weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
25.10.2010 17:21 ,

Смаргонец Граматоўскі перамог на кросе

Выхаванец смаргонскай ДЮСШ прафсаюзаў Дзмітры Граматоўскі перамог на Чэмпіянаце і першынстве краіны па кросе. У камандным заліку першае месца заняла зборная Гродзенскай вобласці.

Дзмітры Граматоўскі (№605) са Смаргоні 23 кастрычніка ў Гродне перамог на Чэмпіянаце і першынстве Беларусі па кросе.

Спаборніцтвы адбыліся 23 кастрычніка ў Гродне. Спартсмены ў залежнасці ад узросту (пяць узроставых груп) беглі ад 2000 да 8000 метраў.

Дзмітры Граматоўскі фінішаваў першым сярод мужчын (1990 год нараджэння і старэйшыя) на дыстанцыі 4000 метраў. Яго вынік – 13 хвілін 50 секунд. Сярэбраны і бронзавы прызёры Андрэй Грэчны і Юры Капцераў саступілі яму 3 і 7 секунд адпаведна.

Займацца лёгкай атлетыкай Дзмітры Граматоўскі пачаў у Смаргоні, у Аляксандра Капцюха. Пасля школы закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Цяпер жыве і працуе ў Мінску. Трэніруецца ў Сяргея Давыдзіка.

Па выніках спаборніцтваў узнагароджаны не толькі медалём і грашовым прызам. Дырэктар смаргонскай раённай ДЮСШ прафсаюзаў Алена Барташэвіч расказала ў інтэрв’ю “РГ”: Дзмітрыя Граматоўскага прызналі лепшым спартсменам зборнай Гродзенскай вобласці і адзначылі яго грашовай прэміяй Гродзенскага аблвыканкама.

Сярод юнакоў 1995-1996 гадоў нараджэння на дыстанцыі 3000 метраў перамог Андрэй Бурдукевіч. Хлопец родам са Стаўбцоўскага раёна, але трэніраваўся ў Аляксандра Чарняўскага, які працуе ў Валожынскай ДЮСШ АФП.

З маладзечанцаў, якія мелі вялікае прадстаўніцтва ў зборнай Мінскай вобласці, найлепшы вынік паказала Таццяна Гулецкая – дзевятае месца ў бегу на 2000 метраў (дзяўчаты 1995-1996 гадоў нараджэння).

Каманда Мінскай вобласці заняла пятае месца.

Спаборніцтвы былі адным з этапаў адбору на Чэмпіянат Еўропы па кросе, які мае адбыцца ў Альбуферы (Партугалія) 12 снежня. Прадстаўнік нашага рэгіёну Дзмітры Граматоўскі на яго не паедзе. Па словах прэс-аташэ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Анастасіі Марынінай, Беларусь там будуць прадстаўляць спартсмены з Магілёўскай вобласці: юніёрка Ніна Савіна, якая на Чэмпіянаце Беларусі перамагла на дыстанцыі 4000 метраў, і Сяргей Платонаў, пераможца ў бегу на 8000 метраў сярод мужчын

Святлана ЦІШКО.

Фота www.bfla.eu.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце