянальную гісталагічную лабараторыю. Яна дазволіць дыягнаставаць многія захворванні на ранніх этапах. Тут жа размесцяць архіў, у якім будуць захоўваць узоры аналізаў на працягу жыцця пацыента.

У новай бальніцы размесцяцца рэанімацыя на 6 ложкаў, аддзяленні для нованароджаных і неданошаных дзяцей, педыятрычнае і хірургічнае – кожнае на 40 ложкаў.

Будуць таксама аддзяленні эндаскапіі, ультрагукавога даследавання (УГД), функцыянальнай дыягностыкі, стаматалагічнае і іншыя.

– Мы будзем абслугоўваць не толькі маладзечанскіх пацыентаў, – падкрэслівае Уладзімір Шаёўка. – Як міжраённы медыцынскі цэнтр будзем лячыць дзетак і з Вілейскага, Мядзельскага, Валожынскага раёнаў.

Усё, што будзе ў бальніцы, – новае. Ад кухоннага інвентару да бялізны. Праз Міністэрства аховы здароўя ўжо ідуць работы па закупцы абсталявання. Самага лепшага ў свеце.

Сярод астатняга – рэнтген, апарат УГД вышэйшага класа, які каштуе каля 500 мільёнаў рублёў. Лапараскапічная стойка дазволіць рабіць аперацыі без парэзаў – праз праколы.

Да надыходу халадоў плануецца скончыць усе вонкавыя работы. А за два месяцы навесці парадак у самой бальніцы, завезці абсталяванне і заслаць ложкі.

Вясной пачнуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля бальніцы. Магчыма, тут з’явіцца фантан.

Даведка “РГ”. Перынатальны цэнтр другога ўзроўню – гэта рэгіянальны цэнтр, у якім аказваецца медыцынская дапамога дзецям і матулям. Медыцынскія ўстановы першага ўзроўню – раённыя бальніцы. Другога – міжраённыя. Трэцяга – абласныя. Чацвёртага – рэспубліканскія клінікі (напрыклад, цэнтр “Маці і дзіця”).

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце