weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 6° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 6° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
30.10.2010 08:27 ,

І чым мы не пара…

Ён гуляў у футбол, добра спяваў і іграў на баяне. Але сваю будучую жонку спаткаў не на конкурсе мастацкай самадзейнасці і не на спаборніцтвах. Упершыню Уладзімір ўбачыў Дануту ў сталовай для навучэнцаў.

Сарамлівая дзяўчына ўсё не магла зразумець, чаго з-за суседняга стала на яе так пільна пазірае малады чалавек. А гэта было каханне з першага погляду, якому ў суботу, 30 кастрычніка, споўнілася 50 гадоў.

Залатое вяселле Уладзімір і Данута Шабуні з вёскі Абадоўцы Вілейскага раёна будуць святкаваць разам са сваімі дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Канешне ж, дастануць з сямейнага альбома і вось гэты фотаздымак, зроблены ў першыя дні сямейнага жыцця. Па колькі ж ім тут? Мужу — 21. Крыху менш – жонцы. Маладыя, нявопытныя, яны яшчэ не каштавалі дарослага, самастойнага жыцця. Але былі ўпэўненыя, што змогуць прайсці яго дарогамі з годнасцю. Бо дапамагала ім у гэтым – сіла кахання.

 “У маіх бацькоў было камсамольскае вяселле, — расказвае дачка Наталля. – Распісваліся ў Мар’інай Горцы, дзе і вучыліся. Тата і мама жылі ў інтэрнаце, а незадоўга да гэтай падзеі знялі сабе пакой у прыватным доме”.

Там і адзначалі ўрачыстасць. Вяселле было добрае, шчырае і запомнілася ўсяму курсу Мар’інагорскага тэхнікума. Перш за ўсё тым, што ў гэты дзень вырашылі стаць мужам і жонкай не толькі Уладзімір і Данута, але і іх сябры. Падзею адзначалі разам. І весяліліся дзвюма групамі.

Уладзімір і Данута Шабуні з вёскі Абадоўцы Вілейскага раёна ў дзень свайго вяселля. Было яно 30 кастрычніка 1960 года.

“Мае бацькі вельмі цудоўныя і цікавыя людзі, — расказвае дачка Наталля. – Бацька, Уладзімір Шабуня, нарадзіўся на Капыльшчыне 5 кастрычніка 1939 года. Яго дзед служыў фурманам у маёнтку Рым’е ў пана Падгорскага-Акаловіча.  Таго самага пана, сын якога Леанард стаў вядомым польскім паэтам. Бабуля Міхаліна прыбірала пакоі ў пана Радзівіла ў Нясвіжы. Сярод родных і блізкіх Уладзіміра Міхайлавіча ёсць і вядомыя дактары, гісторыкі, навукоўцы. Разам з ім у Капыльскай школе №1, пасля якой ён паступіў  у Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вучылася будучая заслужаная спявачка БССР Тамара Раеўская”.

Дарэчы, ён і сам любіў музыку. Іграў на баяне, мандаліне. Радаваў сваіх аднагрупнікаў добрымі песнямі і лічыў гады, праведзеныя ў тэхнікуме, самымі шчаслівымі.

На працу маладая сям’я Шабуняў паехала разам. Уладзімір атрымаў размеркаванне ў Вілейскі раён. Пачынаў аграномам, вырас да старшыні калгаса. Нейкі час працаваў і ў Вілейскім гаркаме партыі. А жонка доўгі час шчыравала галоўным эканамістам.

У сям’і Уладзіміра і Дануты нарадзілася трое дзяцей: Наташа, Ігар і Віталь. Усё сваё жыццё і вольны час, хоць яго зусім не хапала,  бацькі аддавалі выхаванню дзяцей.  Зараз у юбіляраў яшчэ пяцёра ўнукаў і дзве праўнучкі. Гледзячы на іх, яны ўспамінаюць сваю маладосць і шчаслівыя ад таго, што “дзіцячая рука падымае іх гады, іх галоўнае багацце…” Вольнага часу зараз больш, ёсць магчымасць часцей зазірнуць у сямейны альбом. І яны гартаюць старонкі маладосці з такой асалодай, што можна па-добраму ім пазайздросціць. У іх жыцці было шмат выпрабаванняў і цяжкасцей, але гады згладзілі многае, бо ў сэрцах жыло сапраўднае каханне. Жыве яно і цяпер…

Каханне ў сэрцах Уладзіміра і Дануты Шабуняў жыве і цяпер.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Наталляй СЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце