weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
27.10.2010 08:47 ,

Таямніцы горада на Вяллі (+відэа)

Фільм “Горад на Вяллі” Міхаіла Петуха перамог у першым рэгіянальным свяце-конкурсе аматараў краязнаўчага кіно “Гэта МОЙ Край”.

16 кастрычніка ў Палацы культуры прадставілі дзесяць фільмаў працягласцю 20-25 хвілін аматары з розных гарадоў Беларусі.

– Я хацеў зрабіць дзіцячае кіно, – расказвае Міхаіл Петух. – Гэта ні ў якім разе не гісторыя ў коміксах. Гэта тая самая гісторыя, але расказаная “на пальцах”, каб было зразумела кожнаму.

Стужку працягласцю трынаццаць хвілін каманда рабіла больш за месяц. А пачалося ўсё з паэзіі. Вілейскі паэт Уладзімір Цынунін апрача іншага піша вершы на гістарычныя тэмы. Міхаілу Петуху яны спадабаліся, вось і нарадзілася думка гэтыя вершы візуалізаваць. А тэкст чытала Насця Лазар, вучаніца гімназіі №2. Каб пазбегнуць павучальнага тону.

Яшчэ адзін удзельнік каманды – Дзяніс Канецкі. Ён быў вадзіцелем здымачнай групы, прычым на сваім аўтамабілі. Застаўся ў камандзе нават пасля таго, як давялося машыну з балотнай гразі выцягваць.

Першыя кадры фільма – фатаграфіі Віталя Кастэнкі і Анатоля Рогача.

– Вы калі-небудзь датыкаліся да спружыны? – пытаецца рэжысёр-аматар. – Ад дотыку яна потым доўга вібрыруе. Гэтыя людзі падчас гутаркі нібы знаходзяць у суразмоўцы нейкую спружыну, якая потым усё раскачваецца. Фільм безумоўна прысвечаны ім.

Вілія – любімая рака вядомага турыста. Адзначае і яе бясспрэчную гістарычную значнасць, і надзвычайную прыгажосць. Узгадвае, што неяк бачыў Вілію, пакрытую лёдам, і што снег у маі бачыў – ля гэтай ракі. А на світанні Вілія – гэта казка.

– Зямля наша надзвычай багатая, – гаворыць Міхаіл Петух. – А багацце яе найперш у людзях. Таму і такое прысвячэнне – супергісторыку і супертурысту.

У фільме, напрыклад, паказваюцца валуны з ямкамі. Што гэта і адкуль – ніхто не ведае. На звычайных валунах зробленыя невялікія адтуліны, яўна штучнага паходжання. Знаходзяць такія нават у Скандынавіі. А на Вілейшчыне іх асабліва многа. На адным з такіх валуноў адтуліны былі выкладзеныя ў форме сузор’я Вялікай Мядзведзіцы.

– Неразгаданыя загадкі гісторыі ледзь не на кожным кроку, – адзначыў пераможца конкурсу. – Напрыклад, чаму нашы дзеці гавораць “ма” – санскрыцкае “не”? Беларуская мова наогул найбольш набліжаная да санскрыту з усіх славянскіх. Таямніц хапае, галоўнае, каб было каму іх раскрываць.

Для таго і было створанае гэта свята-конкурс – каб гледачам захацелася даведацца больш аб сваёй зямлі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота з архіва «РГ».

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце