weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
27.10.2010 12:05 ,

Пры любым ліку расслабляцца нельга

Пасля забітых чатырох галоў у вароты саперніка футбалісты “Маладзечна” ўмеюць “злавіць эйфарыйку”. Пасля чаго прапусціць у сетку сваіх варот тры мячы і больш за паўгадзіны гуляць на нервах. Сваіх і балельшчыкаў.

Такое здарылася 24 кастрычніка ў Маладзечне на гарадскім стадыёне ў сустрэчы з “Оршай”.

Нападаючы “Маладзечна” Дзмітры Вышынскі (справа) па-гаспадарску адчуваў сябе ў штрафной пляцоўцы “Оршы”. Як вынік – чатыры галы ў вароты саперніка.

Аршанцы прыехалі ў Маладзечна са спазненнем, таму гульня пачалася не ў 14 гадзін, як планавалася, а хвілін на 15 пазней. Ці то размяцца як след перад матчам госці не паспелі, ці то гаспадары пачалі занадта рэзва, але ўжо на першай хвіліне сустрэчы Дзмітры Касцюк злева зрабіў дакладную перадачу ў штрафную пляцоўку на Аляксандра Грыхуціка, і нападаючы аформіў хуткі гол – 1:0.

Гульня атрымлівалася. Маладзечанцы адчувалі сябе не толькі гаспадарамі поля, але і гаспадарамі становішча на гэтым полі. На 26 хвіліне цэнтральны паўабаронца Ігар Нарожнік змясціўся на левы фланг атакі, атрымаў мяч і зрабіў навясны пас на далёкую штангу на Грыхуціка.

Аляксандр ніяк не змог бы дацягнуцца да гэтай перадачы. Проста таму, што мяч, пераляцеўшы варатара па паветры, парашутам апусціўся ў далёкую дзявятку варот – 2:0. Да буйнога лік давёў зноў жа Грыхуцік. Саша злева выйшаў адзін на адзін з варатаром і перакінуў мяч праз яго ў сетку – 3:0.

А на 45 хвіліне Дзмітры Вышынскі ў цэнтры штрафной літаральна праціснуўся праз абаронцаў саперніка і дакладна прабіў у правы ад варатара ніжні вугал варот – 4:0. Але гол “у раздзявальню” мы ўсё ж атрымалі. Нападаючы аршанцаў на дададзенай хвіліне ад правага кута нашай штрафной прабіў у левы ад варатара Вячаслава Камінскага вугал. Склалася ўражанне, што Слава проста не бачыў моманту ўдару з-за ўласных абаронцаў і не змог зрэагаваць на яго – 4:1. Перапынак.

“Усё ж эйфарыйку мы пасля першай паловы гульні “злавілі”, – кажа ў інтэрв’ю “РГ” трэнер “Маладзечна” Віталь Казяк. – Хаця і гол хапанулі. У перапынку мы з галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой прасілі хлопцаў уважліва паставіцца да свайго настрою на гульню. Але, падобна, да кагосьці нашы словы не дайшлі…”

Адразу пасля перапынку, на 47 хвіліне, футбаліст “Оршы” імкнуўся да мяча па правым флангу сваёй атакі. Нашы абаронцы крыху затрымаліся, але ж і аршанец яшчэ не дабег да мяча. І гэта не значыць, што Камінскі павінен быў ісці на перахоп. У выніку сапернік паспеў да мяча першым і перакінуў яго праз Вячаслава ў пустыя ўжо вароты – 4:2.

Не паспелі мы прыйсці ў сябе, як трэці гол праз тры хвіліны заляцеў у нашы вароты. У правы ад Камінскага вугал. Удар быў не вельмі складаны, і Слава мог яго дастаць. Не дастаў – 4:3.

“І тут каманда саперніка акрыяла. Мы ж – наадварот. Пачалі баяцца – распавядае Віталь Казяк. – Баяцца прапусціць чацверты гол. Страцілі кантроль гульні, пачалі фаліць, мяч рэдка даходзіў да нападаючых. Плюс гулялі супраць ветру, плюс дзівачыў бакавы арбітр, які мінімум тры разы фіксаваў у нас становішча па-за гульнёй у больш чым спрэчных сітуацыях. Добра, што нарэшце забілі. Адразу ўсё стала на свае месцы. І ўжо потым яшчэ два галы заляцелі ў вароты саперніка проста самаходам”.

На свае месцы ўсё стала на 83 хвіліне. Атрымаўшы мяч у цэнтры штрафной ад Сяргея Дараховіча, Аляксандр Грыхуцік разабраўся з двума абаронцамі, мог прабіць сам, але ўбачыў, што Вышынскі ў больш выгаднай пазіцыі. Саша не паскнарнічаў, аддаў на Дзмітрыя, і лік стаў 5:3.

На 84 хвіліне замест Грыхуціка на поле выйшаў Антон Капцюг, які праз дзве хвіліны зарабіў пенальці. Яго дакладна выканаў Вышынскі – 6:3. А на другой дададзенай да асноўнага часу гульні хвіліне ён жа ўцёк ад абаронцаў на асабістую сустрэчу з варатаром аршанцаў і паставіў канчатковую кропку ў гэтай гульні – 7:3.

“Спадзяюся, гэты матч стане для нас добрым урокам: пры любым ліку на табло расслабляцца нельга і паважаць трэба любога саперніка”, – падсумаваў Віталь Казяк.

Наступную гульню праводзім у суботу, 30 кастрычніка. Едзем у Слонім да “Белтрансгаза”.

Турнірная табліца пасля 31 тура:

  1. Гарадзея          78
  2. Слуцкцукар     72
  3. Клечаск            70
  4. Маладзечна      54
  5. Бяроза-2010    51
  6. Гомельчыгунтранс     48
  7. Нёман               48
  8. Асіповічы         46
  9. Зорка-БДУ        46
  10. Спартак            42
  11. Белтрансгаз     35
  12. Гомель-2          34
  13. Орша                32
  14. Вігвам               32
  15. Вертыкаль       29
  16. Жлобін              28
  17. Лівадзія            21
  18. ДСК-2              16

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце