weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4197
1 долар 2.0988
100 рас.руб. 3.2132
31.10.2010 08:10 ,

Вёсачка Варона – ты адна такая (шмат фота)

Вёска Варона – адзін з нямногіх населеных пунктаў рэгіёна, якія маюць свой гімн. Напісала яго мясцовая настаўніца Марыя Пяшко. У словы “Вёсачка Варона над зямлёй лятае, вёсачка Варона, ты адна такая”, уклаўшы і любоў, і павагу да месца, дзе працуе і жыве.

Пачуць гімн цалкам у той дзень нам так і не ўдалося. Аўтарка кудысьці паехала ці пайшла па сваіх справах. Затое даведаліся шмат цікавага з жыцця населенага пункта, які вядомы з 16 стагоддзя.

Што ў назве тваёй?

Мясцовыя людзі доўгі час лічылі, ды і цяпер лічаць, што назву вёсцы далі вароны. Гэтых птушак і сапраўды тут раней было шмат. Гнездаваліся на дрэвах, уздоўж невялікай рэчкі. А шуму колькі ад іх было, гаму! Нядаўна краязнаўца Янка Драўніцкі, які быў госцем мясцовай школы, падказаў, што назва Варона паходзіць хутчэй за ўсё ад слова “вароўна”. Што значыць ахоўваць, вартаваць. Цяпер ёсць падставы меркаваць, што заснавалі яе вартавыя. Людзі, якія ахоўвалі судны, што плылі па Віліі.

З гісторыі вёскі

Да 1517 года гэта быў маёнтак, уласнасць баярыні Марыны, удавы Войцеха Чыжэвіча. У 1546 годзе ён перайшоў яе сыну – Станіславу, які запісаў трэцюю частку маёнтка сваёй жонцы Кацярыне, а дзве часткі – непаўналетнім сынам Дабрагосту, Войцеху і Мацею.

У 1554 годзе пасля смерці Кацярыны маёнтак падзялілі яе сыны Войцех і Мацей.

Архіўныя дакументы расказваюць, што ў 19 стагоддзі маёнтак ахопліваў сем населеных пунктаў і знаходзіўся за пяць вёрст ад мястэчка Варняны. Ад 1870 года гэта было ўладанне памешчыцы Горскай. Маёнтак, якім яна валодала, складаўся з гаспадарчага дома і розных пабудоў. Пры ім яшчэ працаваў млын. А побач знаходзіўся фальварак памешчыцы Асцімскай, якая валодала тут 147 дзесяцінамі зямлі, і фальварак Кардзіса, якому належалі 82 дзесяціны зямлі.

Георгіеўскі касцёл быў пабудаваны ў першай палове 17 стагоддзя.

У 1938 годзе гэта быў фальварак на 25 двароў, у якім налічвалася 147 жыхароў. Тут ужо працавала школа. Спачатку яна была трохкласная, а пасля перарасла ў сямігодку. Аднак атрымаць такую адукацыю маглі толькі дзеці багатых бацькоў.

У 1933-1934 гадах у школе працавала пяць настаўнікаў: Ядвіга Раманоўская, Надзея Барыс, Стэфан Барыс, Надзея Жураўская, ксёндз Кардзіс.

Дом Макевічаў самы вялікі і стары ў вёсцы.

У гасцях у школьнікаў

Пра ўсё гэта нам расказвае настаўніца гісторыі і геаграфіі Варонскай школы Людміла Гродзь, якая адначасова з’яўляецца дырэктарам школьнага музея і кіраўніком гуртка “Вілія”.

Настаўніца гісторыі і геаграфіі Варонскай школы Людміла Гродзь. Яна ж і кіраўнік музея.

У невялічкім пакойчыку, пад які адведзены музей, матэрыялы і экспанаты расказваюць адначасова і пра гісторыю вёскі, і пра гісторыю школы, і пра лёс настаўнікаў, якія ў ёй працавалі. “Экспазіцыя папаўняецца кожны год, – кажа Людміла Гродзь, – дзеці прыносяць старыя фотаздымкі, дакументы, розныя прадметы побыту сваіх продкаў, якім часам нават не ведаюць прымянення. Усё гэта стараемся не проста выставіць і паказаць, але яшчэ і расказаць дзецям пра прадметы побыту нашых прабабуль”.

Варонская школа базавая. Цяпер у ёй вучыцца 79 дзяцей. Настаўнікі кажуць, што перспектыва ў навучальнай установы ёсць. Вёска расце, развіваецца, будуюцца новыя дамы, у якія засяляюцца маладыя сем’і. А дзе моладзь – там і дзеці, будучыя школьнікі.

Дзяніс Ігнатовіч вучыцца ў 9 класе. Ён удзельнік раённых алімпіяд па беларускай мове і гісторыі.

Асабіста мне ў Варонскай школе спадабалася. Невялічкая, аднапавярховая, яна напомніла тую, у якой пачынала вучыцца сама. І класы ў ёй такія ж: утульныя, светлыя. І настаўнікі прыветлівыя – бы свае.

Некалькі хвілін паразмаўлялі з дзевяцікласнікамі, якія рыхтаваліся да ўрока фізікі. Пазнаёміліся з Дзянісам Ігнатовічам, удзельнікам раённых алімпіяд па гісторыі і беларускай мове. Хлопец крыху сумеўся. Відаць, не чакаў цікавасці да сваёй персоны.

На развітанне дзевяцікласнікі, якіх 12, сфатаграфаваліся ўсім класам, за партамі. А вось пачаткоўцы ў час перапынку з задавальненнем выбеглі на вуліцу і пастроіліся на школьным ганку. Будучыня вёскі з радасцю ўсміхалася і махала журналістам рукамі.

Пакуль хадзілі школьнымі калідорамі, Людміла Гродзь расказвала пра школу. Аказваецца, яе будынак быў заснаваны ў 1932 годзе, яшчэ пры польскім часе. А фундатарамі школы былі заможныя сяляне бацька і сын Дубіцкія.

Заснавальнік школы ў вёсцы Варона Карл Дубіцкі. Партрэт бацькі перадала ў музей у 2002 годзе яго дачка – Лідзія, якая цяпер жыве ў Амерыцы.

У 1945 годзе тут ужо было 129 вучняў. У 1950 – 197. Памяшканняў не хапала, займаліся ў дзве змены. У 1967 годзе дабудавалі яшчэ пяць класаў і спартыўны зал, пазней – сталоўку.

Дубіцкія ў лёсе Вароны

У іх доме працавалі тры-чатыры парабкі, мелася свая малачарня, было шмат зямлі. Але яны былі прагрэсіўнымі людзьмі. Бацька, Марцін Дубіцкі, адправіў свайго сына Карла вучыцца ў Віленскую гімназію.

Хацелася мужчыну, каб родная старонка не была забітай ускраінай Польшчы з непісьменным цёмным насельніцтвам. Таму, падумаўшы і ўсё ўзважыўшы, ён падарыў кавалак уласнай зямлі пад будучую школу, будаўніцтвам якой заняўся яго сын Карл. Пасля таго, як яна завяршылася, Дубіцкі малодшы стаў дырэктарам Варонскай польскай школы.

Вясной 1940 года яго арыштавалі органы Савецкай улады, інкрымінаваўшы падпольную дзейнасць на карысць Польшчы. Спачатку сядзеў у Варнянах, затым перавезлі ў Астравец і адтуль – на Калыму. Са 100 тысяч палякаў, высланых туды, выжыла толькі 500 чалавек. Адзін з іх Карл Дубіцкі.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў дадзены дазвол на стварэнне польскай арміі пад кіраўніцтвам генерала Андэрса. Усе рэпрэсіраваныя палякі, у тым ліку і Карл, хлынулі туды. Праз некаторы час іх павезлі ў Персію, пазней ён ваяваў у Італіі, удзельнічаў у баях пры Монтэ-Касіна. Жонка і двое малых дзяцей былі высланыя ў Сібір, дзе працавалі на высечцы лесу. Пасля вайны сям’я апынулася ў Індыі, дзе жыла да 1947 года.

Карл Дубіцкі знайшоў іх і вывез у Англію, дзе жылі ў польскім лагеры, збудаваным для былых салдат і іх сем’яў. У 1951 годзе яны пераехалі ў ЗША. Гаспадар працаваў на сталеліцейным заводзе, праз некалькі гадоў уладкаваўся на адзін з аўтамабільных заводаў “Форда”.

Дзеці вучыліся ў школах, затым у ВНУ. Дачка і сын працягвалі справу бацькі, але ўжо ў далёкай Амерыцы.

“Карл Дубіцкі ўсё жыццё перажываў расстанне з радзімай, – расказвае кіраўнік гуртка “Вілія” Людміла Гродзь. – Тое, як з ім і з яго сям’ёй абышліся, яму заўсёды балела. Вельмі хацеў хаця б на дзень-два наведаць родную старонку, але зрабіць гэта ў той час было немагчыма”.

У 2002 годзе Варонская школа адзначала 70-годдзе. Сярод шаноўных гасцей былі амерыканка місіс Лідзія Донах’ю (дачка Карла Дубіцкага) і англічанін містэр Рычард Халявінскі (прафесар англійскага ўніверсітэта, траюрадны брат Лідзіі). “Прыехалі яны ў Варону па нашым запрашэнні, – расказвае Людміла Аляксандраўна. – Лідзія не хавала слёз пры сустрэчы з роднай зямлёй. Казала, што адчувае хваляванне і гонар за тое, што справа бацькі не прапала. У школе, заснаванай ім, ідуць заняткі. Мары аб тым, каб землякі не былі непісьменнымі, цёмнымі людзьмі – здзейсніліся”.

Госці аказалі спонсарскую дапамогу школе, наведалі магілку дзеда, таго, што даў зямлю пад школу, знайшлі месца, дзе стаяў іх дом. На месцы, дзе так ніхто і не пабудаваўся, яны сталі на калені, пацалавалі зямлю. Мясцовыя людзі ледзь стрымлівалі слёзы, гледзячы на гасцей. Яшчэ больш здзівіліся, калі яны пачалі загортваць у хустачкі прыгаршчы роднай зямлі.

Па словах Людмілы Гродзь, Лідзіі было пяць годзікаў, калі сям’ю вывозілі. Яна многае помніць. Але злосці не мае. Маўляў, час быў тады такі. Размаўляла яна з настаўнікамі і вяскоўцамі па-польску. Хаця ў школе ёсць і свой перакладчык – настаўніца англійскай мовы. А ўзяўшыся за ручку дзвярэй у школе, тады яшчэ стаялі старыя, усклікнула: “Тыя ж дзверы”. Відаць, такія калісьці стаялі і ў іх доме.

Лідзія Донах’ю цяпер каля 80-ці. Яна падтрымлівае сувязь з Варонскай школай, дасылае лісты.

Дзень сённяшні

Мясцовых людзей жыхары навакольных вёсак называюць варонскія. І кажуць, што жывуць у Вароне ў асноўным працавітыя, добрыя, душэўныя людзі. Амаль што ўсе яны працуюць на тэрыторыі свайго сельсавета. Хто ў мясцовым СВК, хто ў школе, дзіцячым садку, магазіне. Ёсць у вёсцы і Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, калгасныя майстэрні. “Хто не лянуецца працаваць, той у нас багата жыве, – заключаюць мясцовыя жанчыны. – Прыбытак жа чалавеку можа прыносіць не толькі асноўнае месца працы. Людзі гадуюць і здаюць жывёлу, вырошчваюць гародніну, прадаюць лішкі малака. Бяда толькі, што кароў год ад году меншае. Некалі ў адной Вароне было столькі, колькі цяпер у трох вёсках разам”.

Прадавец Таццяна Рогач працуе ў магазіне СВК “Пяршаі”, які адкрыўся ў Вароне ў жніўні мінулага года.

Статак і сапраўды невялікі. 63 каровы на тры населеныя пункты. Варона, Кулішкі і Сыманэлі кароў пасуць разам. Кажуць, так ім зручней.

Займаюцца людзі і агародніцтвам, вырошчваюць сады. Варонцы хваліліся, што сёлета вельмі ўрадзіла бульба, нядрэнныя буракі. А вось з капустай выйшла загвоздка. Маўляў, некапусны год, таму рэдкая гаспадыня можа пахваліцца яе ўраджаем.

“Пры пенсіі ды пры сваім агародзе жыць можна, – разважае пра сённяшняе жыццё Іван Янкойць. – У вёсцы тры магазіны. Ідзі, купляй усё, што хочаш. Не трэба ехаць у горад ні па малако, ні па смятану, ні па мяса”, Некалі яны з жонкай Лідзіяй таксама трымалі гаспадарку. Былі і свінні, і карова, якую прадалі тры гады таму. Гаспадар кажа, што цяжка стала сенаваць. Калі накасіць яшчэ так-сяк мог, то прывезці – суцэльная праблема. Цяпер па іх двары важна ходзіць толькі певень, які водзіць за сабой пяць курыц, кот ды сабака. Вось і ўся жыўнасць, якую пакінулі сабе на старасці гадоў.

Праз хату ад Івана Янкойця жыве 90-гадовая Вікторыя Макевіч, жонка першага старшыні калгаса. Хата яе самая вялікая і самая старая ў вёсцы. Канешне ж, захацелася сустрэцца з жанчынай і пагаварыць.

“Мама цяпер якраз хварэе, – сустрэла ў двары дачка жанчыны Данута Андрэева, – а я, баюся, што нічога вам цікавага не раскажу. 17 гадоў было, як пакінула Варону і паехала на работу ў Вільню. Там і жыву. Цяпер вось вымушаныя з сястрой даглядаць маці. Яна зламала нагу, пяць месяцаў, як ляжыць”.

Данута Андрэева – дачка першага старшыні калгаса Франца Макевіча.

Сыпле спорны дожджык. Гаспадыня, крыху павагаўшыся, запрашае ў хату, прапаноўвае кавы ці гарбаты. Ад пачастунку адмаўляемся, а вось гісторыю дома пачуць рады. “Яго мае бацькі купілі, – распавядае Данута. – За колькі і ў каго – сказаць не магу. Мне здаецца, што пасля былых гаспадароў яго не перабудоўвалі. Жылі сабе ды жылі. Тыя ж засталіся печкі, тая ж высачэзная столь. У доме ёсць і другі паверх, недабудаваны. Але ні рукі бацькоў, ні нашы рукі да яго не дайшлі”.

Па словах Дануты, у іх бацькоў было пяцёра дзяцей. Трое з іх жывуць у Літве, якая ад Вароны дзесьці ў пяцідзесяці кіламетрах. Адразу пасля заканчэння школы туды многія ехалі на работу. Абжываліся, выходзілі замуж і заставаліся там назаўсёды.

Асабіста яна пра сваю родную вёску не забывалася ніколі. Прыязджала на святы, на выхадныя, дапамагала бацькам па гаспадарцы. А калі таты, Франца Макевіча, не стала і маці засталася адна, сталі прыязджаць з сястрой па чарзе. На адны выхадныя яна, на другія – сястра. Віза на год каштуе для іх 150 еўра. А калі ўлічыць яшчэ страхоўку, то атрымліваецца не так ужо і танна. Але ці ж будзеш лічыць грошы, калі роднаму чалавеку патрэбная дапамога.

Жанчына кажа, што родная яе вёска ў апошнія гады мяняецца на вачах. Дабудавалі школу, паклалі асфальт, ёсць клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, растуць новыя дамы.

Падчас размовы з мясцовымі людзьмі, сваякі якіх жывуць за мяжой, пыталася: “Дзе ж ім усё ж лепш”. Розныя былі адказы. Але ўсе яны зводзіліся ў канцы да таго, сумуюць мясцовыя на чужыне. Цягне іх, асабліва на старасці гадоў, на малую радзіму. Так што, відаць, не памылілася мясцовая настаўніца, калі, складаючы гімн роднай вёсцы, напісала: “Вёсачка Варона, ты адна такая”.

Марына СЛІЖ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце