weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
26.10.2010 11:39 ,

Азіяцка-літоўскі транзіт

Грамадзян Афганістана, В’етнама і Ірана незаконна сустракалі ў Беларусі і перапраўлялі праз мяжу з Літвой у Ашмянскім раёне два жыхары Мінска. За гэта адзін з іх атрымаў тры з паловай гады пазбаўлення волі, другі – тры гады зняволення.

Мытны пункт пропуску “Каменны Лог” у Ашмянскім раёне на граніцы з Літвой.

Па амністыі суд вызваліў кожнага ад пакарання тэрмінам на адзін год. У выніку 46-гадовы Васіль Краўцоў правядзе ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму два гады і шэсць месяцаў, 36-гадовы Мікалай Кабановіч – два гады. Абодва – з канфіскацыяй маёмасці.

Суд даказаў сем эпізодаў злачынстваў. У перыяд часу ад лістапада 2009 года да сакавіка 2010 года ў Літву пад выглядам бежанцаў было перапраўлена 12 грамадзян Афганістана, 10 грамадзян В’етнама і грамадзянін Ірана. Зрэшты, у шасці выпадках нелегальных мігрантаў затрымлівалі пагранічнікі. Адзін раз – літоўскія і пяць разоў – нашы ваеннаслужачыя з вайсковай часці №2044 Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Абвінавачаны Васіль Краўцоў у судзе цалкам прызнаў сваю віну. Ён расказаў: у сярэдзіне лістапада 2009 года ён знаходзіўся ў сваёй машыне “Альфа-Рамэа” на чыгуначным вакзале ў Мінску. Да яго падышоў мужчына азіяцкай знешнасці і папрасіў падвезці на вуліцу Ляшчынскага.

Васіль пагадзіўся. Па дарозе пасажыр, які назваўся Махамадам, прапанаваў мінчаніну падзарабіць. За грошы сустракаць у Мінску і перавозіць на Ашмяншчыну, у раён вёскі Каменны Лог, замежных грамадзян, якія нелегальна, без беларускіх віз, будуць пераходзіць граніцу Беларусі, каб трапіць у Еўрасаюз.

Ужо потым Краўцоў даведаецца, што Махамад – грамадзянін Афганістана, які займаецца нелегальнай перапраўкай мігрантаў з Азіі ў краіны Заходняй Еўропы.

Васіль пагадзіўся падзарабіць. Новы знаёмы патэлефанаваў менш чым праз тыдзень. Сказаў: раніцай 18 лістапада на чыгуначным вакзале ў Мінску з цягніка “Масква – Мінск” трэба сустрэць двух-трох мігрантаў і даставіць іх на вуліцу Ляшчынскага. А вечарам адтуль іх забраць і адвезці ў Ашмянскі раён, бліжэй да мяжы. На дарозе, якая вядзе на Каменны Лог, пасажыраў трэба высадзіць на перакрыжаванні, дзе стаіць драўляны крыж, і паказаць ім дарогу ў бок граніцы. За такую работу іншаземцы заплацяць беларусу 200 долараў ЗША.

Усё гэта Краўцоў дакладна выканаў. Хаця добра разумеў, што мігранты не маюць ні дакументаў, ні віз і пераходзяць мяжу нелегальна. Так Васіль атрымаў сваю першую зарплату за незаконнае дзеянне і вярнуўся ў Мінск.

У другі раз Махамад пазваніў у пачатку снежня. Афганец папрасіў завезці з Мінска да мяжы яго з сынам. Мінчанін аказаў і такую паслугу, высадзіўшы пасажыраў ў тым самым месцы, недалёка ад вёскі Біняны Ашмянскага раёна. Чарговыя 200 долараў ляглі ў кішэню перавозчыка. А Махамад папярэдзіў: калі будзе патрэба ў новай перапраўцы, ён патэлефануе. Такая патрэба з’явілася ў сярэдзіне снежня. Тады да граніцы былі перапраўленыя чатыры грамадзяніны В’етнама.

Наступныя чатыры злачынствы Васіль здзейсніў у 2010 годзе. У гэтых выпадках яму дапамагаў яго знаёмы Мікалай Кабановіч. Спачатку Кабановіч сяліў іншаземцаў, якія прыязджалі з Масквы ў Мінск раніцай, у нанятую кватэру на вуліцы Асаналіева. Там яны бавілі час да вечара, пакуль не сцямнее. Потым на сваёй “Альфа-Рамэа” Краўцоў вёз іх да мяжы. Кошт такіх паслуг для замежных грамадзян павялічыўся. Давялося яшчэ 50 долараў ЗША плаціць Кабановічу за кватэру.

У адным з выпадкаў Мікалай Кабановіч папрасіў Краўцова ўзяць яго з сабой. Той не адмовіўся. Першая сумесная паездка была ўдалай. Да мяжы даставілі чатырох грамадзян В’етнама. Падчас другой такой паездкі вечарам 12 сакавіка Васіля і Мікалая разам з мігрантамі затрымалі каля мяжы пагранічнікі.

Акрамя пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці, па грамадзянскаму іску пракуратуры Васіль Краўцоў павінен адзін выплаціць у даход дзяржавы 1 669 400 рублёў. І таксама разам з Мікалаем Кабановічам выплаціць агульную суму ў 4 586 110 рублёў. Усё гэта – грошы, незаконна атрыманыя ад нелегальных мігрантаў.

Абвінавачаныя не сталі абскарджваць прыгавор, і 18 кастрычніка ён уступіў у законную сілу.

Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота tv21.ru.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце