weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
28.10.2010 11:47 ,

Майкл Скэнлан: “Маладзечна – жывы і актыўны горад”

У чацвер, 22 кастрычніка, часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Майкл Скэнлан наведаў Маладзечна. Горад, у які прыехаў першы раз, у час інтэрв’ю “Рэгіянальнай газеце” ён назваў жывым і актыўным.

– Пан часовы павераны!  Мы дзякуем за магчымасць задаць вам пытанні і спадзяёмся, што шчырыя адказы на іх будуць цікавымі для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”.

У сённяшніх міждзяржаўных адносінах Беларусі і Злучаных Штатаў больш аптымізму ці песімізму?

– Каб адказаць на ваша пытанне, самым лепшым для мяне будзе расказаць у пачатку, у чым складаецца наша палітыка. А быць аптымістычнымі ці песімістычнымі ў пытаннях адносінаў, гэта ўжо залежыць ад рашэння беларускага ўрада.

Каб зразумець нашу палітыку, трэба сфармуляваць тры асноўныя прынцыпы, тры асноўныя кампаненты. Першы і асноўны – гэта наша стаўленне да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Я маю на ўвазе права на сходы, свабоду слова, права на свабодныя выбары свайго ўрада і інш. Гэта простае матэматычнае ўраўненне лёгка рашаецца. Калі будзе паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, будзе змякчэнне санкцый.

Кампанент другі – дыялог і ўзаемадзеянне, якое базіруецца на прынцыпах, што дазволяць рухацца далей. Памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан, які прыязджаў у Беларусь у жніўні 2009 года, акрамя правоў чалавека гаварыў і аб тых сферах, у якіх магчыма развіваць супрацоўніцтва, што дазволіць рухацца наперад. 

Як вы ведаеце, у нас зараз толькі пяць дыпламатаў, таму ступень дзейнасці абмежаваная. Ваш урад у 2008 годзе запатрабаваў, каб 30 дыпламатаў пакінулі Беларусь. Нягледзячы на гэта, мы зрабілі шэраг прапаноў, якія б дазволілі прасунуць працэс ўзаемадзеяння далей. Мы збіраемся адкрыць магістарскую праграму МВА – англамоўную школу-бізнес адміністравання з еўрапейскай акрэдытацыяй;  сумесна са Шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця (SIDA) і Міжнароднай фінансавай карпарацыяй распрацавалі  Праграму развіцця сярэдняга і малога прыватнага бізнесу, якую запускаем у сярэдзіне лістапада. Мы падтрымліваем больш актыўны ўдзел недзяржаўных арганізацый у вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы, адукацыі і аховы здароўя.

Мы хацелі б рабіць больш, праводзіць больш праграм, што дазволіла б стварыць больш пазітыўнае асяроддзе, але на гэта трэба куды больш людзей. І гэта залежыць ад вашага ўрада.

І трэці кампанент. Мы ўсё робім у цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскім Саюзам. І ў ЕС, і ў Злучаных Штатаў Амерыкі аднолькавы падыход, які базіруецца на агульных прынцыпах і каштоўнасцях.

Ці з аптымізмам я гляджу на гэта? Прычыны быць аптымістам ёсць. Асабліва калі ваша кіраўніцтва вырашыць стварыць для нас адпаведныя ўмовы.

– Ці варта ўсё ж беларусам разлічваць на тое, што ў хуткім часе ўзновіць работу консульскі аддзел і, можа быць, будзе прасцей атрымліваць візы ахвотным з’ездзіць у Злучаныя Штаты. Як вы на гэту праблемы гледзіце і ці ёсць якія зрухі?

– Па-першае, я хачу папрасіць прабачэння ў вашых чытачоў і ўвогуле ва ўсіх беларусаў за нязручнасці, выкліканыя неабходнасцю ездзіць у іншыя краіны для таго, каб атрымаць візу. Ваш урад вымусіў нас скараціць штат супрацоўнікаў, мы фізічна не ў стане выконваць тыя патрабаванні па выдачы віз, якія трэба выконваць усім амерыканскім візавым аддзелам.

Цяпер магчыма запаўняць візавую анкету ў Інтэрнэце, магчыма прызначаць праз Інтэрнэт дату інтэрв’ю ў пасольствах ЗША ў іншых краінах. Спадзяёмся, гэта дазволіць беларусам мінімізаваць кошт паездкі за амерыканскай візай. Калі ваша кіраўніцтва зробіць выбар і дазволіць павялічыць колькасць супрацоўнікаў пасольства, мы з радасцю будзем выдаваць візы ў Беларусі.

– Чым вам падабаецца Маладзечна і наш рэгіён?

– У Маладзечне я першы раз, але ўжо паспеў заўважыць, што горад жывы. Дзень у ім пачаўся з наведвання музычнага вучылішча, дзе мы перадалі ў падарунак амерыканскія ноты. У гэту навучальную ўстанову разам са мной прыехаў амерыканскі выкладчык і дырыжор, які праводзіў майстар-клас з вашымі таленавітымі навучэнцамі. Выконвалі песні, якія падпадаюць пад больш шырокую катэгорыю негрыцянскіх спірычуэлс і джаза. І за сорак хвілін дзеці змаглі пераняць стыль выканання амерыканскай музыкі і зразумець, чаго дырыжор ад іх хоча. Гэта было цудоўна.

Хачу сказаць, што музычнае вучылішча пакінула вельмі добрае ўражанне. Ведаю, што гэта вядомае вучылішча, і цяпер разумею, чаму яно карыстаецца папулярнасцю.

Я таксама сустракаўся з прадстаўнікамі прыватнага малога і сярэдняга бізнесу і мяне вельмі ўразіла, калі пачуў, што Маладзечна адрозніваецца ад іншых месцаў Беларусі адносна актыўным бізнесам і творчым падыходам. І толькі сістэма, якая існуе, перашкаджае далейшаму развіццю і дэманстрацыі гэтага творчага падыходу, што было б карысна і для саміх бізнесменаў, і для грамадства.

Я таксама быў у бібліятэцы і магу сказаць, што каманда, якая там працуе, вельмі энергічная. Мы прывезлі ў падарунак  кнігі і фільмы на англійскай мове, два камп’ютары і падарылі бясплатны доступ у Інтэрнэт на 18 месяцаў. Доступ да інфармацыі патрэбны для таго, каб пабудаваць яркае будучае.

Маладзечна – актыўны, жывы горад. Я вельмі рады, што мне давялося тут правесці дзень. І я, канешне ж, вярнуся сюды.

– Да прызначэння ў Беларусь вы працавалі ў амбасадзе ЗША ва Украіне. Чым, па-вашаму, адрозніваюцца нашы краіны і народы?

– Я думаю, што ў любога народа і ў любой нацыі ёсць свае асаблівыя рысы, якія адрозніваюць іх ад усіх астатніх. І гэта тое, што робіць наш свет цудоўным. Украінцы, з якімі сустракаўся, культура, з якой пазнаёміўся, украінскія сябры, якія з’явіліся, дазволілі мне ацаніць унікальнасць украінцаў. Тое ж самае адбываецца з беларусамі. Але сістэмы розныя. І ў тым ліку палітычна-эканамічныя. Я лічу Украіну больш адкрытай для свету, для інфармацыі, для падарожжаў, для кантактаў паміж рознымі краінамі. Я бачу, што ўкраінцы маюць дакладнае разуменне таго, у якім накірунку яны жадаюць рухацца, і гэта з’яўляецца адлюстраваннем волі народа. Іх выбары даюць людзям рэальны выбар.

Цяпер ва Украіне іншае кіраўніцтва, але накіраванасць на Еўропу як захоўвалася, так і захоўваецца. Акрамя таго, там вельмі актыўная грамадзянская супольнасць. Актыўныя і разнастайныя сродкі масавай інфармацыі, малы і сярэдні бізнес. Асяроддзе адрозніваецца, і гэта ёсць адлюстраванне сістэмы.

– Ці ёсць у амерыканцаў якія-небудзь стэрэатыпы пра Беларусь і беларусаў?

– На жаль, большасць амерыканцаў не вельмі шмат ведае пра Беларусь. І таму мэта такіх праектаў, як супрацоўніцтва з бібліятэкай і музычным вучылішчам, –  даць магчымасць беларусам даведацца пра амерыканцаў, а амерыканцам – пра беларусаў.

У нас ёсць разнастайныя праграмы абмену, мы пасылаем групы розных прафесіяналаў у Злучаныя Штаты. Гэта могуць быць бібліятэкары, прадстаўнікі прыватнага малога і сярэдняга бізнесу і разнастайных сфер грамадзянскай супольнасці, студэнты, выкладчыкі, якія змогуць пасля падзяліцца сваім вопытам.

Не магу не сказаць пра выдатныя адносіны з Нацыянальнай бібліятэкай. Мы не толькі перадаём туды кнігі і амерыканскую літаратуру, мы таксама перадаём беларускую літаратуру ў амерыканскую бібліятэку кангрэса.

Звычайна роля папулярызацыі культуры і вопыту сваёй краіны за мяжой належыць дзяржаве. На жаль, ваш урад не толькі не выконвае такую ролю, але і стварае пэўныя бар’еры на гэтым шляху. У Злучаных Штатах Амерыкі знаходзілася 17 беларускіх дыпламатаў, праца якіх складалася ў тым, каб  дзяліцца інфармацыяй і расказваць аб сваёй краіне. Беларускі урад вырашыў скараціць іх колькасць да пяці, прычым зроблена гэта было выключна з мэтай прымусіць ЗША пакінуць такую ж колькасць дыпламатаў у Мінску. Гэтым самым ваш урад пазбавіў сябе магчымасці даваць амерыканцам больш інфармацыі аб Беларусі, беларусах, адукацыі, бізнесе і культуры вашай краіны.

– Ці падабаецца вам беларуская кухня?

– Люблю дранікі. Са смятанай. У Мінску, у межах горада, ёсць некалькі выдатных рэстаранаў з добрай беларускай кухняй. Усіх гасцей, што прыязджаюць да нас, я частую толькі там. Люблю суп з грыбамі, яго падаюць вельмі прыгожа, у буханцы хлеба. Умеюць у вас гатаваць і качку. Гасцей у нас бывае многа, таму каштую стравы  беларускай кухні часта.

– Дзе вы праводзіце свой вольны час?

–  Вольны час я праводжу ў межах 40-кіламетровай зоны (усміхаецца). На жаль, ваш урад устанавіў патрабаванне, згодна з якім амерыканскія дыпламаты, што працуюць у Мінску, не могуць выязджаць за яе межы, не паведаміўшы аб гэтым за 24 гадзіны падчас працоўнага тыдня. Калі б мне раніцай патэлефанавалі з Маладзечна і запрасілі ўвечары на оперу, я мусіў бы сказаць: “Прабачце, не магу”. І гэта шкада, бо я чуў, што  ў вашым невялікім горадзе ёсць свая опера. Гэта мяне вельмі ўразіла.

А ў межах Мінска я гуляю ў тэніс, катаюся на веласіпедзе, сноўбордзе. Стараюся быць актыўным і весці здаровы лад жыцця, таму што спорт для мяне – задавальненне.

Акрамя таго, я гляджу футбол па тэлебачанні. Вельмі рады, што БАТЭ гуляе ў Лізе Еўропы. І задаволены тым, што многія гульні будуць праходзіць у Мінску, таму што ездзіць у Барысаў дастаткова складана з-за абмежаванняў, пра якія я казаў.

– Вельмі ўдзячныя за тое, што вы знайшлі магчымасць і прыйшлі да нас на інтэрв’ю. Мяркую, што чытачы з цікавасцю пазнаёмяцца з ім і ў Інтэрнэце, і на старонках нашай газеты. Магчыма, мы якое-небудзь пытанне не задалі, а вы хацелі б чымсьці падзяліцца?

– Сёння ў бібліятэцы мясцовае тэлебачанне задало мне вельмі важнае пытанне. Аб выбарах. Выбары – гэта галоўная падзея для краіны. Легітымны працэс іх правядзення забяспечвае легітымнасць таму, хто на іх перамагае, незалежна ад таго, хто гэта будзе. Гэта важна для любой краіны, як унутры, так і за яе межамі.

Нядаўнія выбарчыя кампаніі, што праходзілі ў Беларусі, не былі прызнаныя АБСЕ як свабодныя і справядлівыя. Таму сёлетнія – гэта магчымасць поўнасцю адпавядаць стандартам.

Вясной 2009 года Цэнтральная выбарчая камісія пачала абмяркоўваць з БДІПЧ, палітычнымі партыямі і грамадскай супольнасцю рэформу выбарчага заканадаўства. І мы віталі гэта пачынанне, якое, на жаль, не было прадоўжана.

Нягледзячы на некаторыя змяненні, прынятае выбарчае заканадаўства  па ацэнцы Венецыянскай камісіі і АБСЕ не поўнасцю адпавядае стандартам АБСЕ і Еўропы. Але ёсць яшчэ час зрабіць пазітыўныя крокі. Кандыдаты ў прэзідэнты, уключаючы дзеючага прэзідэнта як кандыдата, вітаюць магчымасць назіральнікаў знаходзіцца ля стала і фізічна мець магчымасць назіраць за падлікам галасоў. Будзе цікава ўбачыць, ці вырашыць Цэнтральная выбарчая камісія дзейнічаць у адпаведнасці з гэтай агульнапрынятай практыкай.

Наступны момант – фарміраванне выбарчых камісій. У выбарчых камісіях павінны быць прадстаўнікі незалежных палітычных партый і недзяржаўных арганізацый.

Пасля фарміравання 155 тэрытарыяльных камісій, у якія ўвайшлі каля дзвюх тысяч чалавек, прадстаўнікі розных недзяржаўных арганізацый і палітычных партый, што ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, складаюць менш за 1%. Будзе цікава паглядзець і на фарміраванне ўчастковых камісій. І на тое, ці будуць у гэтых камісіях прадстаўнікі незалежных палітычных партый і грамадскай супольнасці .

Яшчэ адзін важны момант – роўны і бесперашкодны доступ усіх кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі, асабліва дзяржаўнага тэлебачання.

Не зусім зразумела рашэнне наконт тэледэбатаў. Іх плануецца праводзіць не ў  прамым эфіры, а ў запісе. Цэнтральная выбарчая камісія абгрунтавала гэта тым, што не ўсе кандыдаты адчуваюць сябе камфортна ў эфіры, таму запіс дазволіць прадставіць іх у лепшым выглядзе перад выбаршчыкамі. Я думаю, што выбаршчыкам важна было б аб’ектыўна ацаніць кандыдатаў, таму што, калі цябе заўтра выберуць прэзідэнтам, ты будзеш напрамую мець зносіны з людзьмі. Калі ты не можаш зрабіць гэтага сёння, дзе гарантыя, што ты зробіш гэта пасля.

І яшчэ адзін важны момант – гэта датэрміновае галасаванне. Занепакоенасць выклікае адсутнасць празрыстасці ў гэтым працэсе, у тым ліку адсутнасць празрыстых урнаў, якія сталі звычайнай практыкай для Еўропы. Хачу яшчэ раз падкрэсліць: для нас не важна, хто пераможа на выбарах пры ўмове, што будзе забяспечаны легітымны працэс іх правядзення.

Гутарылі Аляксандр МАНЦЭВІЧ і Марына СЛІЖ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце